"Асфальтавы" гандаль: танна і якасна? Небяспечна!. 21.by

"Асфальтавы" гандаль: танна і якасна? Небяспечна!

14.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віцебск, бадай, стаў першым горадам у Беларусі, дзе мясцовая ўлада грунтоўна ўзялася за вырашэнне праблемы незаконнага гандлю. Маюцца на ўвазе гандляры, якія літаральна на вуліцах прапаноўваюць купіць "з зямлі" агародніну, фрукты, кансервы, кветкі і гэтак далей. Такіх можна сустрэць ва ўсіх буйных (і не вельмі) гарадах, а таксама каля трас. Без выхадных, пры любым надвор'і гандлююць, як іх называюць у народзе, "бабулькі". Хаця сярод гандляроў можна сустрэць і здаравенных мужыкоў, і жанчын, якім яшчэ вельмі далёка да пенсійнага ўзросту.

— Несанкцыянаваны гандаль у Віцебску — набалелая праблема. Грамадзяне незаконна гандлююць як харчовымі, так і не харчовымі таварамі. Можа, не ведаюць, што ў 2009 годзе ў артыкул 12.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях была ўключана частка 8, згодна з якой прадугледжана адказнасць за рэалізацыю тавараў з рук, латкоў, калясак, аўтамабіляў? Прадстаўлена і права канфіскацыі такога тавару, але да гэтай меры мы звяртаемся рэдка. Разам з гарадской ўладай, падатковай інспекцыяй прымаем меры, каб спыніць незаконны гандаль. З пачатку года былі складзены дзясяткі пратаколаў, — расказвае намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Ігар Скарыновіч. — Штраф за такое парушэнне — да трох базавых велічынь, але многіх гэта не пужае, зноў выходзяць гандляваць. Каб вырашыць праблему, можна стварыць так званыя сацыяльныя гандлёвыя месцы на рынках (з правам гандлю і аплатай усяго 1-2 тысячы рублёў у дзень). Абсталяваць усім неабходным гэтыя месцы і прадаставіць магчымасць гандляваць.

Прадстаўнікі праваахоўных органаў канстатуюць, што, у адрозненне ад "бабулек", якія часцей за ўсё самі вырошчваюць бульбу, агуркі і гэтак далей, некаторыя прадпрымальнікі, якія афіцыйна не аформлены, арганізоўваюць на вуліцах гандаль прадукцыяй, якую не вырабляюць. І такім чынам рэалізуюць тую ж гародніну, фрукты, розныя прамысловыя тавары. У такім выпадку іх прыцягваюць да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

— Праблема з несанкцыянаваным гандлем у Віцебску сапраўды існуе. Тут галоўная задача — бяспечнасць грамадзян, якія могуць купіць на вуліцы няякасны тавар. У вулічных гандляроў, зразумела, няма дакументаў, якія маглі б пацвердзіць якасць таго, што яны прадаюць, — каментуе Ірына Супрун, начальнік упраўлення гандлю і паслуг віцебскага гарвыканкама. — Што ж да прапановы стварыць так званыя сацыяльныя гандлёвыя месцы — адпаведнае даручэнне ёсць. Калі грамадзяне гандлююць тым, што вырасцілі на сваіх прысядзібных участках, ім трэба прадаставіць гандлёвыя месцы па мінімальных расцэнках, а можа, і наогул не браць плату. Але ж гэта не вызваляе грамадзян ад неабходнасці мець усе неабходныя дакументы, прадугледжаныя правіламі гандлю на рынках. У горадзе, акрамя рынкаў, створаны так званыя гандлёвыя рады (яны падтрымліваюцца ў нармальным, цывілізаваным стане), дзе можна гандляваць прадукцыяй, вырашчанай, паўтаруся, уласнымі рукамі, якасць якой пацвярджаецца.

На афіцыйных рынках Віцебска як і на 13 спецыяльна абсталяваных крытых пляцоўках, заўсёды ёсць свабодныя месцы, каб на іх гандлявалі сельскагаспадарчай прадукцыі са сваіх участкаў, а не, напрыклад, кансервамі, рыбай, мясам. Чаму ж тады вулічныя гандляры сюды не спяшаюцца?

У сваю чаргу, Мікалай Красоўскі, галоўны ўрач Віцебскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, адзначыў, што з усяго аб'ёму прадуктаў, канфіскаваных падчас рэйдаў кантралюючых органаў, ніводны не падыходзіў для далейшай рэалізацыі. Дарэчы, у санітарных урачоў няма паўнамоцтваў кантраляваць вулічных гандляроў. Бо ў іх "вядзенні" толькі крамы і пункты харчавання.

— Мы ў тым ліку кантралюем і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Але нават адказнасць у выглядзе штрафу да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару не пужае прадпрымальнікаў. Многія грамадзяне ўжо неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, — кажа Валерый Лабацэвіч, намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. — Купляюць тавар у Расіі, іншых краінах і перапрадаюць — вось іх "бізнэс". Безумоўна, перад тым, як скласці адміністрацыйны пратакол, мы абавязкова пісьмова папярэджваем грамадзян аб недапушчэнні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У падаткавікоў, дарэчы, ёсць права канфіскоўваць і аўто, на якіх падвозяць тавар да месца гандлю, і шалі. І выпадкі, калі транспарт быў арыштаваны, ёсць: толькі за першыя пяць месяцаў падатковымі органамі арыштавана 19 машын. Магло б быць і больш, але даказаць факт продажу вельмі цяжка. Калі ўстаноўлены даход на суму больш за тысячу базавых велічынь, у дачыненні да вінаватых можа быць прыменена і крымінальная адказнасць.

Каб гандляваць, грамадзяне не абавязаны рэгістравацца ў якасці прадпрымальнікаў. Яны могуць законна гандляваць на рынках горада, але не больш чым пяць дзён у месяц, выплачваючы адпаведную суму адзінага падатку. Яго памер залежыць ад таго, што прадаецца. Напрыклад, за магчымасць продажу кветак, якія вырашчаны на прысядзібным участку, чалавек за пяць дзён гандлю заплаціць каля 72 тысяч рублёў.

— Віцебск прыгажэе і, несумненна, у прыгожым утульным горадзе павінна быць адпаведнае гандлёвае абслугоўванне. Напэўна, людзі, якія выходзяць гандляваць на вуліцы, не ведаюць вызначаных нормаў, правілаў, у іх недастаткова інфармацыі. І гандлююць у неўстаноўленых для гэтых мэт месцах, — разважае Зінаіда Каралёва, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама. — Таму трэба весці тлумачальную работу, каб не парушалася адпаведнае заканадаўства. Стыхійны гандаль псуе аблічча абласнога цэнтра, стварае праблемы для арганізацый, якія адказваюць за чысціню на вуліцах горада. Немалаважна тое, што жыхары Віцебска, якія набываюць у вулічных гандляроў прадукцыю, рызыкуюць купіць сапсаваны тавар. На рынках Віцебска для рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, якую вырасцілі на прысядзібных участках, створана больш за трыста месцаў. Практычна палова з іх штодня не занятая. Плата за арэнду аднаго такога месца складае ўсяго ад 1 да 5 тысяч рублёў у дзень — у залежнасці ад рынка і віда прадукцыі.

— У нас са 150 месцаў, якія прызначаны для рэалізацыі лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, большасць пастаянна пустуе. І мы нават гатовы зрабіць зніжкі, падзяліць арэндную плату на дваіх прадаўцоў. А вось незалежная лабараторная экспертыза тавару каштуе грошай. Але сума залежыць ад яго аб'ёму, так што тым, хто хоча прадаць пару дзясяткаў кіло бульбы, асабліва раскашэльвацца не прыйдзецца, — кажа Марына Драздова, дырэктар "Полацкага калгаснага рынка", які знаходзіцца недалёка ад чыгуначнага вакзала. — Хутчэй за ўсё, грамадзян, якія гандлююць па-за рынкамі, адпуджвае неабходнасць мець пакет дакументаў, якія, між іншым, сабраць зусім не цяжка. Даведку з раённай адміністрацыі, сельсавета або ад старшыні дачнага кааператыва — у залежнасці ад месца размяшчэння ўчастка, на якім вырошчваецца прадукцыя, — выдаюць бясплатна і на працягу максімум пяці дзён.

На думку дырэктара аднаго з віцебскіх калгасных рынкаў, 70 працэнтаў з ліку тых, хто зарабляе несанкцыянаваным гандлем, не бедныя пенсіянеры, а звычайныя спекулянты і перакупшчыкі.

Як адзначыла Таіса Баглай, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна горада Віцебска, у адміністрацыі за пяць месяцаў гэтага года выдалі толькі 20 даведак, хоць у мінулым годзе за гэты ж перыяд — у два разы больш.

Не сакрэт, што інфармацыя ў даведцы не заўсёды супадае з тым, што рэальна прадаецца. Нярэдка гандляры паралельна прадаюць прадукцыю з дачных участкаў суседзяў, аднавяскоўцаў...

Думаецца, што праблема несанкцыянаванага гандлю можа вырашыцца, калі мы — патэнцыйныя пакупнікі — проста будзем праходзіць міма вулічных гандляроў. Тым больш, што пры пакупцы ў іх асабліва не зэканоміш. А атруціцца ці яшчэ нейкім чынам сапсаваць здароўе можна вельмі лёгка.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віцебск, бадай, стаў першым горадам у Беларусі, дзе мясцовая ўлада грунтоўна ўзялася за вырашэнне праблемы незаконнага гандлю. Маюцца на ўвазе гандляры, якія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика