«I тчэ, забыўшыся, рука...»
08.06.2012
—
Новости Общества
|
Слуцкія паясы: калі глядзіш на іх, то хочацца валодаць "Багацце! Якое багацце", — думала я, калі пабачыла слуцкі пояс упершыню. У Беларусі іх убачыць не так і проста было ў звычайным рэжыме: тыя адзінкавыя экзэмпляры ці фрагменты паясоў, якія былі ў краіне, не надта даступныя для вачэй. Пакуль не прыехала выстава з Расіі. Нашы суседзі багатыя на цуды беларускага ткацтва са слуцкай радзівілаўскай "персіярні". У розных расійскіх музеях захоўваецца паўсотні паясоў са Слуцка. Ёсць яны ў Літве, Украіне, Польшчы. Імі захапляюцца, іх берагуць, нават лічаць часткай сваёй гісторыі. А мы лічым сваёй спадчынай. Якая засталася ў гісторыі...
Нават у тыя часы, калі паясы выкарыстоўваліся па прызначэнні, яны каштавалі да тысячы залатых і іх маглі дазволіць сабе толькі самая багатая шляхта і магнаты. Адзін пояс пераварочваўся рознымі бакамі ў залежнасці ад абставін: штодзённага выкарыстання, з нагоды ўрачыстасці ці жалобы. Найбольш дарагімі былі "літыя" паясы — у іх уводзілася срэбная ці залатая нітка. Вось яно!.. Але ж хіба толькі з-за каштоўных металаў яны так цэняцца? Вырабы былі сапраўды ўнікальныя — адзін майстар за год мог выткаць не больш за дзесяць паясоў, а мануфактура пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага (турэцкага армяніна, які ўсходнім вырабам надаў асаблівы мясцовы каларыт і непаўторнасць) за год выпускала каля дзвюх соцень. Каштоўнымі яны сталі ў тым ліку і з-за сваёй унікальнасці. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і заняпаду вытворчасці ў Слуцку паясы асабліва цаніліся. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя слуцкія паясы сталі прыцягваць увагу калекцыянераў, у тым ліку расійскіх. Былі свае калекцыі і ў Беларусі. Атрымаць у сваю калекцыю цэлы пояс — такая мара жывіла беларускіх музейшчыкаў з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Першая і апошняя выстава слуцкіх паясоў у Мінску адбылася ў 1927 годзе ў Беларускім дзяржаўным музеі (зараз Нацыянальны музей гісторыі і культуры). На ёй былі выстаўлены толькі фрагменты, таму што цэлых паясоў у калекцыі музея не было. Затое цудоўная калекцыя беларускіх культурных каштоўнасцяў, дзе былі і слуцкія паясы, была сабраная ў Вільні ў Беларускім музеі Івана Луцкевіча. Яе лёс склаўся трагічна пасля 1939 года: было ліквідавана Беларускае навуковае таварыства, яго члены арыштаваныя. Пасля вайны Беларускі музей у Вільнюсе быў зачынены, а яго фонды расфарміраваныя. Пасля далучэння Заходняй Беларусі ўласнасцю беларускага народа стала радзівілаўская калекцыя слуцкіх паясоў з 32 экзэмпляраў, перададзеных у Дзяржаўную карцінную галерэю. Ёсць нават фотаздымкі тых паясоў у Нацыянальным мастацкім музеі — з дэкаднай выставы ў Маскве 1940 года, і ёсць каталог той выставы, дзе паказаны радзівілаўскі збор з Нясвіжа. Але пасля вайны сляды гэтай калекцыі не знойдзены. Нават Нацыянальны мастацкі музей, для таго, каб паказаць жыхарам Беларусі каштоўныя паясы, дамаўляўся пра арганізацыю іх выставы з расійскім бокам. Беларусь імкнулася вярнуць на радзіму каштоўнасці, якія за стагоддзі толькі выраслі ў цане (сёння слуцкія паясы могуць каштаваць да 100 тысяч долараў). Таму што калі дбаць пра культурны скарб краіны, то важна мець магчымасць сказаць: гэта наша і па паходжанні, і па вызначэнні, і па прыналежнасці. І ёсць, безумоўна, ёсць гэтая вялікая спакуса — дакрануцца, мець магчымасць глядзець і ганарыцца — не столькі нават каштоўнымі матэрыяльнымі складнікамі пояса, колькі майстэрствам тых, хто ўласнымі рукамі ўмеў ствараць багацце. Ключавое тут: рукамі... Ад іх ішла прыгажосць, цеплыня, якая грэе душу дагэтуль, калі думаеш пра слуцкі пояс. Каштоўнасць насамрэч заклалі людзі, якія былі стваральнікамі цуду. Калі ведаеш, якія майстры былі на нашай зямлі, калі ўяўляеш, якія маглі б быць, калі б працягвалася традыцыя, то адчуваеш сябе багатым. Проста ад разумення таго, што недзе гэта ёсць, і гэта было створана маімі продкамі, якія сваім жыццём упрыгожылі свет... Вось гэта і сагравае. Ці сам пояс? Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Слуцкія паясы: калі глядзіш на іх, то хочацца валодаць "Багацце! Якое багацце", — думала я, калі пабачыла слуцкі пояс упершыню. У Беларусі іх убачыць не так і... |
|