"І ты, баявая, ніколі асечкі ў баі не дала". 21.by

"І ты, баявая, ніколі асечкі ў баі не дала"

14.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Багатая калекцыя падпольнага перыядычнага друку ваеннага часу пачала фарміравацца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) з 70-х гг. ХХ ст. Часткова гэтыя матэрыялы былі атрыманы ў дар бібліятэкай ад акадэміка АН Беларусі К.К. Крапівы (камплект газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" за 1942-1944 гг.), акадэміка АН Беларусі І.С. Краўчанкі (33 назвы газет, якія выдаваліся ў тыле ворага ў перыяд 1942—1944 гг.), ваеннага журналіста В.Д. Стальнова (62 назвы беларускіх партызанскіх газет). Бібліятэка захоўвае каля 570 нумароў (95 назваў) газет, якія выходзілі ў цяжкія гады вайны.

На часова акупаванай ворагам тэрыторыі рэспублікі выходзіла газет больш, чым да вайны. Беларусь была не толькі партызанскай рэспублікай, але і рэспублікай масавага падпольнага партыйнага і партызанскага друку. Правафланговай з'явілася газета "Звязда" — Цэнтральны орган Кампартыі Беларусі.

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца два нумары газеты "Звязда", якія выходзілі ў ваенныя часы — № 2 (жнівень 1942 г.), № 85 (май 1945 г.).

Як складаўся лёс газеты ў цяжкія часы вайны? Пра гэта падрабязна распавядае ў сваёй шматгадовай працы-даследаванні былы рэдактар газеты "Народны мсцівец" Слуцкага РК КПБ(б)Б, вучоны М.Е. Дастанка. У манаграфіі "Газета "Звязда" ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941-га — май 1945 гг.)" ён паставіў мэту паказаць ролю рэспубліканскай газеты "Звязда" ў ваенныя гады як баявога друкаванага органа беларускіх камуністаў, народных мсціўцаў і ўсіх працоўных рэспублікі.

У пачатку вайны па ўказанні ЦК Кампартыі Беларусі рэспубліканскія рэдакцыі выехалі з Мінска і працягвалі выпускаць газеты спачатку ў раённай друкарні, пасля ў Магілеўскай абласной друкарні, потым працяглы час газета "Звязда" выпускалася на гомельскай фабрыцы "Палесдрук".

З-за абставін ваеннага часу ў першыя дні вайны газета выходзіла нерэгулярна. Для наладжвання нармальнай работы рэдакцыі і рэгулярнага выпуску газеты было прызнана мэтазгодным арганізаваць перасоўную друкарню. Пры дапамозе самалётаў і спецыяльных пасыльных газета дастаўлялася ў часова акупаваныя раёны рэспублікі, дзе яе з нецярпеннем чакалі. Апошні легальны нумар "Звязды" выйшаў на беларускай зямлі 13 жніўня 1941 г. у Гомелі.

Восенню 1941 г. у акупаваным Мінску быў створаны Мінскі падпольны гарадскі камітэт партыі, па яго рашэнні (май 1941 г.) у падполлі была арганізавана друкарня газеты "Звязда". Гэта была першая друкарня, якая ўзнікла ў тыле праціўніка. Яе арганізатарамі былі Я. Савіцкая, В. Казачонак і інш. Падрыхтоўчую работу да выдання "Звязды" ажыццявілі І. Кавалёў, М. Якельчык, В. Нікіфараў, У. Амельянюк, М. Шугаеў, Д. Караткевіч і інш. Пастановаю Мінскага ГК КП(б)Б першым галоўным рэдактарам газеты быў прызначаны У. Амельянюк (падпольная мянушка "Валодзя").

Трэба было дастаць шрыфты, фарбу, паперу і іншыя паліграфічныя матэрыялы. Усё гэта можна было набыць у падвале нямецкай друкарні "Прарыў". Там захоўваліся друкарскія матэрыялы і шрыфты. Работнік гэтай друкарні Андрэй Падапрыгара (пад гэтым прозвішчам хаваўся капітан Чырвонай Арміі Мікалай Іванавіч Іваноў) з групай сваіх таварышаў перанёс шрыфты на вуліцу Астроўскага на канспіратыўную кватэру, дзе і была абсталявана падпольная друкарня. Другая падпольная друкарня была створана на Лугавой вуліцы.

Пасля сакавіцкіх арыштаў 1942 г., калі немцам праз сваіх агентаў-правакатараў удалося высачыць і схапіць большую частку членаў гаркама, мінскае падполле страціла і свае друкарні, якія былі створаны цаной вялікіх намаганняў і ахвяр. Друкарню, якая знаходзілася на вуліцы Астроўскага, фашыстам удалося захапіць, а шрыфты другой друкарні, па вуліцы Лугавой, у час арыштаў былі згублены. Давялося пачынаць усё спачатку.

Мінскія падпольшчыкі аднавілі выпуск папулярнай газеты, "Звязда" выходзіла ўжо як орган Мінскага гаркама партыі. Набіралася падпольная газета непасрэдна ў друкарні Дома друку. Пакуль Б. Пупко займаўся наборам, рабочыя друкарні, бацька і сын Воранавы, вынеслі з друкарні на сваю кватэру па Рымарнай вуліцы гранкі для вёрсткі газеты, прабельны матэрыял, вярстаткі, фарбу, валікі, паперы і іншыя матэрыялы, неабходныя для друкавання газеты. Яны ж часткамі даставілі і набор. У доме, дзе, акрамя Воранавых, жыла сям'я Ц. Трафімюка, быў надрукаваны першы нумар падпольнай "Звязды".

Падпольная "Звязда" расказвала працоўным Беларусі аб падзеях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, аб разгортванні ўсенароднай партызанскай барацьбы на беларускай зямлі, аб баявых дзеяннях народных мсціўцаў.

Пасля трагічнай гібелі У. Амельянюка ўсе абавязкі па далейшым выданні падпольнай "Звязды" прыйшлося выконваць члену Мінскага падпольнага гаркама В. Нікіфараву (падпольная мянушка "Вацік"), Я. Савіцкай і М. Дастанку. У даволі кароткі тэрмін была створана падпольная друкарня, з Рымарнай вуліцы яна была перанесена на вуліцу Куйбышава.

Дом на гэтай вуліцы аказаўся вельмі нязручным для падпольнай друкарні, таму, набраўшы і надрукаваўшы тут толькі дзве лістоўкі, давялося пераехаць у дом № 10 на вуліцу Выдавецкую ў кватэру, якую прадаставіла падпольшчыкам Т. Якавенка. У хляве было абсталявана спецыяльнае сховішча для шрыфтоў і іншых матэрыялаў (з успамінаў У. Казачонак у кнізе "Наша "Звязда". 1917—1967 гг.").

У працэсе падрыхтоўкі да выдання газеты цяжкасці ўзнікалі адна за другой. Не хапала асобных літар, фарбы, прабельнага матэрыялу. Патрабавалася шмат часу і намаганняў, каб здабыць усё неабходнае. Вось чаму другі нумар "Звязды" (1942 г.), экзэмпляр якога захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, выйшаў у свет толькі ў жніўні. Наборшчыкам гэтага нумара, замест Б. Пупко, быў вопытны паліграфіст, высокакваліфікаваны наборшчык Х. Александровіч (падпольная мянушка "Хасан").

І вось набор нарэшце гатовы, заключаны ў гранкі, замацаваны. Х. Александровіч робіць адбітак першай, а затым другой паласы. Усе друкары з нецярплівасцю чакаюць таго моманту, калі ён скажа : "Ну, сябры, можна друкаваць!". Першым чытачом другога нумара "Звязды" пашчаслівілася быць С. Благаразумаву.

Праз усю першую паласу нумара праходзіў загаловак — "Беларусь была і будзе савецкай!". На першай старонцы перадавы артыкул "Правал планаў Гітлера" заканчваецца славутымі радкамі Аляксандра Неўскага: "На чым стаяла руская зямля, на тым і стаяць будзе, хто з мячом прыйшоў, той ад мяча і загіне". Другі рэдакцыйны артыкул "Падрыхтоўка другога фронту" цалкам прысвечаны магутнасці нашай Радзімы і краін антыгітлераўскай кааліцыі, а таксама барацьбе заняволеных фашызмам народаў супраць гітлераўскай тыраніі. З'яўленне гэтага артыкула было выклікана тым, што летам 1942 г. гітлераўская прапаганда ўзняла шуміху вакол антыгітлераўскай кааліцыі, імкнучыся пераканаць насельніцтва акупаванай тэрыторыі ў нетрываласці саюза краін, што выступілі супраць "Вялікай Германіі".

На другой паласе пад загалоўкам "Весткі з франтоў" апісаны вынікі баявых спраў на фронце: "З 10 па 12 жніўня нашы часці вялі жорсткія баі ў раёне Клецкай, Кацельнікава, Армавіра, Майкопа і Краснадара. За гэты час знішчана: 183 танкі, 768 аўтамашын з войскам, 31 аўтацыстэрна з гаручым, 31 гармата, мінамётная батарэя, узарвана 8 складоў з боепрыпасамі і падаўлены агонь 26 арт-батарэй. Забіта 490 нямецкіх салдат і афіцэраў..." Пад "шапкай" "Выконваем загад правадыра" паведамляецца пра баявыя эпізоды партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі вакол Мінска. І далей інфармацыя замежная — "Новы прыток раненых германскіх салдат", "Сутычкі паміж венгерскім і румынскім войскам", "Гітлераўскі тэрор у Чэхаславакіі", "Сустрэча братоў у баю". Напрыканцы другой паласы невялічкая нататка аб вялікай страце: "29 чэрвеня памёр народны паэт Беларусі Я. Купала. У дні айчыннай вайны Я. Купала напісаў шмат яскравых антыфашысцкіх твораў, якія былі прасякнуты глыбокай ненавісцю да нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У асобе Я.Купалы беларускі народ страціў аднаго з найвыдатнейшых сваіх паэтаў і змагара за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх мярзотнікаў".

У выніку арыштаў падпольшчыкаў газета спыніла свой выхад у Мінску і вымушана была працягваць сваю дзейнасць у лесе, у партызанскім краі, аж да вызвалення Беларусі. Разам з воінамі Чырвонай Арміі і народнымі мсціўцамі ў Мінск прыйшла з падполля "Звязда". 10 ліпеня 1944 г. "Звязда" зноў выйшла ў роднай сталіцы.

Экзэмпляр газеты "Звязда" за 9 мая 1945 г. (№ 85) захоўваецца ў рукапісным архіўным фондзе № 52 "Панченко П.Е." аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. Бібліятэка атрымала яго ў 2000 г. ад удавы П. Панчанкі разам з рукапісным архівам пісьменніка.

Алена Дзенісенка,

навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Багатая калекцыя падпольнага перыядычнага друку ваеннага часу пачала фарміравацца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика