МАЗ выпусціў смеццявоз і назваў яго "Сапфір".... 21.by

МАЗ выпусціў смеццявоз і назваў яго "Сапфір"...

29.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінскі аўтамабільны завод прэзентаваў журналістам новыя мадэлі тэхнікі — смеццявоз і зернявоз. Калі першы — толькі доследны экзэмпляр і яшчэ будзе праходзіць выпрабаванні, то на зернявозы ўжо ёсць канкрэтныя заказчыкі: МАЗ выйграў тэндар і на працягу наступнага года 1000 такіх машын паставіць ва Украіну.

— Зернявоз быў зроблены па заказе сельскагаспадарчых кампаній. Для гэтай тэхнікі ёсць добрыя нішы ва Украіне і ў Казахстане, — кажа Дзмітрый КАРАТКЕВІЧ, намеснік гендырэктара па тэхнічным развіцці ААТ "МАЗ". — "Фішка" нашага зернявоза ў тым, што гэты аўтацягнік можа перавозіць да 70 кубічных метраў збожжа, семак і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, а па тэхніка-эканамічных параметрах ён пераўзыходзіць аналагі КамАЗа і МАНа.

Што тычыцца смеццявоза, то ён быў сканструяваны і зроблены па заданні Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі для альтэрнатывы імпартным аналагам. Як паведаміў Павел КАРАНКЕВІЧ, галоўны канструктар завода "Магілёўтрансмаш" (гэты завод уваходзіць у холдынг "БелаўтаМАЗ"), смеццявоз у хуткім часе пойдзе ў доследную эксплуатацыю — хутчэй за ўсё гэта будзе адзін з раёнаў Гомельскай вобласці. Міністэрства ЖКГ выказала зацікаўленасць на набыццё яшчэ дзясятка такіх машын у наступным годзе. Дарэчы, варта адзначыць, што першы экзэмпляр зроблены на базе трохвоснай платформы і з задняй загрузкай, таму ён прызначаны для збору смецця ў прыватным сектары, а не ў шчыльных гарадскіх дварах.


— У дваравых тэрыторыях патрэбна машына з бакавой загрузкай — мы яе будзем рабіць трохі пазней, бо яна больш складаная і там мы, хутчэй за ўсё, не абышліся б без пакупных камплектных частак. А стаяла задача зрабіць менавіта беларускі смеццявоз, — патлумачыў Павел Каранкевіч і дадаў, што на другім этапе будзе зроблены смеццявоз на двухвосевым шасі з задняй загрузкай, а на трэцім этапе — ужо смеццявоз з бакавой загрузкай.

Каштаваць смеццявоз будзе каля 1,1 млрд беларускіх рублёў. Як лічыць Сяргей ЗАХАРЭВІЧ, намеснік камерцыйнага дырэктара па рэалізацыі грузавой тэхнікі ААТ "МАЗ", ён будзе канкурэнтаздольны па сваіх цэнавых параметрах: аналаг імпартнай вытворчасці каштуе каля 150 тыс. еўра — і гэта на ўмовах самавывазу з Еўропы, без пошлін і ПДВ. А вось Павел Каранкевіч лічыць, што першапачаткова супернічаць з Мцэнскім заводам "Каммаш" ці Арзамаскім заводам камунальнага машынабудавання будзе дастаткова складана, бо МАЗу давядзецца нейкія выдаткі па наладжванні серыйнай вытворчасці закладваць у першыя ўзоры, а ў канкурэнтаў выпуск ужо даўно наладжаны.

Журналісты таксама пацікавіліся, чаму смеццявоз атрымаў назву "Сапфір". Павел Каранкевіч распавёў, што гендырэктарам была пастаўлена задача, каб назвы мадэляў былі не кшталту "МАЗ-6902В5" (іх спажыўцы дрэнна запамінаюць), а яшчэ і мелі "чалавечыя" словы:

— І вось звычайныя канструктары завода сядзелі і думалі — як машыну назваць? І чамусьці прыйшла такая ідэя. А чаму б і не паспрабаваць, мо прыжывецца? Я мяркую, даволі прыгожая назва.

Дзмітрый Караткевіч дадаў, што і далейшыя мадэлі смеццявозаў будуць мець назвы каштоўных камянёў — тапаз, рубін і г.д.

Напрыканцы прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў намесніка гендырэктара, як рухаецца працэс аб'яднання МАЗа і КамАЗа ў адзіны холдынг. Па словах Дзмітрыя Караткевіча, ужо "праведзены ўсе папярэднія ацэнкі, інфармацыя перададзена на самы верхні ўзровень і рашэнні будуць прымацца на ўзроўні прэзідэнта". Дарэчы, на днях з'явілася інфармацыя, што ацэнкі "КамАЗа" і "МАЗа" выраслі ўдвая і склалі 2 і 1,6 млрд долараў адпаведна. Дзмітрый Віктаравіч гэты рост патлумачыў так:

— Натуральна, пры кожным падыходзе да гэтага пытання робяцца ўсе магчымыя захады, каб паказаць усе свае актывы. Нейкія актывы, хутчэй за ўсё, спачатку не былі ўлічаны. Зараз прайшоў час з моманту першай ацэнкі — а там улічваецца і інтэлектуальны патэнцыял прадпрыемства, які пастаянна расце, улічваюцца напрацоўкі... За паўгода-год было шмат зроблена, таму і цана расце — няма нічога дзіўнага, — сказаў ён і на пытанне: "Дык мо яшчэ пачакаць, пакуль цана вырасце?" адказаў з усмешкай — "Можа быць".

Пры гэтым дадаў, што "МАЗ" заўсёды гатовы выконваць тыя задачы, якія ставіць урад, таму ў прынцыпе да аб'яднання прадпрыемства гатовае.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскі аўтамабільны завод прэзентаваў журналістам новыя мадэлі тэхнікі — смеццявоз і зернявоз. Калі першы — толькі доследны экзэмпляр і яшчэ будзе праходзіць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика