Краязнаўча-інфармацыйны маршрут. 21.by

Краязнаўча-інфармацыйны маршрут

16.01.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час газета шмат пісала пра раён. Але кампактнага,  цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Гэта «ўпушчэнне» і выпраўляем цяпер. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” працягваем анталогію 428 вёсак раёна. Сённяшні наш пункт тапанімічнага падарожжа – вёска Крыніца і яе наваколле.

У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Ракаў Фёдар Фёдаравіч КАВАЛЕНКА – расказаў, што нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыніца. Працаваў у Гіравіцкай СШ кіраўніком ваеннай справы і настаўнікам фізкультуры, дырэктарам Карнюткаўскай васьмігодкі, кіраваў дзіцячым аздараўленчым лагерам “База адпачынку “Ветразь” каля Ракава, намеснікам дырэктара Беллітфонду Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам Дома творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач”. Па адукацыі – старшы ваенны тапагеадэзіст, гісторык.

Ужо шмат гадоў ён займаецца вывучэннем сваёй малой радзімы, на ўспамін сталі прыходзіць дзіцячыя гады, аповеды дзядоў, аднавяскоўцаў. У выніку з’явілася вялікае жаданне пакласці на паперу ўсё тое, што захавалася ў памяці. Так атрымаўся экскурс-успамін, выкладзены на 23 старонках машынапіснага тэксту. Працягваем знаёміць з ім чытачоў.

ВЁСКА КРЫНІЦА І ЯЕ НАВАКОЛЛЕ

Што цікава, у верхняй частцы запруды выразалі ці высякалі невялікую адтуліну, праз якую цякла вада. Сцякаючы, яна цурчала, і вельмі зручна было набіраць яе ў любы посуд. У такім выглядзе “гідратэхнічнае абсталяванне” ў людзей мела сваю назву – цурбон. У той час вада ў рэчцы была чыстай і празрыстай: людзі гаварылі, як сляза. Яе можна было піць, набраўшы ў далоні і нагбом з берага. Таму ваду выкарыстоўвалі не толькі для гаспадарчых патрэб, але і для піцця.

Людзі бераглі і ахоўвалі рэчку. Яшчэ ўспомнілася адна зручнасць рэчкі і яе крыніц. Гаспадыні побач з крыніцай забівалі кальцом драўляныя колкі, у сярэдзіну якіх ставілі бляшанкі ці збанкі з малаком для адстойвання, прыкрываючы іх зверху грузам – каменем. Трэба адзначыць, што у той час у вясковай дзетвары нават у думках не было спакусы ўтварыць што-небудзь з халадзільнікам ручной работы.

У рэчцы было шмат рыбы: вадзіліся гаркуша, сліж, стронга ручаёвая (белая), мянёк. Гаркушы і сліжы былі асноўным кормам для стронгі. Дзесьці чытаў, што самы буйны экзэмпляр стронгі, злоўлены ў Беларусі, быў вагой 3 кілаграмы 600 грамаў, але восенню 1963 года на ўласныя вочы бачыў вылаўленую ў рэчцы стронгу вагой 4 кілаграмы 200 грамаў. З Заходняй Бярэзіны ў рэчку Крыніца заходзіў і шчупак, але шматлікая папуляцыя стронгі як драпежніцы выжывала яго. Пры ўпадзенні ў рэчку Крыніца Заходняй Бярэзіны заходзілі чароды яльца – ён падымаўся ўверх па рэчцы на 300-500 метраў.

Адметным было і тое, што ў нізіннай частцы рэчкі, якую паабапал абступалі балотцы, прыкладна паміж вёскамі Кражына і Калдыкі, вяліся балотныя чарапахі. Той экзэмпляр, які я бачыў напачатку 60-х гадоў, быў трохі большы за запалкавы карабок. Чарапаха свабодна размяшчалася на далоні рукі і была рудаватага колеру.

Тут жа, у гэтых мясцінах, непадалёк вёскі Калдыкі, напачатку 60-х рабіліся геалагічныя пошукі. Знайшлі невялікую колькасць залежаў торфу і нафты. Выхады нафты з нетраў зямлі можна было ўбачыць на паверхні балотцаў. У дзяцінстве ў час вандровак па рэчцы і навакольных балотцах можна было натрапіць на кавалачкі балотнай жалезнай руды.

Па ўспамінах аднаго дзядка А. Садоўскага, на лужку в. Крыніца раслі тры магутныя волаты-дубы. Адзін з іх быў таўшчынёй у некалькі чалавечых абхватаў. Жывучы на хутары за вярсту ад вёскі за двума ўзгоркамі, стары яшчэ ў дзяцінстве са свайго двара бачыў верхавіну аднаго з дубоў. Можна ўявіць, якой велічы быў дуб. Чаму і як іх не стала – невядома, але збуцвелы і замшэлы велізарны пень я яшчэ застаў у дзяцінстве.

Багаты і разнастайны быў раслінны свет на берагах і лужках рэчкі Крыніца. Тут раслі вольха, мноства чаромхі, каліны, крушыны, брызгліны, чырвоных і чорных парэчак. Дрэвы і кусты абвіваліся і перапляталіся дзікім хмелем і чорным паслёнам. У перыяд цвіцення чаромхі, каліны, хмелю тут стаяла неймаверная прыгажосць. Кветкавы водар напаўняў наваколле – яго адчуваю і цяпер. На невялічкіх лужках раслі ятрышнікі, белакрыльнікі, вахта трохлісцевая, валяр’ян лекавы, гравілат, белаазёр, ракавыя шыйкі, многія мятлікі і званочкі. На адным з адрэзкаў рэчкі, побач з вёскай, захавалася і расце цікавая расліна – белакапытнік лекавы. На Валожыншчыне я больш нідзе не сустракаў яе. Цвіце ранняй вясной – у красавіку-напачатку мая. Адразу вырастае кветканосная сцябліна вышынёй да 60 сантыметраў з яйкападобнай формай, шышкай на канцы сцябліны з шэрымі кветачкамі – сваім колерам яны нагадваюць пер’е птушкі зязюлькі. Мясцовыя жыхары яе так і называлі – зязюлькі. Пасля цвіцення вырастала сцябліна вышынёй да метра з лістом акругла-яйкавіднай формы шырынёй да 30-35 сантыметраў і даўжынёй да 40-45 сантыметраў. Свежыя лісты выкарыстоўвалі ў якасці лекаў для загойвання ран, язваў, адварам лячылі хранічны кашаль. Кветкі і сок сцяблін маюць своеасаблівы характэрны пах. Дзецьмі мы выкарыстоўвалі лісты расліны для сваіх гульняў, робячы з двух лістоў парасоны, уяўляючы сябе ў такім убранні Рабінзонамі.

На ўзгорках, якія знаходзяцца побач з вёскай, раслі рэліктавыя расліны: купена аптэчная, купальнік горны, чараўнік двухлісцевы, званочак персцікалісцевы, рэдкія віды наперстаўкаў. Купальнік і чараўнік падчас цвіцення маюць прыемны і непаўторны водар. На некаторых узгорках сустракаюцца кусты жаўтазелю фарбавальнага. Значна гэта расліна захавалася каля вёсак Філіпіняты і Калдыкі. Вельмі запамінальны ў час цвіцення яе колер – яркі жоўта-лімонны. Расліна вечназялёная, дае стручкаватыя плады, у якіх знаходзяцца зярняты ў выглядзе маленькіх бобкаў. Гэтыя плады вельмі любяць зайцы зімой.

Вырашыў яшчэ раз вярнуцца да апісання рэчкі Крыніца ў зімовы час – тут было прывабна і прыгожа. Зімы напрыканцы 50-х-напачатку 60-х гадоў былі вельмі снежныя і марозныя. Пад цяжарам вялікага снегу галінкі дрэў і кустоў нахіляліся над рэчкай, утвараючы снегавыя шатры, аздобленыя выразнымі карункамі. Затым завеі поўнасцю замяталі дрэўцы і кусты, раўнуючы ўсё навокал снежным покрывам, а маразы дабаўлялі сваю аздобу ў гэта хараство. Непаўторнасць прыроднага цуду дапаўнялі крынічкі, якія выбіваліся па рэчцы амаль што на кожным кроку. Дзякуючы ім рэчка амаль не замярзала, а па яе беражках зелянела трава. У марозныя дні над рэчкай клубіўся пар. У спалучэнні гэтых з’яў утвараліся снежна-ледзяныя гроты з казачнымі скляпеннямі, аздобленыя крышталёвымі льдзінкамі розных форм. У сонечнае надвор’е яны іскрыліся ўсімі колерамі вясёлкі, бы рассыпаныя самацветы. На фоне белага снежнага покрыва прывабліва чырванела каліна, на якую зляталася мноства снегіроў. Таксама месца абжывалі вадаплаўныя птушкі – больш за ўсё дзікіх качак, што па розных прычынах не змаглі адляцець на поўдзень. Для іх тут было дастаткова корму, можна схавацца ад непагадзі і не замерзнуць, зберагчыся ад драпежных звяроў. Мясціна дзюжа прынадлівай была для лісаў – тады іх футра вельмі цанілі модніцы, яно ішло на галаўныя ўборы і каўняры паліто.

Павандраваўшы па навакольных мясцінах роднай Крыніцы, лічу, што настаў момант, калі можна адкрыць маленькую гісторыю яе і наваколля. Вёсачка па свайму ўзросту маладая, але разам з тым існуюць некаторыя падставы, якія сведчаць, што людзі тут жылі здаўна, і яе гады хаваюцца ў далёкай сівой мінуўшчыне.

Вёска Крыніца ўзгадваецца ў пісьмовых дакументах дзесьці напачатку 20 стагоддзя. Мясцовасць вакол рэчкі Крыніца пачала засяляцца першымі пасяленцамі ў канцы 19 і пачатку 20 стагоддзяў. Такому працэсу спрыялі сацыяльна-эканамічныя змены ў тагачаснай краіне: адмена прыгоннага права і Сталыпінская зямельная рэформа, сутнасць якіх дазваляла людзям выкупляць зямельныя надзелы па-за межамі сваіх вёсак і забудоўваць новыя месцы. Забудова першых сядзіб стварала планіроўку сялібы бессістэмнага або кучавога тыпу – юрыдычна іх адносілі да вёскі Кражына. Такое становішча прыводзіла да блытаніны і некаторых нязручнасцей для мясцовых жыхароў навакольных вёсак. Сапраўды, першыя пасяленцы атаясамліваліся з пасяленцамі в. Кражына. Нават у сямейных пісьмовых архівах адрасат указваўся то на Кражына, то на Крыніцу. Пра гэта сведчаць і лісты, дасланыя роднымі з Амерыкі. Калі чалавеку з навакольных вёсак па нейкіх справах патрэбен быў вясковец з гэтай мясцовасці, то яго накіроўвалі ў Кражына. Не знайшоўшы патрэбнага па прозвішчы, яго адпраўлялі да Крыніцы ці гаварылі: «Той ці іншы жыве ля Крыніцы ці ў Крыніцы». Так паступова тапанім стаў назвай вёскі. Юрыдычна статус вёскі Крыніца набыла перад вайной. Гэты факт дапамог уцалець жыхарам у гады вайны, але аб падзеях будзе сказана ніжэй.

Сама вёска сфарміравалася па асноўным вулічным тыпе толькі ў 50-60-я гады 20 стагоддзя, калі стала паўсюдная забудова сядзіб уздоўж дарогі Валожын-Славенск-Жомайдзь. Першымі пасяленцамі былі людзі з прозвішчамі Казак, Мошка, Калітнік, Шайтар, Бараноўскі, Іваноў, Гелда, Нехвядовіч, Акотчык. Значная колькасць пасяленцаў з’явілася ў 20-30-я гады 20 стагоддзя. Тагачасныя польскія ўлады спрыялі распаўсюджванню і пашырэнню хутарной сістэмы. Наразалася і прадавалася зямля пад пазыку беззямельным сялянам. Так, напрыклад, у пачатку 30-х гадоў браты Ясь і Антон Марукевічы з-пад Гродна выкупілі надзелы зямлі паблізу рэчкі Крыніца і пабудавалі тут свае сядзібы.

(Працяг будзе)



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика