За акіян з пустымі кішэнямі - Частка 1. 21.by

За акіян з пустымі кішэнямі - Частка 1

28.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская пара праехала аўтастопам праз самы "крымінагенны" горад свету

Яны прыляцелі ў Нью-Ёрк, а скончылі сваю творчую экспедыцыю на Вогненнай Зямлі. Далей — ужо толькі пінгвіны.

Беларуская сямейная пара спакавала заплечнікі і выправілася аўтастопам па ЗША і Лацінскай Амерыцы.

Яны праехалі і прайшлі каля 30 тысяч кіламетраў. Без квіткоў і не валодаючы мясцовымі мовамі.

Як гэта магчыма?

Беларускія вандроўнікі распавялі пра свае лацінаамерыканскія прыгоды "Звяздзе".

<І>Яе завуць Жэня Манцэвіч, а яго — Верасень. Незвычайныя людзі з незвычайным падыходам да жыцця. Такім, што слухаеш, разявіўшы рот.

У мінскай кватэры, утульнай і арыгінальнай, Верасень заварвае для мяне аргенцінскае матэ. Падае напой у спецыфічнай пасудзіне (калабасе), прапаноўвае піць праз металічную трубачку (бамбілью).

Жэня (<І>справа ) і Верасень (па цэнтры) едуць у пікапе па Лацінскай Амерыцы.

Жонка Жэня (пара распісалася ў Нью-Ёрку падчас вандроўкі) некалі скончыла журфак БДУ. Верасень (па пашпарце Уладзіслаў Юркоў) — геолаг.

— Гэта была арт-экспедыцыя. Патрэбна было прайсціся з табурэткай, звычайнай, з кухні, да краю свету — на Вогненную Зямлю, — разважліва кажа Верасень.

— Са звычайнай драўлянай табурэткай?

— Так, з такой, якая ў многіх стаіць на кухні. Перад вылетам табурэтку ачысцілі ад фарбы, пакрылі лакам. Ляцела яна ў багажы і добра пацёрлася. Табурэтцы было 40-50 гадоў, яна стаяла на адной гомельскай кухні. А дзяўчынка, якой табурэтка належала, далей за Нью-Ёрк у выніку не паехала.

— Атрымліваецца, пачалі вы з ЗША. Туды ж яшчэ трэба даляцець...

— У матэрыяльным плане выязджалі мы з нулём, ды і вярнуліся з нулём. Першапачаткова, праўда, патрацілі грошы на візы. На гэта пайшла адна месяцовая беларуская зарплата на той час, альбо дзве. Мы зрабілі візы і набылі квіткі да Нью-Ёрка. На гэтым нашы грошы скончыліся. З Кіева квіткі можна набыць па 245-300 долараў у адзін бок. Ёсць даволі танныя самалёты — "Аэрафлот" танна лятае.

— І што, візы вось так проста далі? Я чуў, што гэта цэлая праблема.

— Не, з першага разу мне амерыканскую візу ў Маскве не далі. Я тады не размаўляў па-англійску, мужчына ў акенцы нешта спытаўся, але я яго не зразумеў. І мне выпісалі паперку, дзе было пазначана, што яны не ўпэўнены, што я вярнуся назад. Усяго я прастаяў каля акенца секунд сорак.

Другім разам, у Кіеве, мы патлумачылі, што збіраемся ехаць з творчай экспедыцыяй. І нам далі візы. Каштавала гэта для беларуса 230 долараў. Тэрмін знаходжання ў ЗША — да аднаго года.

Прыляцелі. У Нью-Ёрку мы прабылі два з паловай месяцы і спрабавалі знайсці грошы. Жэня, мая жонка, іграла на скрыпцы на вуліцах. Я падпрацоўваў на будоўлі (знайсці працу дапамагалі знаёмыя). У Нью-Ёрку кожны беларус зможа знайсці знаёмага. Гэта самае вялікае ў ЗША пасяленне народаў з былога СССР. Вельмі шмат беларусаў.

— Вы сябе бяспечна адчувалі? Па тэлевізары рознае перадаюць...

— Мы жылі ў "чорным" раёне. Калі я вяртаўся дадому з працы, то часта быў адзіны белы чалавек у метро. Спачатку мне было неяк страшна. Але, як аказалася, Нью-Ёрк — даволі бяспечны горад.

Жылі мы ў сяброў, бо калі б здымалі кватэру, то далей бы нікуды паехаць не змаглі.

— Колькі ўдалося зарабіць?

— Тысячы дзве-тры, нешта такое. І трэба было ехаць далей. У нас была табурэтка, яе трэба было занесці на канец зямлі, і мы накіраваліся на Поўдзень. Спачатку — у Філадэльфію.

"У ЗША нас два разы забірала паліцыя, вывозіла на іншую дарогу"

Ехалі толькі аўтастопам. Падбіраюць зазвычай харошыя людзі, якія не баяцца іншых. На поўначы ЗША гэта даволі складана. Можа быць, таму, што людзі зашмат глядзяць тэлевізар, а там паказваюць тэрарыстаў. Чым далей мы ехалі на поўдзень, тым было лепш і лепш.

— А я часам еду, і мяне "ламае" браць чалавека ў машыну. Вазьмі — і зрабі сабе няўтульнасць, думай, як з ім размаўляць. Я жлоб?

— Гэта такая цікавая тэма. Вось глядзі. Мы ехалі, напрыклад, з кропкі А ў кропку Б, на Вогненную Зямлю. Нам гэта было патрэбна. Але людзі, якія спыняліся, таксама ад нас нешта атрымлівалі. Мы ім спявалі песні. Калі справа заходзіла далей за аўтастоп і яны запрашалі нас да сябе, то мы гатавалі нейкія нацыянальныя беларускія стравы. Людзі, якія нас падвозілі, я думаю, засталіся задаволенымі.

Такім чынам, з Філадэльфіі мы даехалі да Вашынгтона і потым накіраваліся далей на поўдзень...

— А што вы елі, калі вас ў госці не запрашалі?

— Набывалі звычайную ежу, якая прадавалася. Увогуле ў ЗША недарагая ежа, я вельмі здзівіўся. У Нью-Ёрку можна паесці за пяць долараў. Столькі ж гэта каштуе ў Мінску. Што вельмі цікава, бо ўзровень дабрабыту розны, а ежа там аказалася недарагая.

— А ці былі праблемы з паліцыяй?

— Аказалася, што нельга спыняць машыну на аўтабанах, нельга там знаходзіцца. І нас два разы забірала паліцыя, вывозіла на іншую дарогу, перапісвалі звесткі.

— І што, косці не намялі?

— Не, вельмі ўсё тактоўна было, інтэлігентныя хлопцы.

— І штрафу не далі?

— Не, проста папярэдзілі, што так нельга рабіць. І ты кажаш: "Добра", але не робіш. Потым мы спрабавалі выехаць з уездаў на аўтабаны. А на Поўдні ўжо і паліцыі як быццам не было.

Так мы даехалі да Каліфорніі, потым вярнуліся ў Нью-Мехіка і праз Сьюдад-Хуарэс паехалі ў Мексіку.

"Прыехалі ў Мехіка. Мінула два дні, як тут легалізавалі шлюбы для геяў"

— Сьюдад-Хуарэс? Ты жартуеш! Гэтым мексіканскім горадам замест Бабы Ягі сёння дзяцей пужаюць. Толькі журналістаў у Мексіцы гіне больш за ўсіх у свеце. Наркадылеры, пісталеты. У памяць пра забітых кеды вешаюць на драты. Як вы адважыліся ехаць у Мексіку? Ды яшчэ і аўтастопам?

— Гэта, насумненна, цікава. У Нью-Мехіка і ў Каліфорніі нам казалі: "Не едзьце ў Мексіку, заставайцеся ў нас. Тут можна працаваць, жыць. А ў Мексіцы вас заб'юць — там вельмі небяспечна, страляюць, забіваюць..." Але мы гэта не слухалі. Тое самае яны думаюць і пра нашу краіну. Пра Беларусь яны, праўда, амаль не чулі, думаюць, што гэта ўсё Расія. Лічаць, што ў нас мядзведзі ходзяць па вуліцах і кілеры страляюць людзей. Але гэта не так.

У Мексіцы ўсё аказалася таксама не так, як у фільмах. Напэўна, дзесьці ёсць наркатрафік. Але ўсе гэтыя тоны наркарэчываў нас ніякім чынам не тычыліся. Такім чынам, з Нью-Мехіка мы паехалі ў Сьюдад-Хуарэс. Лічыцца, што гэта самы небяспечны горад у свеце.

Паводле легенды, там два мексіканскія наркакартэлі вядуць бесперапынную вайну. Пры гэтым яшчэ і нацыянальная гвардыя мексіканская з імі ваюе. І гэта такі пункт перавалкі наркотыкаў.

— І якім вы ўбачылі гэта горад?

— Даволі цікавы горад такі. Нечым нагадвае ўкраінскі Крым. Мексіка падобная да ўкраінскага Прымор'я, але больш цывілізаваная. Праўда, у Сьюдад-Хуарэсе мы не начавалі. Толькі праехалі праз яго.

— Як да вас людзі ставіліся?

— У прынцыпе ўсе белыя там — паўночнаамерыканцы. Іх называюць зневажальна — "грынга".

Яшчэ была такая праблема: мы паехалі ў Мексіку, але не размаўлялі па-іспанску, а па-англійску амаль ніхто там не разумее. Я ўжо не кажу пра рускую ці беларускую мову. Мы толькі вывучылі фразу "Мы едзем у Мехіка". І кіроўца нас узяў.

— Якая была машына?

— Фура такая вялізная, амерыканская, у якой можна нават танчыць. У Мехіка аказалася, як у Маскве. Людзей яшчэ больш жыве, заторы на дарогах, смог, тусоўкі. Мы прыехалі, а тут якраз два дні мінула, як у горадзе легалізавалі шлюбы для геяў. Цікавы такі горад. На жаль, увесь яго не пабачылі, вельмі вялікі.

— Небяспечна?

— Калі ты сябе паводзіш прадбачліва, не плюеш нікому на галаву, не выглядаеш поўным ідыётам, як у нас кажуць, лахом, то з табой нічога не здарыцца экстраардынарнага. Вось калі ты зойдзеш у самы небяспечны раён, начэпіш залаты гадзіннік альбо нейкі іншы дарагі прадмет пакінеш навідавоку — можа быць, гэта кагосьці і справакуе...

Гутарыў Яўген ВАЛОШЫН.

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская пара праехала аўтастопам праз самы "крымінагенны" горад свету Яны прыляцелі ў Нью-Ёрк, а скончылі сваю творчую экспедыцыю на Вогненнай Зямлі....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика