Эканомія пры новай аплаце за ваду будзе роўная выдаткам буйнога горада
28.01.2012
—
Новости Общества
|
Зніжэнне выдаткаў і павышэнне якасці камунальных паслуг, а таксама інавацыйнае развіццё — галоўныя задачы ЖКГ на 2012 год Дзейнасць камунальнай гаспадаркі краіны ў цэлым намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль КАЛІНІН ацаніў станоўча. Разам з тым, ён на пашыранай выніковай калегіі міністэрства адзначыў, што не ўсе магчымасці арганізацый галіны выкарыстаны і што сёлета павінны быць вырашаны тыя праблемы, якія робяць магчымымі надзвычайныя сітуацыі ў абслугоўванні насельніцтва. — На разгляд ураду ўнесены праект указа аб перадачы цеплакрыніц з камунальнай у рэспубліканскую ўласнасць і зніжэнні затрат, — паведаміў Анатоль Калінін. — Сёння вельмі марудна адбываецца працэс перадачы цепласетак з камунальнай у рэспубліканскую ўласнасць. Колькасць ахвотных прыняць гэтыя камунальныя сеткі і аб'екты Мінэнерга пакуль невялікая, але мы павінны актывізаваць дзейнасць у гэтым напрамку. Гаворачы аб партнёрстве дзяржавы і прыватнага сектара ў сферы аказання жыллёва-камунальных паслуг, намеснік прэм'ер-міністра звярнуў увагу, што ў Беларусі неабходна ствараць канкурэнтнае асяроддзе ў гэтым напрамку, паколькі, паводле яго слоў, толькі канкурэнцыя вырашыць пытанне многіх камунальных гаспадарак. "Дзейнасць Мінжылкамгаса і арганізацый галіны была накіравана на аказанне насельніцтву якасных, своечасовых паслуг у поўным аб'ёме, — падвёў вынікі калегіі віцэ-прэм'ер. — Аднак, аналізуючы вынікі мінулага года, трэба адзначыць, што па розных прычынах было зроблена значна менш, чым маглі". Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй ШАРЭЦ, падводзячы вынікі мінулага года, звярнуў увагу на тое, што дзякуючы канкрэтным мерапрыемствам па зніжэнні выдаткаў кошт асноўных відаў камунальных паслуг узрос нязначна ў параўнанні з тэмпамі інфляцыі, якая склала летась 109 адсоткаў. У той час, як цана на прыродны газ павялічылася больш чым утрая, а тарыфы на электраэнергію — у 2,7 раза, плата за жыллёва-камунальныя паслугі па стандартнай двухпакаёвай кватэры павялічылася ўсяго толькі на 32 адсоткі. Набор работ, якія выконваюцца пры тэхабслугоўванні, аднолькавы ва ўсіх рэгіёнах, а розніцу сабекошту складаюць выдаткі, звязаныя з правядзеннем бягучага рамонту і ўтрыманнем апарату кіравання дамавой гаспадаркі. — Такім чынам, лічым мэтазгодным выключыць бягучы рамонт з сабекошту тэхнічнага абслугоўвання і вылучыць у асобны від дзейнасці, — сказаў міністр. — Гэта дазволіць знізіць сабекошт тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду і дасягнуць прыкладна аднолькавага яго ўзроўню ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, а таксама зрабіць выдаткі на бягучы рамонт празрыстымі і больш зручнымі для разумення плацельшчыкаў і ўвесці падамавы ўлік выдаткаў. Сродкі для правядзення бягучага рамонту неабходна вызначыць як мэтавыя і накіроўваць выключна на бягучы рамонт, што не прывядзе да павялічэння выдаткаў бюджэту ў цэлым. У мэтах развіцця канкурэнтнага асяроддзя гэту працу неабходна завяршыць сёлета. Неабходна таксама дырэктыўна ўзмацніць нарматывы колькасці работнікаў. Летась быў уведзены дыферэнцыяваны механізм аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадводу. Гэтая мера накіравана на стымуляванне больш эканомнага расходу вады насельніцтвам. За тры месяцы быў атрыманы эканамічны эфект у суме 21 млрд рублёў. За 2012 год пры дзеючых тарыфах чакаецца эканомія ў 60 млрд рублёў і зніжэнне аб'ёмаў спажывання вады на 5-6 адсоткаў (што параўнальна з гадавым спажываннем вады такім горадам, як Баранавічы). Летась пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва за камунальныя паслугі ў цэлым па краіне скарацілася на 2,3 млрд рублёў, аднак у Мінску яна ўзрасла на 359 млн рублёў, а ў Гродзенскай вобласці — на 85 млн. Сума запазычанасці мясцовых бюджэтаў за выкананую работу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў дасягнула 276 млрд рублёў. "Недапушчальна выконваць работы, якія загадзя не забяспечаны крыніцай фінансавання, — лічыць Андрэй Шарэц. — Нельга пераўтвараць арганізацыі галіны ў крэдытныя ведамствы, якім, у сваю чаргу, неабходна своечасова і цалкам расплачвацца за энергарэсурсы. Толькі летась арганізацыямі ЖКГ прыйшлося ўзяць крэдытаў на суму 3,7 трл рублёў, за карыстанне якімі выплачана больш за 100 млрд рублёў, што адлюстроўваецца на сабекошце нашых паслуг". Заданне па капітальным рамонце і цеплавой мадэрнізацыі выканана па ўсіх абласцях і горадзе Мінску. Увод жылля пасля капрамонту склаў 1 363 тыс. кв. м. — Да 2015 года ў Беларусі штогод неабходна праводзіць капітальны рамонт не менш за 3 млн кв. м плошчаў, на што спатрэбіцца больш за 2 трл рублёў у год у сённяшніх цэнах, — падлічыў кіраўнік міністэрства. — У сувязі з тым, што гэта цяпер немагчыма, лічым, што неабходна значна павялічыць аб'ёмы работ па рамонце асобных канструктыўных элементаў жылых дамоў. Добрым прыкладам тут стала Гомельская вобласць, дзе дадаткова на гэтыя мэты было выдаткавана 30 млрд рублёў пры абавязковым асваенні гэтых сродкаў уласнымі сіламі арганізацый ЖКГ. У першую чаргу выконваўся рамонт дахаў, што дазволіла рэзка скараціць колькасць зваротаў грамадзян па эксплуатацыі і рамонце жылля. У сувязі з гэтым прапануецца фінансаванне жыллёвага фонду на 2013-ы і наступныя гады вызначаць пры фарміраванні і праверцы бюджэту ў аб'ёме 100 адсоткаў ад разлічанай патрэбы, а патрэбу ў рамонце асобных канструктыўных элементаў — у памеры 50 адсоткаў замест усталяваных 15. Акрамя таго, падрыхтаваны праект Указа кіраўніка дзяржавы "Аб удасканаленні капітальнага рамонту жыллёвага фонду" дазволіць павысіць адказнасць уласнікаў жылых памяшканняў за захаванасць жылля, ліквідаваць утрыманства і прывабіць грамадзян да кіравання сваімі жылымі дамамі. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зніжэнне выдаткаў і павышэнне якасці камунальных паслуг, а таксама інавацыйнае развіццё — галоўныя задачы ЖКГ на 2012 год Дзейнасць камунальнай гаспадаркі краіны...
|
|