Вавёрачка па імені Лючыта
16.06.2012
—
Новости Общества
|
Экзатычная фаўна ў Венесуэле ўсюды і навакол. Горад — не выключэнне. Вядома, кракадзіла на асфальце тут не сустрэнеш, але ігуаны на зялёным газоне — рэч звычайная. А неба Каракаса ўвогуле — сапраўдны арніталагічны запаведнік: калібры, грыфы, папугаі, коршакі... Пацук сярод статка кароў Самую незвычайную жывёліну я назіраў у глыбінцы. Яе навуковая назва — капібара. Насамрэч гэта гіганцкі вадзяны пацук "чыгвіры". У глыбінцы "пацук" жыў па суседстве з фермай і "пасвіўся" сярод кароў нібыта іх суродзіч. Фермер выкапаў сажалку, дзе разводзіў "качаму" — рыбу накшталт нашага карпа. "Чыгвіры" атабарыўся акурат у "сталоўцы" — зарыбленным вадасховішчы. Ніхто не замінаў такому суседству — "пацук" еў фермерскую рыбу, а сялянская сям'я ласавалася... малочнымі дзіцяняткамі пацука. У Венесуэле салёна-вэнджаныя "пацучаняты" — далікатэс, які каштуе немалых грошай. Яшчэ ў глыбінцы можна пабачыць алігатара, якога тут завуць "баба". Звычайна рэптыліі трапляюць у вёскі падчас паводак, калі рэкі і ручаі выходзяць з берагоў. Па сваёй ініцыятыве алігатары рэдка пнуцца "на людзі", бо ведаюць — там іх чакае нож кухара. Дарэчы, мяса "бабы" на смак нагадвае белую рыбу або кураціну. Сталічны рэстаран Tаrzіlаndіа прапануе мяса "алігатара", яно не даражэйшае за стэйк з ялавічыны. Лянівец у гарадскім парку У каракаскім парку Mіrаndа маю ўвагу прыцягнуў невялікі натоўп. Людзі гаманілі, плікалі фотакамерамі і грукалі па ствале дрэва — у кроне сядзеў лянівец. Гэты абібок не спяшаўся пакінуць крону, бо ён увогуле нікуды і ніколі не спяшаецца. У рэшце рэшт ягонае жаданне паласавацца раскіданымі навокал манга і чыпсамі ўзяло верх над "лянотаю". З хуткасцю смаўжа лянівец знізіўся і даў сябе разгледзець. Памерам з малпу, каціная галава і кіпцюры, як "кошкі" ў электрыка-верхалаза. Другі раз я пабачыў ляніўца на волі — у сэльве, каля курорта Чарані. Сітуацыя была падобная — хтосьці з аўтааматараў заўважыў "чэмпіёна павольнага руху" і спыніўся паназіраць за ім. У выніку рух на вузкай горнай дарозе быў спынены на гадзіну. Больш ніхто нікуды не спяшаўся, не ціснуўся на абгон і не сварыўся на затор. Так лянівец навучыў людзей своечасовай паўзе ў мітусні сучаснага жыцця. Птушкі Каракаса Самыя прыкметныя з птушак Каракаса — папугаі ара і грыфы самура. І тыя, і другія спачатку шакіруюць. Грыфы сваімі памерамі (яны разы ў тры буйнейшыя за нашых варон) і драпежным выглядам, а папугаі — сваім далёка не мілагучным крыкам. Гэта нават не крык, а нейкае скрыгатанне металу на будаўнічым аб'екце. Я неўзлюбіў папугаяў з-за іх какафоніі, але фатаграфаваць не адмовіўся — надта прыгожая ў іх "вопратка". Яшчэ прыгажэй гісторыя іх кахання. Усе жыццё самец жыве з адной самкай, а калі яна памірае, памірае і ён. Не дзіва ў парках і скверах Каракаса ўбачыць самую дробную ў свеце птушку — калібры. Іх я сустракаў шматразова, але сфатаграфаваць не ўдалося. Птушка-матыль так жвава матляе крыльцамі і так хутка мяняе накірунак палёту, што ў аб'ектыў не трапляе нават турбулентны след. Вавёрка на балконе З-за спякоты вокны ўвесь час пакідаем адчыненымі. Таму ўначы да нас залятаюць матылі. Ды не абы якія, а памерам з вераб'я. Такім жа чынам у хату трапляюць маленькія яшчаркі і лятучыя тараканы кукарача. Па суседстве з нашым пентхаусам жыла вавёрка. Яна з'яўлялася падчас уікенда ўранні, каб раздзяліць са мной сняданак. Асабліва ёй да смаку былі пірожныя з суседняй кандытарскай і мёд, прывезены з Беларусі земляком Анатолем. Вавёрачка зусім мяне не баялася, нават какетліва пазіравала падчас фотасесіі. Я назваў яе Святлана. Але паскакуха не ведала нашае мовы, таму я клікаў яе — Лючыта, Лючыта! Аднаго разу пакінуў на балконе пірожнае з клубніцамі і пайшоў гатаваць каву. Калі вярнуўся, вавёркі ўжо не было. Клубніц таксама. Андрэй Смірноў. Фота аўтара. Каракас — Мінск, спецыяльна для "Звязды" Рэдакцыя "Звязды" віншуе свайго "венесуэльскага" аўтара і даўняга сябра Андрэя Смірнова з днём нараджэння! Зычым цудоўных вандровак, здароўя і натхнення для цікавых замалёвак з экзатычных мясцін, якія ніколі не перастануць хваляваць неўтаймаваны чалавечы дух. Звяздоўцы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Экзатычная фаўна ў Венесуэле ўсюды і навакол. Горад — не выключэнне. Вядома, кракадзіла на асфальце тут не сустрэнеш, але ігуаны на зялёным газоне — рэч звычайная.... |
|