Калі адказнасць — у "грашовым вымярэнні". 21.by

Калі адказнасць — у "грашовым вымярэнні"

02.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Аб тым, што работнік павінен выконваць свае працоўныя абавязкі і не парушаць працоўную дысцыпліну, ведае ці не кожны. Нашмат радзей узгадваецца аб іншым: работнік абавязаны ашчадна ставіцца да маёмасці сваёй арганізацыі. Бо ў адваротным выпадку з вялікай доляй верагоднасці давядзецца несці матэрыяльную адказнасць.

Хто збірае доказы?

Для прыцягнення да матэрыяльнай адказнасці існуюць пэўныя ўмовы. Прычым усе гэтыя ўмовы павінны прысутнічаць адначасова.

— Зразумела, што для матэрыяльнай адказнасці павінен прысутнічаць сам факт урону, які быў нанесены наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў, — распавядае намеснік начальніка аддзела працы і зарплаты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Яўген Казакевіч. — Па-другое, работнік павінен здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні ці бяздзеянне. Па-трэцяе, павінна быць вызначана непасрэдная сувязь паміж гэтымі супрацьпраўнымі дзеяннямі ці бяздзеяннем і ўронам наймальніку. І, нарэшце, работнік павінен быць вінаватым у гэтым уроне.

Даказаць, што ёсць усе пералічаныя ўмовы, і ў тым ліку віну работніка, паводле агульнага правіла мусіць наймальнік. Але тут неабходная агаворка: ёсць сітуацыі, калі даказваць сваю невінаватасць павінны самі работнікі. У прыватнасці, так будзе тады, калі паміж работнікам і наймальнікам заключаны пісьмовы дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасці, калі работнік атрымаў пад справаздачу па аднаразовай даверанасці або па іншых аднаразовых дакументах маёмасць ці пэўныя матэрыяльныя каштоўнасці, калі работнік нанёс урон у стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап'янення, калі ўрон быў нанесены не пры выкананні працоўных абавязкаў.

Неасцярожнасць ці намер

Часта здараецца, што кіраўніцтва арганізацыі прапануе работніку заключыць індывідуальны пісьмовы дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасці. Або, калі пры сумесным выкананні работ размежаваць асабістую адказнасць немагчыма, прапануецца падпісаць дагавор аб калектыўнай ці брыгаднай адказнасці — у прыватнасці, такая практыка часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў гандлі, грамадскім харчаванні і будаўніцтве.

Аднак трэба мець на ўвазе, што падобныя дагаворы могуць заключацца толькі з работнікамі, якія займаюць пасады або выконваюць работы, непасрэдна звязаныя з захоўваннем, апрацоўкай, продажам, перавозкамі або выкарыстаннем у працэсе вытворчасці перададзеных ім каштоўнасцяў. І, да слова, прыкладны пералік такіх пасад і работ для магчымай індывідуальнай адказнасці вызначаны пастановай Савета Міністраў № 764 ад 26 мая 2000 года, а для адказнасці калектыўнай — пастановай Міністэрства працы № 54 ад 14 красавіка 2000 года.

Да таго ж заканадаўства вызначае: дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці ў любым выпадку забараняецца заключаць з работнікамі, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту.

— Разам з тым, трэба мець на ўвазе: пры знішчэнні ці псаванні маёмасці наймальніка да матэрыяльнай адказнасці могуць быць прыцягнуты, па сутнасці, усе работнікі, — кажа Яўген Казакевіч. — Пры гэтым, як правіла, работнікі кампенсуюць менавіта поўны ўрон. Праўда, Працоўны кодэкс, калдагавор ці калектыўнае пагадненне могуць вызначаць і некаторыя выпадкі, калі матэрыяльная адказнасць будзе абмежаванай.

Дарэчы, Працоўны кодэкс вызначае, што работнікі нясуць абмежаваную матэрыяльную адказнасць (у памеры ўрону, але не вышэйшым за памер свайго сярэдняга заробку) за псаванне ці знішчэнне па неахайнасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, гатовай прадукцыі, і ў тым ліку пры іх вытворчасці, а таксама за псаванне ці знішчэнне па неахайнасці інструментаў, вымяральных прыбораў, спецадзення і іншых прадметаў, што былі выдадзены наймальнікам для вытворчага працэсу.

Апроч таго, няпоўную матэрыяльную адказнасць (у памеры ўрону, але не вышэйшым за памер свайго трохмесячнага сярэдняга заробку) нясуць кіраўнікі арганізацый, іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў і іх намеснікі ў выпадку, калі ўрон нанесены няправільнай пастаноўкай уліку і захоўвання матэрыяльных ці грашовых каштоўнасцяў, непрыняццем неабходных мер да папярэджвання прастояў ці вытворчасці недабраякаснай прадукцыі.

— Тут вельмі важна падзяляць прычыны віны: неасцярожнасць і намер, — падкрэслівае Яўген Казакевіч. — Бо ў першым выпадку можна весці гаворку пра абмежаваную матэрыяльную адказнасць, а ў другім — пра адказнасць поўную.

Матадказнасць. Мінус прэмія

Адзін адметны момант. Паводле Працоўнага кодэкса, кампенсацыя ўрону маёмасці наймальніка здзяйсняецца незалежна ад прыцягнення вінаватага работніка да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. Пры гэтым тут заканадаўства не абмяжоўвае наймальніка і ў магчымасці выкарыстання ў адносінах да работніка і дадатковых мер матэрыяльнага ўздзеяння — такіх, як пазбаўленне прэміі ці іншых стымулюючых выплат.

Што рабіць, калі не згодны?

Непасрэдна памер урону вызначаецца судом. Прычым тут бяруцца пад увагу толькі фактычны кошт скрадзенай, сапсаванай ці знішчанай маёмасці. Памер так званай "страчанай выгады" ў разлік не прымаецца.

— Кампенсацыя работнікамі ўрону, які не перавышае сярэдні месячны заробак, можа здзяйсняцца па распараджэнні наймальніка шляхам вылікаў з зарплаты — зразумела, што да выдання такога загаду наймальнік павінен запатрабаваць ад работніка пісьмовае тлумачэнне, — зазначае Яўген Казакевіч. — Калі ж памер урону перавышае сярэдні месячны заробак, то кампенсацыя робіцца ў судовым парадку.

Неабходна падкрэсліць, што работнік мае магчымасць кампенсаваць урон добраахвотна, або, як варыянт, перадаць наймальніку раўназначную маёмасць ці адрамантаваць пашкоджаную — скажам, той жа аўтамабіль.

— Аднак калі работнік не згодзен з вылікам ці з яго памерам, то ён можа звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках, — заўважае Яўген Казакевіч. — Або ў таго ж работніка ёсць іншы шлях — звярнуцца ў суд.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб тым, што работнік павінен выконваць свае працоўныя абавязкі і не парушаць працоўную дысцыпліну, ведае ці не кожны. Нашмат радзей узгадваецца аб іншым: работнік...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика