Гісторыя Слоніма звязана з імёнамі дзясяткаў вядомых людзей. Тут багатыя літаратурныя, літаратурна-мастацкія, краязнаўчыя традыцыі. На плошчы Леніна будзе ўстаноўлены помнік Льву Сапегу, роля якога ў станаўленні горада добра вядома. Беларус па паходжанні, Сапега пачаў кар’еру з пасады пісара Вялікага Княства Літоўскага, даслужыўся да найвышэйшай пасады канцлера, меў званне ваяводы віленскага і гетмана ВКЛ. У 1586 годзе ён атрымаў у кіраванне Слонім. Па просьбе Льва Сапегі ў 1591 годзе гораду было пацверджана Магдэбургскае права, падараваны герб. За час праўлення Льва Сапегі Слонім стаў развітым цэнтрам рамёстваў і гандлю. Тут былі пабудаваны ратуша, гандлёвыя рады, першыя цэхі мясцовых рамеснікаў-ткачоў, склаўся гістарычны цэнтр з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі.
Апошнім часам цэнтрам павышанай увагі стаў канал Агінскага, які бярэ пачатак у Слоніме. Гэты цуд гідратэхнікі ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў – частка рукатворнага воднага шляху, ён калісьці злучаў Шчару і Ясельду, якая ўпадае ў Дняпро. Маршрут любой экскурсіі па Слоніме вядзе да канала, названага ў гонар слонімскага старасты, гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Агінскага. Да Дня пісьменства плануецца таксама ўсталяваць бюст земляка, які ўжо адліваюць з бронзы мясцовыя майстры.
Нагадаем яшчэ раз: старт Дню беларускага пісьменства ў Слоніме будзе дадзены 31 жніўня. У райцэнтры плануецца арганізаваць Фестываль кнігі і прэсы, у гарадскім парку за званне «Уладар сяла» будуць змагацца маладыя сем’і вобласці. Іх чакаюць творчыя, спартыўныя і кулінарныя баталіі з нацыянальным каларытам.
А 1 верасня стане самым значным і запамінальным днём. Па ўсім горадзе будуць дзейнічаць дзясяткі інтэрактыўных пляцовак, будуць арганізаваны падворкі мастацкіх калектываў рэгіёна. У парку разгорнецца дзіцячая пляцоўка. На працягу дня пройдуць невялікія тэатралізаваныя паказы асобных эпізодаў вядомых твораў. Ажывуць героі п’есы «Тутэйшыя» Янкі Купалы, рамана «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, рамана «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна і іншыя.
Да свята рыхтуецца друкаваная прадукцыя: набор паштовак з рэтракраявідамі Слоніма, зборнік твораў пісьменнікаў і паэтаў слонімскай зямлі, іншыя тэматычныя альбомы, выданні, прысвечаныя гісторыі і турызму. Сланімчане запрашаюць: прыязджайце і самі ўсё ўбачыце!