З распасцёртымі абдымкамі. 21.by

З распасцёртымі абдымкамі

27.11.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што важней ў працы з замежнымі турыстамі: вопыт або прафесійныя веды?

Прымаць гасцей — здавалася б, што тут складанага? Але калі ўдумацца, гасціннасць — гэта адказнасць за прыемнае, насычанае і смачнае баўленне часу прыезджага. Калі часам цяжка дагадзіць блізкаму чалавеку, то як давядзецца пастарацца для госця з іншай краіны, дзе зусім іншыя культура, традыцыі? Неабходна не толькі прадбачыць патрэбы, але і з наяўнага ў сваім «арсенале» стварыць непаўторную мазаіку ўражанняў. Таму нездарма турызм ва ўсім свеце — асобная навука і стратэгічная галіна, дзе без спецыяльных ведаў даводзіцца туга.

Заўважым, што ў Беларусі большасць занятых у турыстычнай сферы работнікаў (па некаторых даных, каля 80 %) не маюць профільнай адукацыі. І хоць у апошнія гады ва ўніверсітэтах і каледжах сталі адчыняцца факультэты і напрамкі, «выкаваныя» кадры пакуль не ў стане зрабіць надвор'е на рынку. І гэта нягледзячы на тое, што, па сутнасці, будучых знаўцаў турыстычнай справы з вышэйшай адукацыяй штогод ВНУ выпускаюць да 1 тысячы чалавек. У той жа час пісьменны персанал сярэдняга звяна: афіцыянты, бармэны, пакаёўкі — практычна адсутнічае, што адмоўна адбіваецца на ўзроўні сэрвісу, асабліва ў рэгіёнах. Каб выправіць гэтую сітуацыю, на перыферыі адкрываюцца новыя турыстычныя спецыяльнасці для студэнтаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Іншая справа, што пасля атрымання запаветнай кніжачкі, хай і з «экзатычнай» паметкай у дыпломе, выпускнікі ідуць працаваць служачымі, бізнесменамі, бухгалтарамі... З распасцёртымі абдымкамі працадаўцы сустракаюць толькі адзінак, якія вырашылі прысвяціць сябе прафесіі.

Нярэдка студэнты і выкладчыкі скардзяцца, што трапіць на стажыроўку ў офіс турфірмы на пару тыдняў ці на месяц не так ужо і проста. Патэнцыйныя калегі па цэху неахвотна згаджаюцца ўводзіць у курс справы маладое пакаленне, маўляў, у пік попыту на гэта няма часу, а ў несезон не хапае «практычнага матэрыялу». Але ж тэорыя, як вядома, лепш за ўсё замацоўваецца на ўласным вопыце...

Дарэчы, аб тэорыі. Эксперты канстатуюць: наспела неабходнасць карэктаваць навучальныя планы, каб паняцці «псіхалогія», «менеджмент» і «эканоміка ў турызме» не былі незразумелымі словазлучэннямі. У турфірмах і кампаніях дадаюць: важна не толькі што напісана ў падручніках, але і хто даносіць інфармацыю, маўляў, у ВНУ больш тэарэтыкаў, якія непасрэдна ўзаемадзейнічалі з галіной хіба што пры афармленні пуцёвак за мяжу. Таму рознага роду праграмы навучання настаўнікаў сёння, як ніколі, актуальныя, бо веды, атрыманыя пяць гадоў таму, у сучасным імклівым свеце амаль нічога не значаць.

Разабрацца з новым напрамкам ўжо які год беларусам дапамагае праграма ЕС «Теmpus», накіраваная на садзейнічанне развіццю сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах-партнёрах, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі саюз. Праект чацвёртай па ліку праграмы носіць назву «ТЕТVЕТ». Ініцыяваны грамадскімі турыстычнымі аб'яднаннямі, Міністэрствам спорту і турызму, Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі, ён дае магчымасць выкладчыкам чатырнаццаці ВНУ і каледжаў-партнёраў стажыравацца ў замежных універсітэтах Германіі, Славакіі, Чэхіі і Італіі. Акрамя таго, згодна з планам на базе БДЭУ з'явіцца адзіны нацыянальны адукацыйны цэнтр для павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў турдысцыплін. Каардынатар праекта ад Беларусі, дэкан факультэта «Вышэйшая школа турызму» Мікалай Кабушкін тлумачыць: «Акцэнт будзе зроблены на эканоміка-кіраўніцкім накірунку. Так што мы не будзем канкурыраваць з Інстытутам турызму БДУ, а наадварот, паскорым працэс узаемадзеяння. У краіне больш за 2 тыс. турыстычных прадпрыемстваў, і, бадай, усе спецыялісты маюць патрэбу ў павышэнні кваліфікацыі. Працы хопіць усім».

Але ці зможа «свежая кроў» паўплываць на становішча спраў у галіне, у тым ліку на месцах? Бо, па сутнасці, сёння назіраецца працэс аптымізацыі структуры галоўнага турыстычнага ведамства. «На ўзроўні міністэрства мы захавалі свае пазіцыі, у Дэпартаменце па турызме засталося 10 чалавек. У першую чаргу яны павінны фарміраваць сайт, яго моўныя версіі, займацца праектамі. Пасады, якія адказваюць за турызм, па-ранейшаму ёсць у абласцях, у той час як з ліпеня ў раёнах практычна ўсюды адбылося аб'яднанне з іншымі аддзеламі. Так што цяпер за гасціннасць адказныя намеснік начальніка або заўсектарам, яны ж вырашаюць пытанні на выканкаме і каардынацыйным савеце», — распавядае намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга.

Варта адзначыць, што ў свой час толькі ў 2–3 % спецыялістаў з раёнаў была профільная адукацыя, таму што стаўка рабілася пераважна на фізкультуру і спорт. Пасля зліцця трох-чатырох аддзелаў нават гэтыя пісьменныя людзі сышлі з вырашальных пазіцый у рэгіёнах. У тым ліку — у мясцовыя грамадскія аб'яднанні. На іх дапамогу робяць стаўку ў міністэрстве. Бо мяркуецца, што ў кожным раёне з'явяцца інфацэнтры, дзе падказваць маршруты, аказваць паслугі іншаземцам і прыезджым беларусам будуць «добраахвотнікі». За агульныя падыходы і адзіныя стандарты адказваць будзе Нацыянальнае агенцтва па турызму, а за напаўненне інфармацыйнымі матэрыяламі, напрыклад буклетамі, — раённыя ўлады, якія з уласнага бюджэту будуць аплачваць неабходную рэкламную прадукцыю. У Мінспорту і турызму ўпэўнены, што за кошт гэтага турбізнес у рэгіёнах зможа развівацца і далей.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што важней ў працы з замежнымі турыстамі: вопыт або веды?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика