«...калі вы хочаце адчуваць сябе беларусамі, выпісвайце «Звязду». 21.by

«...калі вы хочаце адчуваць сябе беларусамі, выпісвайце «Звязду»

20.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Гэта ўжо завядзёнка — з кожнай камандзіроўкі-вандроўкі нешта прывозіць. Ну хоць бохан хлеба, калі на іншае часу няма.

З Ляхавічаў прыехалі позна — сям'я (прынамсі, мая. — Аўт.) даўно павячэрала. Аднак не стрывала і да гасцінца прылажылася. Добры, прызнала, хлеб!

Гэта — адно з уражанняў. Што да іншых...

Перад пачаткам "вялікай чытацкай "лятучкі" такая ж вялікая актавая зала Ляхавіцкага райвыканкама была амаль поўнай. Прыйшлі падпісчыкі газеты, паштавікі. Асобны дзякуй кіраўніцтву выканкама, якое запрасіла на сустрэчу актыў — ідэолагаў, старшыняў сельскіх Саветаў, кіраўнікоў школ, бібліятэкараў... Нехта з іх "Звязду" праглядае і чытае на працы, нехта — купляе ў шапіку, у некага яе выпісвалі і выпісваюць бацькі... Што, вядома ж, спрашчала задачу выязнога дэсанта: у Ляхавіцкім раёне, дзе ў "Звязды" амаль 340 падпісчыкаў, не было патрэбы падрабязна распавядаць пра змест выдання, яго тэматычныя старонкі і асноўныя рубрыкі. Ды і не гэта, уласна, мелі на мэце. Галоўнае было выслухаць заўвагі, прыняць прапановы, разам падумаць, што зрабіць, каб газета стала цікавейшай...

Аднак без кампліментаў не абышлося таксама.

— Нашай сям'і, нашаму саюзу з Людмілай Браніславаўнай хутка 60 гадоў. І столькі ж — мы выпісваем "Звязду". Ніколі ёй не здраджвалі, бо гэта, калі коратка, наша духоўнае багацце, — гаварыў, прынамсі, былы настаўнік (калі былымі яны бываюць?) Васіль Іванавіч Ясевіч і тлумачыў чаму, казаў, што "Звязда" не проста інфармуе, не проста дапамагае людзям вырашаць нейкія надзённыя пытанні — яна спрыяе ў тым, каб чалавек стаў лепшым.

— Працуюць на гэта многія журналісты, — працягваў чытач, — але ж мы з Людмілай Браніславаўнай вылучаем траіх: Анатоля Клешчука, Яўгена Пясецкага і Валянціну Доўнар. У іх працы столькі мудрасці, столькі шчырасці, столькі замілаванасці да людзей і нашай зямлі, што многія публікацыі мы захоўваем, каб потым (і, магчыма, не раз) перачытаць.

Адну са звяздоўскіх выразак (дарэчы, сямігадовай даўнасці) Васіль Іванавіч агучыў. Да таго ж гаварыў бездакорна па-беларуску, з добрым гумарам, без паперкі, без мікрафона. Зала, дзе шмат было вучняў, слухала, стаіўшы дыханне.

— Добра, што з'яўляюцца новыя прозвішчы (у тым ліку маладых — студэнтаў факультэта журналістыкі), добра, што даецца разнастайная інфармацыя. Але ж (умоўна) не трэба шмат пісаць пра тое, як вывесці бародаўку, бо яна ёсць у мяне і яшчэ, можа, у ста чалавек. А вось тое, што даецца для душы, патрэбна ўсім. Рэдкалегіі варта пра гэта памятаць!.. Людзям жа магу сказаць адно: калі вы хочаце адчуваць сябе беларусамі, выпісвайце "Звязду".

Тое, што ёсць рацыя ў гэтых словах, пацвердзіла і спадарыня Пабягайла, сям'я якой стала выпісваць нашу газету менавіта тады, калі ўсвядоміла сваю нацыянальную прыналежнасць. Што цікава, сама Валянціна Іванаўна нарадзілася ў Мінску. Тут, у вялікім і, на жаль, рускамоўным горадзе, скончыла школу і політэхнічны інстытут. Па прафесіі яна — будаўнік, па складзе розуму, як падалося — даследчык, па стане душы — паэт...

— Не скажу, я пісала вершы і на рускай мове, — прызнавалася чытачка, — але ж яны мне даваліся цяжэй. А па-беларуску — як быццам хтось дапамагае мне, падказвае словы. Прычым, якіх і не чула...

З год таму Валянціна Іванаўна па волі выпадку (выйграла прыз у звяздоўскай гульні) трапіла ў рэдакцыю. З лёгкай рукі газеты ў снежні выдала першую кніжачку.

— Вельмі задаволена! — прызналася аўтарка. — Тым, па-першае, што літаральна ўсе мне ішлі насустрач, усе дапамагалі. І гэта няпраўда, што людзям не патрэбна цяпер прыгожае пісьменства. Ну вось выступала я ў Савеце ветэранаў. Колькі вершаў прачытала, пытаюся: "Можа, досыць?", кажуць: "Што вы... Чытайце яшчэ!" Запрашаюць мяне і ў школы. Спачатку адчувалася нейкая напружанасць: маўляў, вершы, па-беларуску... Але ж трэба ведаць, як іх паднесці... Да мяне праз 40- 45 хвілін дзеці ішлі па аўтографы, прасілі разам сфатаграфавацца... Так што муж мой цяпер баіцца, што я са сваёй папулярнасцю не паспею грады пасеяць... І ўсё гэта дзякуючы "Звяздзе".

Ёй, як высветлілася, Валянціна Іванаўна таксама прысвяціла верш — доўгі, хвалебны. Таму толькі пачатак:

<І>Я люблю сваю газету —

Беларускую "Звязду":

Ў ёй — навіны ўсяго свету.

І мясцовыя знайду...

Што тычыцца апошніх, у чытачкі ніякіх прэтэнзій: добра працуюць уласныя карэспандэнты па Брэсцкай вобласці. А вось пра тое, што робіцца ў свеце, газета, як лічыць спадарыня Пабягайла, піша мала.

Сачыла сям'я нашай пастаяннай чытачкі і за бурнай дыскусіяй, якую вялі на старонках "Звязды" настаўнікі. Праўду яны пісалі пра свае заробкі, пра нагрузкі, праверкі, пісаніну... А вось належнага рэагавання, нейкіх каментарыяў з Міністэрства адукацыі газета так і не дачакалася.

Ну вядома ж, гаварыла Валянціна Іванаўна і пра мову — прозай, вершам, заклікала залу размаўляць на ёй, чытаць, выпісваць "Звязду" і іншыя беларускамоўныя выданні.

...Каемся: не адразу папярэдзілі, што на гэты раз у творчы дэсант газеты "пракраўся" "Вожык" — літаральна: увесь час, пакуль мы вялі размову, у зале сядзеў карыкатурыст Аляксандр Каршакевіч і ціха маляваў... Смеху было, калі паказаў тое, што ў яго атрымалася, калі стаў знаёміць з новым старым часопісам, яго зместам.

— "Вожык" нікуды не знікаў, — гаварыў мастак, — проста многія пра яго забыліся. І шмат страцілі, бо часопіс заўсёды стараўся быць праўдзівым, патрэбным для сваіх чытачоў.

Адзін з іх, дарэчы, лічы, адразу ж знайшоўся:

— Я гадоў 15 запар выпісваў газету "Правда" і часопіс "Вожык", — гаварыў дырэктар Малагарадзішчанскай школы-садка А.У. Тураў. — У газеце чытаў пра тое, як у жыцці павінна быць, а ў часопісе — як ёсць на самой справе...

Выпісвае Анатоль Уладзіміравіч і "Звязду", бо яна "сапраўды беларуская і нам усім яшчэ трэба вучыцца трымацца свайго".

...Што цікава — было ў каго (вучыцца): сустрэча падыходзіла да свайго завяршэння — час быў разыгрываць прызы. Зазвычай выцягнуць шчаслівыя "білецікі" мы даручалі некаму з дзяцей. На гэты раз іх не было... Але ж была моладзь, так што знайсці гаспадароў усім звяздоўскім прызам мы папрасілі адну з дзяўчат. Цягам розыгрышу адбылося знаёмства.

— Пасля школы я мару стаць журналістам, — на роднай мове, лёгенька, прыгожа гаварыла вучаніца 11-га класа СШ №1 Марына Жабік. — Пішу толькі па-беларуску — у мяне такі прынцып. І ўжо трохі друкуюся. Тры публікацыі былі ў звяздоўскай "Чырвонай змене"... Я вельмі рада, што ў нас ёсць беларускамоўныя газеты, што ў нашай школе працуе фальклорны гурт "Кужалёк", дзе мы можам танцаваць і спяваць песні Ляхаўшчыны, што ў мяне цудоўная настаўніца беларускай мовы — Наталля Мікалаеўна Сідар, што з маімі артыкуламі ў "Звяздзе" працуе Алена Дзядзюля. Мы лістуемся, і я вельмі ўдзячна ёй за падтрымку, за тое, што яна не шкадуе свайго часу...

А значыць, растуць (у тым ліку і ў Ляхавічах) нашы новыя кадры.

Жыве, мяняецца газета — працай розуму і душы яе супрацоўнікаў і, вядома ж, чытачоў, кожная сустрэча з якімі — і экзамен, і свята...

А найперш — падстава для сур'ёзных высноў.

Валянціна Доўнар, Уладзімір Здановіч.

Фота Яўгена Пясецкага.

Р.S. Трэба, мусіць, сказаць, што сярод гасцінцаў з Ляхавічаў быў не толькі бохан хлеба: спадарыня Пабягайла пачаставала сваімі агуркамі-памідорамі. І тым самым падказала... новую рубрыку ў "Хатнюю энцыклапедыю". Называцца яна будзе "Рэцэпты чытачоў". Ці "... нашых бабуль". А мо неяк інакш? Пішыце. І, зразумела ж, выпісвайце!

Каб адчуваць сябе беларусамі!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Гэта ўжо завядзёнка — з кожнай камандзіроўкі-вандроўкі нешта прывозіць. Ну хоць бохан хлеба, калі на іншае часу няма. З Ляхавічаў прыехалі позна — сям'я...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика