Невыносная манатоннасць быцця. 21.by

Невыносная манатоннасць быцця

20.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Купалаўскі тэатр разважае, ці ёсць жыццё ў балоце?

Дзіця памірала... Яго маці ў роспачы імкнулася дастукацца да сямейнікаў, якія ў гэты момант рупіліся толькі пра тое, як зямлю апрацаваць, каб дабро не прапала. "Народзіш яшчэ", — сказаў Яўхім... Не дзіва, што Ганна захоча вырвацца з наканаванасці нетаропкага існавання, якое засмоктвае, як балота, цягне ўніз, не дазваляючы надзеі на змены, і нават яе Васіль кажа: "Ето не так просто..." "Палескія хронікі" Івана Мележа вярнуліся ў Купалаўскі тэатр у ХХІ стагоддзі разам з развагамі пра "беларускую мару" — сваю зямлю і сваю волю.

Асэнсаваць "Людзі на балоце" Івана Мележа ўзяўся Аляксандр Гарцуеў. Падаецца, узяўся не толькі таму, што была нагода ўзгадаць пра Мележа ў сувязі з 90-годдзем, якое адзначалася летась. Напэўна прыцягнула сама тэма: людзі і балота. І хоць сам Мележ апісаў падзеі амаль 100-гадовай даўніны, падаецца, што для беларусаў гэтая тэма — вечная. І ўсё яшчэ сучасная. Вырашыць, дзе тут першаснае, а дзе другаснае, для нас усё адно, што адказаць на асноўнае пытанне філасофіі: што першаснае — матэрыя ці свядомасць? Балота — гэта матэрыя ці субстанцыя, якая ў нейкім сэнсе вызначае свядомасць людзей. Людзі тэарэтычна могуць паўплываць на матэрыю, імкнучыся пазбавіцца ад балотаў ці вырвацца з іх. Але "ето не так просто..."

Няўдзячная гэта справа — пераносіць на тэатральную сцэну эпічны твор. Вядома, што тэатральнымі сродкамі складана перадаць асаблівую атмасферу палескай вёскі, смак беларускага жыцця, які адчуваеш праз словы пісьменніка. І калі перадаць вясковы побыт на сцэне рэальна, то як даць адчуванне рамантыкі сенакосу? Сцэнічнае афармленне Ігара Анісенкі даволі простае, але ўдала працуе на ідэю. Таксама, як і народныя песні ды музычнае афармленне Ігара Фрыгі. Але складана пераносіць падобныя творы на сцэну яшчэ і таму, што героі Мележа — палешукі — нешматслоўныя людзі. Таму больш за ўсё хвалявала менавіта гэта: што з апісаных у раманах падзей здолее адлюстраваць пастаноўка?

Рэжысёр узяў за аснову галоўную лінію: каханне Ганны (актрысы Вікторыя Чаўлытка і Валянціна Гарцуева) і Васіля (Раман Падаляка і Аляксандр Паўлаў). Праўда, на сцэне яно ператварылася ў сапраўдны брутальны трохкутнік: Яўхімка (акцёры Павел Харланчук і Арцём Бародзіч) перарваў манатоннасць існавання і кахання галоўных герояў, дадаўшы спектаклю "драйву", дзе хапае гвалту і мардабою. Але манатоннасць вясковага жыцця нават падчас вяселля адчуваецца. І нават у песнях, якія спяваюць на вяселлі, — туга і безнадзейнасць. "Няўжо ўсё сапраўды так дрэнна?" — так і хочацца спытаць. Але ж насамрэч, калі глядзіш далей, то разумееш: ёсць падстава для аптымізму. Яе стварае Ганна, якая хоча адстаяць сваё права на шчасце. Але мы ўжо разумеем, што "ето не так просто..."

Гэта толькі здаецца, што мы загадзя ведаем, як павінна ўсё скончыцца: усе ж чыталі кніжку ў школе... Вось гэта і ёсць, можа, адна з галоўных прычын, чаму творы са школьных падручнікаў па літаратуры трэба нагадваць людзям цягам жыцця. Бо бывае так, што да вельмі важных кніжак мы ў дзяцінстве яшчэ не даспелі, таму не можам адэкватна іх успрымаць. А потым наўрад ці будзем звяртацца зноў: праходзілі ж па літаратуры. Але нават для тых, хто беларускую літаратуру ведае на "выдатна", бываюць адкрыцці ў быццам бы вядомых творах, якія звязаны з іх сучасным успрыманнем. Адкрыць наноў "Людзі на балоце" — гэта ўсё адно што паглядзець у люстэрка. Люстэрка, у якім адбіваецца беларускае жыццё і самі беларусы. Што тады, што цяпер.

Так, у тэатры ўсё больш схематычна: сустрэча, расстанне, вяселле, смерць дзіцяці, сустрэча, расстанне, сыход... Нібыта проста сцэны з жыцця. Перад намі за два акты праходзяць падзеі эпапеі Мележа, але ўсё адно падчас прагляду спектакля складваецца ўражанне, што час рухаецца павольна. Амаль стаіць на месцы. Нібыта ты сапраўды знаходзішся ў балоце — дзея прасякнута нейкай замаруджанасцю. Можа, таму, што гэта беларускі час?.. Падзеі ў спектаклі нібыта мяняюцца, але няма рэальнага адчування змен, няма імклівасці руху, хоць нешта і адбываецца. Мабыць таму, што змены гэтыя не істотныя? Такое адчуванне, што балотная атмасфера зацягвае нават артыстаў, якія на сцэне. Можа, у гэтым і ёсць спроба перадаць саму сутнасць "Людзей на балоце", дзеля якой, уласна кажучы, і варта было рабіць гэтую пастаноўку.

Нават праз сцэны з жыцця галоўных герояў гучыць галоўная тэма для Мележа: якой мерай можна вымераць чалавечае шчасце? "Колькасцю дабрабыту", — адказалі б сучасныя беларусы. "Колькасцю аршынаў зямлі", — упэўнены героі Мележа. Аднак я, у прынцыпе, розніцы не бачу. Таму што для жыхароў балоцістых месцаў была каштоўнай наяўнасць трывалай глебы пад нагамі. А калі навокал мала зямлі, якую можна апрацоўваць і з якой карміцца, то нават паўаршына ператвараюцца ў вялікае багацце. Дадатковыя паўаршына зямлі — мара галоты. Уся зямля — мара заможных. Адны хочуць адхапіць сабе зямелькі. Другія — захаваць і памножыць. Ёсць яшчэ трэція — носьбіты ідэй перамен і перадзелу зямлі — прыйшоўшыя ў рэвалюцыю былыя вяскоўцы. Для іх, адарваных ад асяродку, зямля — не галоўная каштоўнасць. Яна здольная ўплываць на жыццё людзей, дае магчымасць імі маніпуляваць, падзяляць і валадарыць. Але гледзячы менавіта на іх, думаеш пра тое, што лепш быць вольным. Вольным ад думак пра зямлю як каштоўнасць, якая дае ўладу над іншымі (Міканор), вольным ад зямлі як багацця, якое ператварае чалавека ў механізм для атрымання багацця (Яўхім), вольным ад думак пра зямлю як каштоўнасць матэрыяльную, за якой губляецца каштоўнасць рэальная — сам чалавек (Васіль). За ёй губляецца насельнік гэтай зямлі, які хоча мець трывалую глебу пад нагамі. Але не ў выглядзе зямлі, а ў выглядзе самапавагі і самасцвярджэння, шчырасці і сумленнасці, а таксама духоўнай цеплыні, якую шукае Ганна. Але там, на балоце, яна яе не знаходзіць. І не можа знайсці. Таму што балота — гэта такая субстанцыя, у якой амаль няма руху, дзе ад надта вялікай вільгасці цяжка дыхаецца. З гэтай субстанцыі цяжка вырвацца — яна моцна трымае, засмоктвае так, што становішся яе часткай. Але можна паспрабаваць, як гэта зрабіла Ганна ў фінале. Куды яна пойдзе і што з ёю будзе далей — можна гадаць. Але, напэўна, там, дзе пануе гвалт і здрада, ёй не будзе ўтульна жыць. Альбо яна паедзе адсюль, альбо будзе імкнуцца ўласнымі намаганнямі мяняць ўяўленне людзей пра каштоўнасці, з якіх галоўная — іх жыццё.

Балота ў Мележа — гэта мадэль грамадства. І не толькі таго, што было ў 20-я гады, пра якое гаворыцца ў "Палесскай хроніцы". Бо нам, нашчадкам тых людзей, у спадчыну дасталіся іх ненадуманыя думкі, іх недаробленыя справы, іх рысы і жаданні. Мы можам сябе пераконваць: рэчаіснасць іншая, варыянтаў шчасця больш. Як і сімвалаў дабрабыту больш. Але сутнасць адносін беларуса да дабрабыту не змянілася. Мы ўсё гэтак жа трымаемся за трываласць. Мы ўсё гэтак жа баімся страціць тое малое, што маем. Мы тыя самыя "людзі на балоце", пра якіх можна працягваць пісаць эпапею, якую Мележ толькі пачаў, хоць ён і сам думаў пра стварэнне працягу. Мележ апісаў насамрэч не толькі беларусаў, але і Беларусь, паставіўшы пытанне: дзеля чаго гэтым людзям іх зямля? І што з ёю рабіць? Паколькі адказы на ўсе яго пытанні дасюль не знойдзены, то працяг яго эпапеі мы ствараем у рэальнасці. І падаецца, што "ето не так просто..."

Ларыса ЦІМОШЫК

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Купалаўскі тэатр разважае, ці ёсць жыццё ў балоце? Дзіця памірала... Яго маці ў роспачы імкнулася дастукацца да сямейнікаў, якія ў гэты момант рупіліся толькі пра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика