"Прадбачыць з'яўленне метэароіда было немагчыма". 21.by

"Прадбачыць з'яўленне метэароіда было немагчыма"

16.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Над Уралам выбухнуў  нечаканы "госць" з космасу

Калі чытаеш паведамленні, глядзіш фотаздымкі і асабліва відэа — робіцца неяк ніякавата. Вялікі вогненны шар, падаецца, ляціць проста на аўтамабіль, з якога вядуцца здымкі... Нязвыкла вялізны шлейф у небе... Успышка, моцныя выбухі... Тое, што шмат разоў з галівудскім размахам паказвалі нам на экране, адбылося наяве. Перажыць гэты жах выпала жыхарам некалькіх расійскіх гарадоў: над Чалябінскай вобласцю ўзарваўся метэароід...

На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу гаварылася пра 550 пацярпелых. У мароз без шкла засталося каля 300 дамоў, у некаторых абваліліся дахі. Вокны павыбівала таксама ў 12 школах і трох бальніцах, 16 сацыяльных аб'ектах. Былі паабрываны правады ліній электраперадач, не працавала мабільная сувязь...

У самім Чалябінску выбухі прагрымелі ў Ленінскім раёне, а таксама каля трактарнага завода. Кавалак нябеснага аб'екта ўпаў на дах трубапракатнага завода, яшчэ адзін разбурыў частку сцяны цынкавага завода. Паведамлялася пра тое, што часткова абрынуўся дах атэля... У горадзе была праведзена частковая эвакуацыя. Паліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым нясення службы, быў уведзены план "Крэпасць". Усе стратэгічныя і жыццёва важныя аб'екты Чалябінска былі ўзяты пад дадатковую ахову. Па першаснай інфармацыі, падзенне нейкіх аб'ектаў назіралі і ў Свярдлоўскай вобласці.

Паводле інфармацыі, якая была вядомай на момант падрыхтоўкі публікацыі, гучалі меркаванні, што ўзарваўся каменны метэароід або міні-камета. Мяркуецца, што нябеснае цела магло быць дыяметрам больш за 10 метраў. Вышынёй выбуху называліся 43-47 кіламетры.

Міністэрства абароны Расіі быццам бы ведала пра набліжэнне да Зямлі касмічнага цела. Аднак ваенныя, маючы папярэднія даныя пра яго састаў і памеры, палічылі, што аб'ект згарыць у атмасферы. Таму і падстаў для трывогі ніякіх не было...

  З просьбай пракаментаваць падзеі на Урале мы звярнуліся да дырэктара абсерваторыі БДУ Альгерда Кузнечыка.

— На вашу думку, што ж адбылося ў небе над уральскімі гарадамі, а потым і на зямлі?

— Можна меркаваць, што ў паветры ўзарваўся метэароід. Метэарыт — гэта тое, што ўжо знаходзіцца на зямлі, а калі ў паветры — метэароід. Унутры яго былі газы, і метэароід разарвала. У залежнасці ад дыяпазонавых памераў метэароіды падзяляюцца на баліды і астэроіды. У балідаў у касмічных целаў таксама існуе класіфікацыя. Таму дакладна сказаць, што гэта было за касмічнае цела, можна будзе толькі пасля таго, як яго асноўны кавалак дастануць з возера, куды, як я чытаў, ён упаў, і даследуюць. Але ўжо можна сказаць, што памер метэароіда быў немалым. Адносна дробныя касмічныя целы, уваходзячы ў атмасферу, выпадаюць "дажджом", які згарае на вышыні ад 120 да 80 кіламетраў.

— Ольгерд Паўлавіч, можна меркаваць, які метэароід быў па сваім саставе? Ведаючы гэта, можна будзе, напэўна, патлумачыць і маштаб разбурэнняў...

— Думаю, жалезанікелевы. Але каб дакладна гэта гаварыць, трэба правесці спектральны аналіз яго абломкаў, што ўпалі на зямлю. З іншага боку, я не адмаўляю, што гэтым касмічным целам мог быць аб'ект і штучнага паходжання: дэталь ад ракеты, умоўна кажучы, ад касмічнай станцыі. Не ад цяперашняй МКС, а з разраду касмічнага смецця.

Калі гаварыць пра найбольшую небяспеку ад касмічных целаў, дык яе ўяўляюць якраз жалезныя або жалезанікелевыя метэароіды. Напрыклад, у каменным касмічным целе ёсць поры, значыць, за кошт гэтага такі метэароід будзе мець зусім іншую вагу, чым два вышэйназваныя. Яшчэ большую небяспеку ўяўляюць найперш каметы, паколькі ёсць істотнае адрозненне ў ядрах. У каметы яно выдзяляе шмат розных газаў, якія ўспыхваюць. І ўрон ад каметы будзе яшчэ большым, калі яна ўзарвецца ў паветры.

— Ці можна было прадбачыць падзенне метэароіда?

— Прадбачыць, на жаль, не. Гэта яшчэ пакуль не ўяўляецца магчымым, прынамсі, вельмі дакладна. Чаму? Мы гаворым пра сур'ёзную праблему. Астэроідна-каметная небяспека абмяркоўвалася ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у палаце лордаў Вялікабрытаніі, у кангрэсе ЗША, былі выдзеленыя сродкі на рашэнне гэтай праблемы. Як толькі гэта адбылося, у ЗША з 1998 года запрацавала праграма "Касмічная варта — 1". Яе мэта — выяўленне касмічных целаў памерамі ад аднаго кіламетра і больш, вызначэнне іх арбіт і ўнясенне ў каталогі. Да 2008 года гэтая праца была зроблена. Мэтай "Касмічнай варты — 2" было выяўленне ўжо касмічных целы памерамі ад 300 метраў да аднаго кіламетра. У наступнай праграмы, трэцяй, якая плануецца, патрабаванні будуць такімі: знайсці касмічныя цела памерамі ад 100 — 300 метраў. У выпадку падзення на Зямлю касмічнага цела памерам 100 і больш метраў адбудзецца рэгіянальная катастрофа (менавіта падзення аб'екта названых памераў, а не набліжэння да планеты, бо некаторыя памылкова лічаць, што калі касмічнае цела такіх памераў будзе набліжацца, дык пачне згараць і маштаб катастрофы будзе іншым). Калі ўпадзе аб'ект памерам ад аднаго кіламетра і больш — гэта будзе глабальнай катастрофай. Калі памеры складуць 10 кіламетраў — надыдзе канец цывілізацыі.

— Агучана версія, што метэароід, які абрынуўся на Урал, — гэта асколак астэроіда 2012 DА14, які ў пятніцу ўвечары павінен прайсці побач з Зямлёй...

— Астэроід 2012 DА14 праляціць на адлегласці ў 27,7 тысячы кіламетраў ад паверхні Зямлі. Гэта ў дзесяць разоў менш, чым адлегласць ад Зямлі да Месяца. Названы астэроід стане першым такога памеру, які пройдзе настолькі блізка ад нашай планеты з 1998 года, калі пачаліся рэгулярныя назіранні за касмічнымі аб'ектамі. Дарэчы, выяўлены ў лютым мінулага года ён быў выпадкова. Але пагрозы ён не ўяўляе.   Сяргей РАСОЛЬКА.  

Відавочцы: "Успышка... а потым зямля задрыжала"

Мы патэлефанавалі ў Чалябінск. Таццяна Багатырова жыве ва ўласным доме ў раёне трактарнага завода. Вось што яна расказала пра падзеі таго часу:

— Мы з унучкай Васілісай якраз у доме знаходзіліся. Недзе дзевяць гадзін было ці на пачатак дзясятай. Пачулі моцны гул. Глянулі ў акно — а там яркая ўспышка. Велізарная, я такой ніколі не бачыла.

Муж Анатоль быў на вуліцы, крычыць: "Ідзі сюды, глядзі!". Выбягаю. Чорныя клубы дыму ў небе сцелюцца, да зямлі цягнуцца. А муж і выбух бачыў. Я адразу падумала, што, можа, самалёт ваенны разбіўся? Бо недалёка ад нас ваенны аэрадром, і якраз над нашым домам бамбардзіроўшчыкі Су-24 на пасадку заходзяць.

А потым зямля задрыжала. Як пасля землятрусу. Хвіліны дзве так доўжылася. Вельмі страшна было. Надта ўнучка спалохалася. А ў роце металічны прысмак з'явіўся. На першым паверсе ў нашым доме павыбівала вокны. На другім паверсе пазляталі вазоны з падаконніка.

Муж павёз унучку ў садзік. А там паўсюль выбітыя шыбы валяюцца. Зразумела, што параілі вяртацца дадому. І ў школе, чула, заняткі адмянілі, усіх дахаты адправілі. Вярталіся мае — дык па дарозе шмат дзе выбітыя шыбы бачылі. Асабліва каля гарадскога цырка.

Тэлефанавала дачцэ на працу. Тая кажа, што ў іх офісе шыбы цэлыя, але вокны парасчыняліся ад выбуху. І хто каля вокнаў сядзеў за камп'ютарамі — іх на падлогу паскідвала нават.

Віктар Вікенцьеў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Над Уралам выбухнуў нечаканы "госць" з космасу Калі чытаеш паведамленні, глядзіш фотаздымкі і асабліва відэа — робіцца неяк ніякавата. Вялікі вогненны шар,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика