Беларускі "Оскар" — дзяўчына па імені "Паўлінка". 21.by

Беларускі "Оскар" — дзяўчына па імені "Паўлінка"

12.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пяць прычын атрымаць яе аказалася ў спектакля "Не мой" Купалаўскага тэатра

У гонар нованароджанай "Паўлінкі" адбыўся баль пад назвай "Нацыянальная тэатральная прэмія". Ох, як нашаму бамонду патрэбныя падобныя цырымоніі! І чырвоныя дарожкі, па якіх могуць пашпацыраваць прыгажуні з беларускіх тэатраў, дзе публіка можа павітаць тых, хто стварае тэатр, і паглядзець, наколькі ім пасуюць фракі, смокінгі, урачыстыя ансамблі, вечаровыя сукенкі з шыкоўнымі вынаходлівымі аксесуарамі. І часам нават не трэба блішчэць дыяментамі, бо найбольш цікавіць сама асоба. А асобы з беларускіх тэатраў, як высветлілася, умеюць сябе падаць нават з'яўляючыся вельмі сціплымі людзьмі. Магчыма, з-за сціпласці многія аддалі перавагу класічным чорным сукенкам, але нават гэты чорны быў розны: лёгкі струменісты, як у актрыс Аксаны Лясной і Валянціны Гарцуевай, чорны з бляскам — як у Ларысы Герцавай і Веранікі Пляшкевіч, чорны вэлюмны — як у Зоі Белахвосцік, чорны з яркім акцэнтам — як у Таццяны Мархель і Наталлі Рудневай... Футравыя манто і гаржэткі з якой такой нагоды апранаць "у людзі"? Але як файна шаўковая зялёная сукенка спалучаецца з чорным футрам, можна было пабачыць на актрысе і тэлевядучай Веры Паляковай, а драматург Дзіяна Балыка здавалася дзіўна закрытай у доўгай чорнай сукенцы з белым футрам паверх яе. Але ведаеце, нашы зоркі тэатра ўмеюць быць стыльнымі і насіць гламурна нават звычайную вопратку — калі абаяльнасць ёсць, то яе не схаваеш ні на сцэне, ні ў зале, калі артысты, рэжысёры, мастакі і кампазітары самі становяцца гледачамі.

Пастановачная група спектакля "Набука".

Чакалі гэтай цырымоніі не толькі тыя, хто трапіў у намінанты, але і ўвесь тэатральны свет Беларусі: варта пачаць, каб прэмія жыла далей, і тады ў кожнага, хто стварае тэатр, можа з'явіцца шанц яе атрымаць. Зрэшты, у асоб тэатра дагэтуль існавала прэмія, заснаваная Саюзам тэатральных дзеячаў — "крышталёвая Паўлінка". Але яна была больш цэхавая. Цяпер — на ўсю краіну, ад імя дзяржавы. "крышталёвая Паўлінка" стала добрым падмуркам для арганізацыі Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Але бронзавая "Паўлінка" ніякім чынам не перашкаджае жыццю крышталёвай, патлумачыў старшыня СТД Аляксей Дудараў, таму што ў кожнай з іх — свая задача.

Імёны першых уладальнікаў "Паўлінкі" застануцца ў асаблівай пашане. Тым больш што тут адбылася, на мой погляд, сапраўды гістарычная перамога: як гэта здараецца ў кіно на іх амерыканскім "Оскары", у нас можна атрымаць некалькі беларускіх тэатральных "Паўлінак" за адзін спектакль.

Прычына першая:

нацыянальнае

У нас статус нацыянальнага маюць чатыры тэатры, але што ні кажыце, сімвалам нацыянальнага тэатра застаецца тэатр імя Янкі Купалы. Сёлета ён стаў пераможцам у намінацыі "За лепшую пастаноўку па творах беларускіх аўтараў". Гэтая намінацыя была адзначана першай, і гэта зразумела: беларуская драматургія павінна з'яўляцца тым падмуркам, на якім трымаецца тэатр у краіне. Беларуская тэма, беларуская гісторыя, беларускі боль. "Не мой" — гэта інсцэніроўка аповесці Алеся Адамовіча "Нямко", якую зрабілі Алена Калюнова і Аляксандр Гарцуеў. Нездарма Гарцуеў, які ўзяўся паставіць твор у якасці рэжысёра, сапраўдным яго "бацькам" назваў пісьменніка, які ўзняў тэму прымірэння паміж двума народамі — беларускім і нямецкім. Гэта ўсё яшчэ для нас актуальна...

Прычына другая:

мастацкае

Мастацкае ўвасабленне гэтага твора на тэатральнай сцэне здавалася неверагодным: як паказаць жах спаленай вёскі? Гэта ж не кіно, дзе сапраўды можна спаліць бутафорскія дэкарацыі. Для таго, каб глядач паверыў у гэтую гісторыю, успрымаў натуральна герояў і абставіны, у якіх яны існуюць, ёсць мастакі. У гэтым спектаклі мастакі прапанавалі выдатнае рашэнне, вельмі эфектнае і эфектыўнае, якое дазваляе гледачу паверыць, што ўсё адбываецца перад яго вачамі. Гэтая праца няпроста далася мастаку Барысу Герлавану, але ён аказаўся ў творчым спаборніцтве на вышыні, разам з аўтарам касцюмаў Аленай Ігрушай. Шаноўная тэатральная акадэмія, якая вызначала пераможцаў, аддала перавагу мастацкаму ўвасабленню гэтага спектакля нават перад "наварочанай" па дэкарацыях і тэхнічных магчымасцях операй "Набука". Добра тады, калі тэхніка не проста "працуе", а ўдала працуе на ідэю.

Прычына трэцяя:

музычнае

Таксама, як і музыка. Музыку да спектакля "Не мой" ствараў кампазітар Алег Хадоска. І адпаведна — атрымаў узнагароду за лепшае музычнае афармленне. Музыка ў драматычным ці лялечным спектаклі можа быць дадатковай нябачнай дзеючай асобай. Натуральна, што такая намінацыя з'явілася.

Актрыса Вера Палякова на чырвоным дыванку.

Але неяк дзіўна вось што: у яе ж не ўпішаш оперны ці балетны спектакль альбо пастаноўку музычнага тэатра. Бо не ўключыш жа ў музычнае спаборніцтва Вердзі ці Кальмана. Але асобнай намінацыі для музычных тэатраў пакуль няма. Для гэтага ёсць тлумачэнне: у нас гэтых тэатраў мала. Сапраўды. Аднак у двух тэатрах за год бывае некалькі прэм'ер, што ўжо падстава выяўляць лепшы музычны спектакль. Калі не праз асобную намінацыю, то хоць бы спецпрызам. Раўняць іх з драматычнымі не зусім карэктна.

Прычына чацвёртая:

гендарнае

Як, у прынцыпе, і лялечныя тэатры ставіць у агульны шэраг. Вось як, напрыклад, у такім тэатры выяўляць лепшых выканаўцаў мужчынскай і жаночай ролі, калі ў гэтых пастаноўках рэальных выканаўцаў не заўсёды і бачна на сцэне? Праца такіх артыстаў спецыфічная. Але такі тэатр ёсць! Гэта замацавала першая тэатральная прэмія Беларусі, адзначыўшы рэжысёрскую працу Аляксея Ляляўскага ў спектаклі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек "Драй швэстэрн" паводле чэхаўскіх "Трох сёстраў". Праца рэжысёра — складаная і адказная: адзін чалавек прыдумляе ўвесь спектакль. І, магчыма, па традыцыі лічыцца мужчынскай. Ну нездарма ж прадстаўляць гэтую намінацыю выйшлі адразу тры рэжысёры. Няўжо ніводнай калегі-жанчыны не знайшлося? І прыз уручаў Луцэнка. Але нельга сказаць, што ў беларускай рэжысуры выключна мужчынскі твар. У гэтай намінацыі жанчыны былі прадстаўлены. І ёсць у нашых тэатрах жанчыны з моцным рэжысёрскім характарам, якія ажыццявілі яркія пастаноўкі — тут можна назваць Сусану Цырук, Кацярыну Аверкаву. Не заўсёды мужчыны гатовыя прызнаць, што жанчына можа даць ім фору і паспяхова працаваць што рэжысёрам драматычнага тэатра, што ў оперы...

Зацікаўлены глядач Павел ЛАТУШКА.

Гэта я ў тым ліку і пра тое, што сёлетняя сістэма вылучэння на Нацыянальную тэатральную прэмію недасканалая і пакідае даволі вялікую шчыліну суб'ектывізму, калі перавагу можа мець той, хто галоўны. Хоць трэба прызнаць, што свет тэатра наогул існуе ў прасторы суб'ектыўнага ўспрымання. Таму такое вялікае журы — цэлая акадэмія. І ўявіце сабе, як было выявіць лепшых акцёраў сярод тых, хто ўдзельнічаў ва ўсіх намінаваных спектаклях?!

Святлана Анікей, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, не пашкадавала, што надзела прыгожую сукенку: роля Паліны ў спектаклі "Не мой" прынесла ёй "Паўлінку". Павел Харланчук — таксама "купалавец". Але ўзнагароду атрымаў за ролю ў спектаклі "№ 13" паводле Р. Куні ў Тэатры кінаакцёра. Не чакаў — прыйшоў у джынсах.

Прычына пятая:

уганараванае

Так і хочацца напісаць: глядзіце ў тэатрах краіны. Што б ні сказала журы, у кожнага гледача можа быць свой погляд на тэатр, сваё ўяўленне пра лепшы спектакль, свая прыхільнасць да пэўных жанраў. Магчыма, таму, што тэатры бываюць розныя, у нас атрымалася два пераможцы ў самай галоўнай намінацыі: лепшы спектакль. Драматычная гісторыя нянашага "нямога" хлопца ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева супраць музычнай гісторыі магутнага цара "Набука", прыдуманая Вердзі і пастаўленая Міхаілам Панджавідзэ. Опера і драма. Нельга параўноўваць. Нельга выбраць лепшага. І нельга не адзначыць — для гэтага ёсць шмат прычын... Таму іх два.

Але насамрэч іх значна больш — спектакляў, якія трэба паглядзець, якія даюць падставы радавацца, што ў нашым тэатры ёсць пошукі і думкі, ёсць жыццё.

Жыццёвае

Жывы тэатр запатрабаваны гледачом. Тэатру, у якім ёсць рух і ў якога ёсць глядач, можна прысвяціць усё жыццё. У гісторыі беларускага тэатра было шмат асоб, якія яго стваралі, якімі мы ганарымся, якіх памятаем. Ёсць асобы, жыццё і творчасць якіх — прыклад для сённяшняй тэатральнай моладзі. Таму Міністэрства культуры заснавала прэмію "За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва". І тут наша "Паўлінка" пабіла славуты "Оскар": у нас сёлета ўручылі адразу чатыры статуэткі! З рук міністра культуры Паўла Латушкі іх атрымалі народныя артысты Беларусі і нават СССР. Расціслаў Янкоўскі і Генадзь Аўсяннікаў праславілі драматычны тэатр Беларусі. Валянцін Елізар'еў ўзняў да сусветнага ўзроўню беларускі балет. Оперная спявачка Тамара Ніжнікава праехала шмат гарадоў, маючы траіх дзяцей і хворую маму на руках — яна жыла сцэнай. Атрымліваючы сваю "Паўлінку", яна падкрэсліла: "Усё жыццё служыла і служу роднай Беларусі".

Ларыса ЦІМОШЫК. фота БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пяць прычын атрымаць яе аказалася ў спектакля "Не мой" Купалаўскага тэатра У гонар нованароджанай "Паўлінкі" адбыўся баль пад назвай "Нацыянальная...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика