Пасведчання не "забываюць"
10.02.2011
—
Новости Общества
|
Больш клопатаў са здароўем, менш сіл і часта даволі абмежаваны даход — усё гэта датычыцца ці не кожнага чалавека ва ўзросце. Аднак статыстыка канстатуе і яшчэ адну праблему: перш-наперш менавіта пажылыя людзі рызыкуюць патрапіць у форс-мажорную сітуацыю. Таму тут тэма бяспекі — далёка не лішняя. Прычым яна з'яўляецца аднолькава актуальнай для пенсіянераў і інвалідаў як у невялікіх вёсках, так і ў буйных гарадах. Візіты толькі з папярэджаннем Крадзяжы з кватэр пажылых людзей — з'ява, на жаль, не рэдкая. І лепшым сродкам у такім выпадку будзе ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі. Аднак сама па сабе справа гэтая нятанная, таму нялішне памятаць прынамсі аб элементарных мерах перасцярогі. І ў прыватнасці — ніколі не пакідаць ключы ад кватэры ва "ўмоўленых месцах" і кожны раз перад выхадам на вуліцу зачыняць форткі. Аднак з'яўленне ў кватэры няпрошаных гасцей у час адсутнасці гаспадароў — толькі адзін з фактараў рызыкі. Ёсць і другі: як паказвае практыка, значная частка крадзяжоў адбываецца, па сутнасці, у "адкрытым доступе": часта зладзеі прыходзяць пад выглядам сацыяльных работнікаў. — Сапраўды, бываюць сітуацыі, калі супрацоўнікам упраўлення сацыяльнай абароны ці тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва неабходна прыйсці да пенсіянера ці інваліда, — распавядае намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі — начальнік аддзела па рабоце з ветэранамі, інвалідамі і пажылымі людзьмі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка. — Аднак неабходна памятаць дзве рэчы. Па-першае, напярэдадні з упраўлення ці цэнтра абавязкова патэлефануюць і паведамяць, калі канкрэтна адбудзецца падобны візіт. А па-другое, у работніка сацыяльнай службы неабходна папрасіць прад'явіць службовае пасведчанне. Прычым спасылкі на тое, што "дакумент проста забылі", тут прымацца не павінны: хадзіць без пасведчання па дамах і кватэрах нашым супрацоўнікам катэгарычна забараняецца. З газам лепш не жартаваць Аднак непрыемнасці можа прынесці і ўласныя кватэра ці дом. Крыніцы небяспекі тут вядомыя — газавае абсталяванне, сантэхніка, а таксама электраправодка. Пры гэтым не сакрэт, што іх замена ці падтрымка ў належным стане каштуе немаленькіх грошай. А з іх пошукам узнікаюць праблемы. Таму варта заўважыць: пенсіянеры і інваліды, якія атрымліваюць невялікія пенсіі і адчуваюць матэрыяльныя праблемы, могуць разлічваць на падтрымку — скажам, на адрасную сацыяльную дапамогу ці на аднаразовую дапамогу з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Акрамя таго магчымасць падтрымкі прадугледжваюць спецыяльныя праграмы ў некаторых рэгіёнах краіны. — Напрыклад, праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў горадзе Мінску на 2011—2015 гады вызначае: сталічныя інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны; непрацуючыя бацькі, жонка ці муж (пры ўмове, калі апошнія не ўзялі новы шлюб) вайскоўцаў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай або пры выкананні вайсковых абавязкаў; непрацуючыя адзінокія інваліды І і ІІ груп, а таксама непрацуючыя адзінокія пажылыя грамадзяне могуць атрымаць з гарадскога бюджэту дапамогу на правядзенне рамонтаў у кватэрах ці дамах — і ў тым ліку на газавае абсталяванне, сантэхніку, электраправодку, — распавядае Ірына Дудка. — Памер такой дапамогі ўзгаданым катэгорыям мінчан складае да 5 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Праўда, у такім выпадку неабходна зрабіць агаворку: дапамога не прадастаўляецца асобам, якім "падтрымка на рамонты" выплачвалася на працягу двух папярэдніх гадоў. Хто чуе, той менш рызыкуе Ад пажараў не застрахаваны ніхто, але не ў апошнюю чаргу ад іх церпяць якраз пажылыя людзі. І найлепшым "прэвентыўным сродкам" тут лічацца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Іх сярэдні кошт складае прыкладна 30 тысяч рублёў. Прычым зноў жа: асобныя рэгіёны прадугледжваюць, што некаторым катэгорыям пажарныя апавяшчальнікі ўстанаўліваюцца бясплатна. А пацікавіцца такой магчымасцю ёсць сэнс у райвыканкаме, гарвыканкаме ці ў адміністрацыі раёнаў гарадоў. — У прыватнасці, у Мінску аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі могуць устанаўлівацца бясплатна ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, непрацуючым бацькам, жонкам ці мужам (пры ўмове, калі жонкі ці мужы не ўзялі новы шлюб) вайскоўцаў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай або пры выкананні вайсковых абавязкаў; непрацуючым адзінокім пажылым грамадзянам і адзінокім інвалідам І-ІІ груп, — адзначае Ірына Дудка. — Плюс да таго, сёння ў сталіцы стаіць задача злучыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ўзгаданых катэгорый жыхароў сталіцы ў адну лакальную сетку з суседнімі дамамі. І логіка тут простая: калі здарыцца пажар у кватэры адзінокага пенсіянера ці інваліда, якому цяжка самастойна дайсці да тэлефона, пачуць трывожны сігнал павінны суседзі. У выніку ж шанцы папярэдзіць бяду адчувальна ўзрастуць. Заўважаць — і аб'едуць Нарэшце, асобная гаворка аб бяспецы на вуліцах. З аднаго боку, буйныя гарады маюць лепшыя тратуары, тут больш святлафораў і абсталяваных пешаходных пераходаў. Але ў той жа час нельга скідваць з рахункаў і такую акалічнасць: гарады маюць больш інтэнсіўны рух аўтатранспарту. — Большасць вуліц у гарадах маюць някепскае асвятленне, але мы заўсёды раім: ніколі не забывацца на святлоадбівальныя элементы. Каштуе флікер няшмат — 2-3 тысячы рублёў. Але менавіта такая "дробязь" можа ўратаваць жыццё. Сяргей ГРЫБ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш клопатаў са здароўем, менш сіл і часта даволі абмежаваны даход — усё гэта датычыцца ці не кожнага чалавека ва ўзросце. Аднак статыстыка канстатуе і яшчэ адну...
|
|