У Віцебску ўзбунтаваліся трыццаць таварыстваў уласнікаў. 21.by

У Віцебску ўзбунтаваліся трыццаць таварыстваў уласнікаў

10.08.2011 15:36 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Віцебску ўзбунтаваліся трыццаць таварыстваў уласнікаў


Старшыні трыццаці віцебскіх таварыстваў накіравалі калектыўны зварот міністру ЖКГ, старшыням абл- і гарвыканкамаў, кіраўніцтву Дзяржкантролю і фінаддзела Віцебскага гарвыканкама.

Яны просяць разабрацца ў сітуацыі, якая склалася з атрыманнем бюджэтных асігнаванняў за першае паўгоддзе і прыняць удзел у вырашэнні пытання па пакрыццю страт за жыллёва-камунальныя паслугі на 2011 г. "Я магла б сабраць і болей подпісаў, але ў нас занадта мала часу — наперадзе ацяпляльны сезон, — патлумачыла "НН" адна з ініцыятараў звароту Вера Котава, старшыня віцебскага таварыства ўласнікаў "Юнона". - Мы даведзеныя да адчаю — фактычна да канца года нашы супрацоўнікі павінны працаваць бясплатна".

Па яе словах, гарадскі фінаддзел у чатыры разы скараціў памер кампенсацыі на камунальныя выдаткі. 



Паводле закона, дзяржава часткова кампенсуе выдаткі на тэхнічнае абслугоўванне тэрыторыі жылых дамоў, у тым ліку і тых, што не абслугоўваюцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Да такіх адносяцца і таварыствы ўласнікаў. Летась памер кампенсацыі складаў 5550 рублёў на 1 кв.м плошчы дома, што ацяпляецца. Гэтыя нарматывы даводзяцца кіраўнікам таварыстваў перад пачаткам фінансавага года. Сёлета віцебскія таварыствы даведаліся пра памер кампенсацыі на 2011 год толькі ў сярэдзіне ліпеня. Паводле слоў Веры Котавай, таварыства атрымала з фінаддзела ліст, у якім гаворыцца, што сёлета кампенсацыя складзе 1000 рублёў.

Яна кажа, што калі гэтая лічба будзе канчаткова зацверджаная, яе арганізацыя, як і астатнія 120 віцебскіх таварыстваў, паўстане перад неабходнасцю звальнення персаналу. 

"У нас тут цэлы штат працуе — ад бухгалтара да дворніка". Не ведаючы памераў нарматыву, таварыства разлічвала выдаткі згодна са старым тарыфам, улічыўшы рост інфляцыі. Цяпер няясна, хто кампенсуе гэтую розніцу. А таксама, як з такімі цэнамі і кампенсацыяй падтрымліваць дом і прылеглую тэрыторыю ў парадку, як таго патрабуе жыллёвы кодэкс.

Старшыня "Юноны" кажа, што ў доме таварыства жывуць далёка не багатыя людзі. 

"У нас няма кансьержаў з ахоўнікамі, агароджаных парковак і відэакамер. Тут жывуць малазабяспечаныя сем’і, якія набывалі кватэры па льготных крэдытах", — расказвае яна. Калі фінаддзел не перагледзіць памер кампенсацыі, камунальныя выдаткі аўтаматычна лягуць на плечы жыхароў. "Як патлумачыць, чаму яны мусяць плаціць гэтыя грошы, калі ў суседнім доме, які абслугоўвае ЖЭС, ніхто нічога не плаціць?" — пытае Вера Котава і апелюе да 22-га артыкула Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам, маюць аднолькавыя правы на абарону сваіх інтарэсаў. Яна прапануе параўнаць не толькі з суседнімі дамамі, але і з іншымі гарадамі. "Па нашых звестках, у Віцебскім раёне памер кампенсацыі складае 7200 рублёў, у Мінску 8800, а ў Пінску дзейнічае дыферэнцыйны падыход — памер кампенсацыі залежыць ад узросту дома: чым ён старэйшы, тым большы нарматыў".

Старшыню таварыства абурае стаўленне да іх праблемы з боку гарадскіх уладаў. "Як якую дэлегацыю прывезці, дык адразу да нас, бо тут заўсёды прыбрана, акуратна, прыгожа. А як пачалі высвятляць, чаму нам скарацілі выплаты, то адразу прыгразілі наслаць на нас праверкі".

Начальнік фінансавага ўпраўлення Віцебскага гарвыканкама Яўгенія Бардушка паведаміла карэспандэнту "НН", што ліст ад старшыняў таварыстваў яны атрымалі і ўжо падрыхтавалі адказ. Яна патлумачыла, што нарматыў па кампенсацыі выдаткаў на тэхабслугоўванне фармуецца згодна заканадаўства, палажэнняў Жыллёвага кодэкса і ў адпаведнасці з магчымасцямі бюджэту.

"У гэтым годзе ён складзе 1000 рублёў", — падкрэсліла чыноўніца. Па яе словах, гарвыканкам цалкам кампенсуе выдаткі на абслугоўванне ліфтаў. "Вы зразумейце, што жыллёвы фонд таварыстваў у большасці выпадкаў новы, а вось ў падпарадкаванні камунальнай гаспадаркі трапляюцца дамы, якім за 40 год. Адпаведна, выдаткі на абслугоўванне новых дамоў і старых будуць розныя". Яўгенія Іванаўна падкрэсліла таксама, што ў камунальных арганізацыях доля заробкаў у фондах складае да 52%, а ў таварыствах да 68%. 

*** 
Таварыства ўласнікаў — некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўласнікаў памяшканняў у шматкватэрным жылым доме. Ствараецца з мэтай сумеснага кіравання жылым комплексам, забеспячэння яго эксплуатацыі. Перавага падобных арганізацый у тым, што ўдзельнікі таварыстваў самастойна фармуюць супольны бюджэт на рамонт дома і ўтрыманне прылеглай тэрыторыі. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыні трыццаці віцебскіх таварыстваў накіравалі калектыўны зварот міністру ЖКГ, старшыням абл- і гарвыканкамаў, кіраўніцтву Дзяржкантролю і фінаддзела...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика