40 мільёнаў гадоў таму...
16.02.2013
—
Новости Общества
|
40 мільёнаў гадоў таму на Лагойшчыне "прызямліўся" метэарыт. Здавалася, нішто не прадказвала бяду: свяціла сонца, на беразе марской лагуны грэліся трапічныя жывёлы. Раптам на небе з'явіўся велізарны вогненны шар, які з неймавернай хуткасцю набліжаўся да зямлі. Невядомы касмічны госць урэзаўся ў марскі бераг з такой сілай, што, здавалася, прасвідраваў зямныя нетры. Ад выбуху страсянулася наваколле, а рэха разнеслася на сотні кіламетраў. Высокія хвалі-цунамі хлынулі на бераг. Яны паглыналі на сваім шляху ўсё жывое. Гэткія жахі гледачы назіраюць у галівудскіх фільмах. Але прыкладна такі апакаліпсіс адбыўся калісьці на тэрыторыі сучаснай Лагойшчыны. Паміж Лагойскам і Плешчаніцамі, паблізу вёсак Кузевічы і Лагаза ўпаў метэарыт, які меў звыш 600 метраў у дыяметры і вагу да 500 млн тон. Нёсся астэроід да Зямлі з хуткасцю 18 кіламетраў у секунду. Магутнасць выбуху перавышала магутнасць скінутай на Хірасіму атамнай бомбы ў 10 тысяч разоў. У выніку ўтварыўся кратар даўжынёй і шырынёй адпаведна да 15 і 11 кіламетраў і глыбінёй 1000 метраў. Здарылася гэтая трагедыя ў эпоху сярэдняга палеагену. На той час на зямлі панаваў камфортны трапічны клімат, а тэрыторыю Еўропы пакрывалі вечназялёныя лясы. Цяжка нават уявіць, што на поўдні нашай краіны, у тым ліку і на Лагойшчыне, плёскаліся хвалі цёплага пяшчотнага мора, а на яго берагах і ў засені раскідзістых дрэў сяліліся млекакормячыя і драпежныя птушкі: у гэты перыяд рэптыліі практычна вымерлі, і іх нішу пачалі займаць новыя віды жывёл. Выбуховая хваля знішчыла ўсё жывое на дзясяткі, можа нават і сотні кіламетраў, сонца закрылі пыл і попел, зямля пагрузілася ў цемру на многа месяцаў. У хуткім часе кратар запоўніўся вадой і пераўтварыўся ў глыбокае, правільнай круглай формы, возера. Цяпер мала што нагадвае, што ў далёкім мінулым тут адбылася касмічная катастрофа. Вадаём зарос асакой, чаротам і стаў звычайным балотам, якое часткова асушана. А сам кратар можна ўбачыць толькі з дапамогай аэраздымак. Справа ў тым, што па тэрыторыі Беларусі неаднаразова праходзілі скандынаўскія ледавікі. Яны і залячылі рану, нанесеную зямлі касмічным госцем. Разам з тым, як сцвярджаюць жыхары Кузевіч, да сённяшняга дня гэтая зона з'яўляецца, так бы мовіць, асаблівай, паколькі тут адбываюцца незразумелыя рэчы. Аднойчы пры моцнай навальніцы невядомая сіла паваліла тэлефонныя слупы. А яшчэ мне па сакрэце паведамілі, што на дне кратара, пад 200-метровым напластаваннем, захоўваецца багаты скарб — алмазы, што ўтварыліся пры сутыкненні зорнага прышэльца з зямлёй. Ды гэтую байку развеяла студэнтка Алена — будучы геолаг: сапраўды, гэтыя каштоўныя "каменьчыкі" прысутнічаюць у мікраскапічным пыле, але ў такой нязначнай колькасці, што сабраць іх немагчыма. Разам з тым лагайчане ганарацца, што "госць", які калісьці "прызямліўся" ў іх раёне, самы буйны на тэрыторыі краін СНД, і яго ахрысцілі касмічным братам Тунгускага метэарыта. Месца падзення астэроіда выявілі выпадкова. У сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя паміж Лагойскам і Плешчаніцамі вяліся планавыя геалагічныя работы з бурэннем свідравін. Нечакана ў адным з пластоў былі заўважаны неўласцівыя для рэгіёна пароды. Іх дасканала абследавалі масцітыя акадэмікі, спецыялісты — выказваліся розныя здагадкі, меркаванні. З вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Мікалаем Вераценнікавым, які сцвярджаў, што гэта метэарытны кратар, доўгі час не пагаджаліся. Але ўрэшце вымушаны былі прыняць яго трактоўку. У Беларусі афіцыйна зарэгістравана пяць метэарытаў, факт падзення якіх неаспрэчны. Адзін з іх знойдзены ў Слуцкім раёне ў 1954 годзе і вядомы пад назвай Грэск. Яго вага 300 кілаграмаў. Другі (дакладней, яго асколкі агульнай масай больш за 800 кілаграмаў) "прызямліўся" ў пазамінулым стагоддзі ў Брагінскім раёне. Невялікія каменныя метэарыты былі выяўлены таксама ў Столінскім, Івацэвіцкім і Быхаўскім раёнах. Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
40 мільёнаў гадоў таму на Лагойшчыне "прызямліўся" метэарыт. Здавалася, нішто не прадказвала бяду: свяціла сонца, на беразе марской лагуны грэліся трапічныя...
|
|