Творчая вечарына шаркаўшчынскага паэта і празаіка Міледзія Кукуця прайшла ў раённай бібліятэцы. 21.by

Творчая вечарына шаркаўшчынскага паэта і празаіка Міледзія Кукуця прайшла ў раённай бібліятэцы

07.07.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_0702Пясняр зямлі шаркаўшчынскай. Напэўна, не памылімся, калі такім высокім імем назавём нашага земляка, паэта і празаіка Міледзія Мікалаевіча Кукуця. У асобе гэтага чалавека суіснуюць фізік і лірык. У свой час Міледзій Мікалаевіч закончыў Гарадоцкі сельгастэхнікум, а затым Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. І толькі пасля, маючы багаты жыццёвы вопыт, гэты чалавек прыйшоў у літаратуру. Усе, хто хоць аднойчы чытаў творы Міледзія Мікалаевіча, пагадзяцца, што напісаны яны пранікнёна, душэўна. Напрыклад, аповесць “На сёмым небе” наогул аўтабіяграфічная.

29 чэрвеня Міледзій Мікалаевіч ладзіў сваю творчую вечарыну ў раённай бібліятэцы. Мерапрыемства сабрала мноства сяброў і знаёмых гэтага чалавека, калег па пяру. Нагодай таму стаў юбілей нашага земляка, які ён сустрэў напярэдадні. Работнікі ўстановы культуры чыталі ўрыўкі з твораў Міледзія Мікалаевіча. Самадзейныя шаркаўшчынскія артысты паклалі на музыку некаторыя яго вершы. Гэтыя песні гучалі ў выкананні кіраўніка народнага калектыву “Лужкаўскія песняры” Сяргея Гамановіча, мастацкага кіраўніка Навасельскага СДК Івана Гарбачонка. Шмат цёплых слоў выказалі Міледзію Мікалаевічу яго сябры па народным літаратурна-музычным аб’яднанні “Світанак” Ала Міхайлава, Віктар Лагун, Уладзімір Мілянцей. Дарэчы, як успамінаў сам юбіляр, ён быў адным з ініцыятараў стварэння гэтай творчай суполкі шаркаўшчынскіх паэтаў і празаікаў. Было гэта 26 год назад. Тады ён, Кацярына Сосна, Віктар Лагун, Таццяна Еўдакова і іншыя творчыя людзі вырашылі згуртавацца ў адно аб’яднанне. Творы гэтых людзей пачалі спачатку публікавацца ў раённай газеце “Кліч Радзімы”, затым кожны з іх стаў друкавацца ў абласным і рэспубліканскім друку, выдаваць свае творы.

— Прыкладна ў 40-гадовым узросце я напісаў верш, — сказаў падчас імпрэзы Міледзій Мікалаевіч. — Спачатку прачытаў яго сваёй жонцы Зоі Васільеўне. Затым пачаў пісаць аповесці. У 1997 годзе ў Полацкім выдавецтве “Рыса” выйшаў мой першы зборнік вершаў і прозы “Адзін дзень і ўсё жыццё”. Наступнымі кнігамі сталі зборнікі твораў “Чысціня душы”, “На сёмым небе”.

Дарэчы, за аповесць, якая дала назву апошняму зборніку, на рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Лепшы твор-2013” у намінацыі “проза” Міледзій Мікалаевіч атрымаў дыплом за другое месца.

У пачатку 1990-х гадоў Міледзій Кукуць напісаў верш-прысвячэнне пад назвай “Шаркаўшчынскі край”. Кампазітар Аляксандр Яцкевіч напісаў музыку на словы гэтага твора. У выніку атрымалася песня, якая стала гімнам нашага раёна.

У Міледзія Мікалаевіча вялікае мноства сяброў. Сярод іх знакамітыя пісьменнікі Віктар Праўдзін, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп і іншыя. Напярэдадні 65-гадовага юбілею Міледзія Кукуця Навум Гальпяровіч у газеце “Літаратура і мастацтва” напісаў артыкул, прысвечаны нашаму земляку. На імпрэзе прысутнічаў Віктар Праўдзін. Даўні сябар юбіляра выказаў пажаданні далейшай плённай творчай дзейнасці. Як сказаў сам Міледзій Мікалаевіч, на будучае ў яго шмат планаў у напісанні вершаў і аповесцяў, у якіх ён будзе ўслаўляць свае родныя мясціны і людзей.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_0654 IMG_0663 IMG_0688 IMG_0711 IMG_0714 IMG_0717 IMG_0723

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика