Момант ісціны для старой крэпасці. 21.by

Момант ісціны для старой крэпасці

05.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Легендарная Брэсцкая крэпасць днямі адзначыла сваё 170-годдзе. Удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба наладзілі з гэтай нагоды своеасаблівае тэатральнае прадстаўленне. На пляцы маршыравалі воіны ў форме розных эпох і розных армій — тых, што служылі ў крэпасці, абаранялі яе.

З’явілася нагода згадаць гісторыю магутнейшай "фартэцыі" Расійскай імперыі. Менавіта імператар Мікалай І у 1830 годзе ўзгадніў і ўхваліў праект узвядзення крэпасці ў Брэст-Літоўску, праз тры гады манарх асабіста зацвердзіў план будаўніцтва. Тады і пачаліся падрыхтоўчыя земляныя работы. А ў чэрвені 1836 года быў урачыста закладзены першы камень будучай цытадэлі. У падмурку казармы тады замуравалі памятную дошку і куфэрак з манетамі — іх знайшлі ў 1953 годзе пры разборы завалаў... А 26 красавіка 1842 года над крэпасцю ўзнялі сцяг і правялі парад, што азначала ўступленне яе ў строй дзеючых.

За шэсць гадоў ваенныя будаўнікі ўзвялі небывалы фарпост. Галоўным умацаваннем крэпасці стала двухпавярховая казарма працягласцю 1,8 кіламетра з шэрагам праязных варот. Таўшчыня сцен казармы дасягала двух метраў. У іх былі прарэзаны шматлікія байніцы і амбразуры. З трох бакоў цытадэль прыкрывалі ўмацаванні — Цярэспальскае, Кобрынскае і Валынскае. Іх абаранялі дзясяціметровыя земляныя валы з убудаванымі ўнутры цаглянымі казематамі, перад якімі былі выкапаны каналы, запоўненыя вадой. Крэпасць выглядала магутнай і на той час непрыступнай. Праўда, яе ўзвялі на месцы старажытнага Брэста, які фактычна зруйнавалі, папярэдне прымусова адсяліўшы жыхароў... Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Да пачатку Першай сусветнай вайны крэпасць уяўляла сабой фартыфікацыйны комплекс, які дазваляў гарнізону ў выпадку асады пратрымацца 8 месяцаў. Але тады скарыстаць магчымасці аб'екта не давялося. Імклівае наступленне кайзераўскіх войскаў у 1915 годзе прымусіла прыняць рашэнне аб эвакуацыі гарнізона. У ноч з 12 на 13 жніўня рускія войскі пакінулі крэпасць і горад. Пры гэтым палічылі немэтазгодным пакідаць ворагу фарпост. Усё, што можна было — фарты, казармы, — узарвалі.

У сакавіку 1918 года ў Белым палацы крэпасці быў падпісаны вядомы Брэсцкі мір. З 1921 па 1939 год Брэст уваходзіў у склад Польшчы. І ў крэпасці размяшчаўся гарнізон польскага войска, які мужна абараняўся ад немцаў у верасні 1939 года. Але немцы бамбілі горад і крэпасць, і абаронцы вымушаны былі пакінуць цытадэль. Многа чаго пабачыла крэпасць у трагічным 39-м. Сотні забітых і параненых, бамбёжку, а потым і сумесны парад войскаў Гудэрыяна з часцямі Чырвонай Арміі, якія прыйшлі сюды 22 верасня.

Але, як заўважыла на мерапрыемстве ў гонар 170-годдзя крэпасці намеснік дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Ларыса Бібік, момантам ісціны для крэпасці стаў 1941 год. Пра дні і месяцы гераічнай абароны, пра герояў крэпасці ведаюць усе. Напісаны кнігі, створаны фільмы. Таму едуць і едуць сюды людзі з розных гарадоў і краін. Не так даўно прымалі ўдзельнікаў міжнароднага праекта "Дарогамі Перамогі", якія пяццю аўтамабільнымі экіпажамі стартавалі 3 красавіка ў Севастопалі. Маршрут сімвалічна аб'яднаў 13 гарадоў-герояў, 35 гарадоў воінскай славы і 10 гарадоў, якія ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені. Удзельнікі аўтапрабегу пераадолелі 7 тысяч кіламетраў. А на плошчы Цырыманіялаў легендарнай цытадэлі да іх далучыліся брэсцкія ветэраны і моладзь. Усе разам разгарнулі велізарнае палатно — сімвалічны сцяг Перамогі. І з ім прайшлі да Вечнага агню.

Праз колькі дзён крэпасць сустракала ўдзельнікаў акцыі "На шляху ў Берлін", арганізаванай грамадскай арганізацыяй з С.-Пецярбурга. Да іх далучыўся і наш ветэран Юрый Тэрталь, які з 1945 года не быў у Берліне. Удзельнікаў патрыятычнай акцыі віталі каля Вечнага агню крэпасці дыпламаты, кіраўнікі горада над Бугам, прадстаўнікі грамадскасці.

Напярэдадні Дня Перамогі і 22 чэрвеня традыцыяй сталі "Цягнікі памяці", якія ранкам прыбываюць з Масквы ў Брэст. Не раз гасцямі крэпасці станавіліся прэзідэнты Расіі, іншых краін, прэм'ер-міністры дзяржаў, кіраўнікі дыпламатычных місій.

А 9 мая, здаецца, увесь Брэст ідзе ў крэпасць. Для многіх і многіх сем'яў гэта стала сямейнай традыцыяй. І не трэба людзям ніякага дадатковага запрашэння. Хаця апошнім часам арганізавана ідуць на мітынг працоўныя калектывы, педагогі вядуць школьнікаў і студэнтаў. Але многа і тых, хто спяшаецца ў свяшчэннае месца па закліку душы. А як жа інакш? Тут быў зроблены самы першы крок да Вялікай Перамогі.

Як заўсёды, 9 мая прыйдзе на мітынг і парад Пётр Паўлавіч Кацельнікаў, адзіны з абаронцаў крэпасці, які жыве ў Беларусі. Выхаванец музычнага ўзвода 44-га стралковага палка нараўне з дарослымі прайшоў усе жахі і выпрабаванні лета 1941 года. Менавіта ён паслужыў прататыпам аднаго з галоўных герояў фільма "Брэсцкая крэпасць" — сумеснага праекта Беларусі і Расіі. Іх, жывых сведак "моманту ісціны", застаецца ўсё менш. Ім — наша асаблівая пашана.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Легендарная Брэсцкая крэпасць днямі адзначыла сваё 170-годдзе. Удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба наладзілі з гэтай нагоды своеасаблівае тэатральнае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика