На сонечным баку Старога Свету
23.07.2011
—
Новости Общества
|
(Заканчэнне. Пачатак у № 133.)Якое дзіва — пабачыць у міжземнаморскіх субтропіках родныя сосны, адчуць ні з чым не параўнальны пах нагрэтай на сонцы хвоі і жывіцы. Праўда, сосны пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца па форме больш падобнымі на дрэвы з афрыканскай саваны — з верхавінай у выглядзе грыба, і шышкі ў іх разы ў тры большыя за нашы, і харчуюцца імі не прывычныя нам вавёркі, а дзівосны паласаты звер з казак Біянкі — бурундук... Тут усё іншае: клімат, пейзажы, людзі... Хаця людзі не так ужо і адрозніваюцца, як аказалася на самай справе. Паста — не бульба, многа не з’ясі Едзем па горадзе Бары, тым самым, дзе ў саборы захоўваюцца мошчы святога Мікалая. Аўтобус ледзь праціскаецца: вуліца вузкая, а яшчэ і машын настаўлена на абочынах (нешта мне гэта вельмі нагадвае). Раптам — стоп! — хтосьці прыпаркаваў аўтамабіль ля кавярні крыху няроўна, і нам ужо не праехаць ніяк. Назіраем наступную карціну. Вадзіцель высоўваецца ў акно і гукае ў бок кавярні. Праз хвіліну ўсе яе наведвальнікі і афіцыянты ўжо на вуліцы, разам з вадзіцелем, бурна жэстыкулюючы, абмяркоўваюць сітуацыю (дадайце сюды звонкую італьянскую мову, і вы зразумееце, што відовішча яшчэ тое). Праз хвіліну да абмеркавання далучаюцца жыхары дома насупраць, за імі падцягваюцца іншыя суседзі. Збіраецца добры натоўп. Што цікава, гаспадара машыны, якая не дае праехаць, у ім няма. Праблема вырашаецца хутка: мужчыны дружна бяруць той “фіат”, паднімаюць яго і адносяць на тратуар. Пасля яшчэ хвілін пяць абмяркоўваюць нешта з вадзіцелем (пэўна, каго гэта ён і куды вязе) і толькі пасля гэтага мы кранаемся з месца... Тыповая карцінка для італьянскага гарадка, гавораць дасведчаныя людзі. Карцінка, якая, з папраўкамі на мясцовасць, сустракаецца і ў нашых вёсках, мястэчках, райцэнтрах, дзе людзям ёсць справа да таго, што адбываецца з тымі, хто побач, дзе шчырая цікавасць да спраў блізкага свайго яшчэ не выцеснілася абыякавасцю ў чатырох сценах перад тэлевізарам...А яшчэ італьянцы, як і беларусы, любяць добра паесці. І прадукт у іх любімы ёсць, толькі не бульба, а паста (макароны па-нашаму). Нават у самым дарагім рэстаране, дзе падаюцца ўсялякія далікатэсы, без двух відаў пасты і вячэра за вячэру не лічыцца... А пра ежу яны могуць гаварыць гадзінамі. Звоняць адзін аднаму і пасля дзяжурнага “як справы?” зусім нармальна гучыць “а чым ты сёння абедаў?”. І далей гаворка можа ісці гадзіну з падрабязным высвятленнем рэцэптаў і нюансаў прыгатавання стравы.Ну і канешне ж віно. Яно для Італіі — не алкагольны напой, яно — частка культуры і спадчыны. Таму і няма ў краіне праблемы алкагалізму: людзі ведаюць меру, валодаюць культурай спажывання. Пра гэта давялося пагаварыць з кіраўнікамі кампаніі Di Cosimo, сямейны бізнес якой прапісаўся на вінаробчым рынку Італіі з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Малодшы з сям’і, П’ер Паола, здаецца, пра віно і вінаград ведае ўсё. Ён расказаў нам шмат цікавага. Аказваецца, напрыклад, белае віно “цяжэйшае”, чым чырвонае, і італьянцы ці то па гэтай прычыне, ці то з іншых меркаванняў аддаюць перавагу менавіта яму (у адрозненне ад французаў ці іспанцаў). Дарэчы, летась італьянскае віно маркі Di Cosimo з’явілася і ў Беларусі; яго ў спецыяльных вінавозах-тэрмасах дастаўляюць на Мінскі завод вінаградных він, дзе разліваюць у бутэлькі. А яшчэ з дастаўленага з Італіі канцэнтраванага вінаграднага соку (ён цягучы, як малады мёд, і гэткага ж бурштынавага колеру) ужо ў Мінску на заводзе купажуюць паўсалодкае віно. Цяпер у палітры італьянскіх вінаў, разлітых на мінскім заводзе, з’явіцца і сухое віно. Прыдзірлівыя і вельмі акуратныя ў справе якасці італьянцы не маюць да беларускага боку ніякіх прэтэнзій і супрацоўніцтвам задаволены. Шчыра кажучы, з вуснаў кіраўніка італьянскай кампаніі, якая пастаўляе віно да папскага стала, чуць гэта было вельмі прыемна. Сапраўды, кампанія Di Cosimo — афіцыйны пастаўшчык віна для Ватыкана. Справа ў тым, што два папы рымскія былі родам з вобласці Лацыо, дзе растуць вінаграднікі Di Cosimo, і віно з родных мясцін ім было найбольш даспадобы. З той пары, расказаў сіньёр Дзі Казіма, віно марак Corte dei Papi (“Папскі суд”), Colletonno, Villa Ferrari афіцыйна пастаўляецца ў Ватыкан. Donna mia і каракаціца на вячэру У малодшага Дзі Казімы мы спрабавалі даведацца пра “ролю жанчыны ў італьянскім грамадстве”. П’ер Паола, такі гаваркі, калі справа тычылася віна, стаў вельмі нешматслоўным. Пасля ўжо нашы людзі ў Італіі патлумачылі: мужчыны, завязаныя на сямейным бізнесе, жэняцца даволі позна, прычым толькі на сваіх суайчынніцах. Бо ў краіне правы жанчыны абароненыя, можа, нават і занадта: пры разводзе, асабліва калі ёсць дзіця, ёй, нягледзячы на прычыну разводу, застаецца амаль усё, няважна, сумесная гэта маёмасць ці атрыманая мужам у спадчыну. Асцярожныя мужчыны ўсё гэта ведаюць і да жаніцьбы падыходзяць самым сур’ёзным чынам. Здараюцца, праўда, выключэнні, але вельмі рэдка.Італьянцы любяць адпачываць “на людзях”. Нават у будны дзень у шматлікіх кавярнях і рэстаранах шмат наведвальнікаў. Кухня — мясцовая, таму не вельмі дарагая, можна дазволіць сабе павячэраць. Гэта ў нас усякія каракаціцы, лангусты ды кальмары — экзотыка, а ў іх яны прама ў моры плаваюць, з берага можна лавіць. Людзі няспешна вячэраюць, размаўляюць, гуляюць па ўзбярэжжы. Здаецца, ніякіх турбот: сонечныя насельнікі сонечнай краіны....Толькі я бачыла, як гэтыя самыя людзі штодня на вінаградніках аглядаюць кожную без выключэння гронку, абіраюць папсаваныя ягады. Кожную гронку, уяўляеце? А каб, напрыклад, зразумець, ці час збіраць вінаград, трэба з усяго вінаградніку, з дакладна пазначаных квадратаў, сабраць сто ягадак, узважыць, змяшаць, выціснуць сок, памераць кіслотнасць і цукар. І так ледзь не штодня, пакуль кіслотнасць і цукар не будуць аднолькавымі, — тады настане час збору. Уяўляеце, якая карпатлівая праца?Гэта толькі на першы погляд можа падацца, што жывуць яны бесклапотным жыццём. Можа, таму такое ўражанне, што занадта многа сонца? Бо праблем у іх, як і ва ўсіх людзей, таксама хапае. Пра зямное і нябеснае У Бары, дзе ў вузенькіх вулках старога горада вельмі лёгка заблукаць (тут жа прыпомніліся прыгоды Сямёна Сямёнавіча з “Брыльянтавай рукі”), дзе традыцыйна шмат турыстаў і паломнікаў, маладзенькі гід, саромеючыся, папярэдзіў: трымайце сумкі. Аказалася, рэальную пагрозу ўяўляюць зладзеі-матацыклісты: выхапіць сумку на хаду — і шукай ветру ў полі. Нібы апраўдваючыся за суайчыннікаў, гід патлумачыў: у маладых няма работы, крызіс і тут даў аб сабе знаць. Спрабуюць выжыць хто як можа. Пра сэнс жыцця давялося пагаварыць у саборы, дзе захоўваюцца мошчы святога Мікалая, з праваслаўным бацюшкам. Сабор у прынцыпе каталіцкі, але ў крыпце, дзе ляжаць мошчы, больш, здаецца, рускамоўных паломнікаў. Даведаўшыся, што мы з Беларусі, святар сказаў дзіўныя словы: “Трымайцеся. Беражыце сябе і тое, што маеце ў душах. Бо страціць тое, што ў душы, спакусаў многа, а вярнуць — немагчыма”.Можа, варта было апынуцца так далёка ад Беларусі толькі дзеля таго, каб гэтыя словы пачуць?.. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За некалькі дзён, праведзеных у Італіі, карэспандэнт “НГ” змагла пераканацца ў тым, што ў беларусаў і насельнікаў гэтай краіны сапраўды шмат агульнага.
|
|