Першыя крокі ў свет навукі. 21.by

Першыя крокі ў свет навукі

06.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У гімназіі-інтэрнаце горада Мядзела прайшлі дзясяты конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў і дзявяты раённы фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту «Я — даследчык 2018».

Узгадайце сябе ў дзяцінстве: увесь сусвет здаваўся поўным загадак, і хацелася разгадаць усе яго таямніцы. Так і юныя ўдзельнікі фестывалю і конкурсу імкнуліся знайсці ўзаемасувязь паміж новым і ўжо правераным на асабістым вопыце. А вынікамі гэтага імкнення сталі самыя разнастайныя, часам непрадказальныя і фантастычныя даследчыя работы, якія хлопчыкі і дзяўчынкі прэзентавалі сваім юным калегам-навукоўцам, бацькам і настаўнікам.
Усяго на конкурс былі прадстаўлены дваццаць адна работа малодшых школьнікаў з дванаццаці ўстаноў адукацыі і восем работ дзяцей дашкольнага ўзросту з сямі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Але перш, чым удзельнікі перайшлі да прэзентацый сваіх даследаванняў, перад імі выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ефімава:
— Конкурс работ малодшых школьнікаў сёлета юбілейны, а ў наступны раз дзесяць гадоў будзе фестывалю даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту. І гэта не можа не радаваць, бо сведчыць пра тое, што нашы дзеці дапытлівыя, ініцыятыўныя. Таму ўпэўнена, што мы з вамі ўбачым яшчэ шмат цікавых прац і дасягнём добрых вынікаў. Зараз мы назіраем, што юных даследчыкаў больш за ўсё цікавіць жывая і нежывая прырода. Ёсць сярод удзельнікаў і тыя, хто прэтэндуе на званні будучых матэматыкаў, фізікаў, філолагаў. Прыемна бачыць, што не знікае цікавасць да краязнаўства і гісторыі Мядзела. Галоўнае, памятайце, што ў вас яшчэ ўсё наперадзе. І ўдзел у фестывалі і конкурсе — гэта першыя крокі. А падтрымка вашых блізкіх і настаўнікаў, жаданне пазнаваць дазволяць вам дасягнуць поспехаў у даследчай дзейнасці.



Акрамя гэтага, на адкрыцці распавялі, што за апошнія гады былыя навучэнцы гімназіі, а цяпер студэнты вышэйшых навучальных устаноў, не раз былі ўзнагароджаны стыпендыямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
А пачыналася ўсё з такіх жа даследчых конкурсаў. Важна, што дзеці, якія ўдзельнічалі ў мінулым годзе, вярнуліся з новымі праектамі. Гэта — Алеся Храпан з Нарацкай сярэдняй школы №2 і Святлана Бярняк са Слабадской сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча. Пасля цырымоніі адкрыцця ўдзельнікі разышліся па сваіх секцыях: «Прыродазнаўства» (асобна жывая і нежывая прырода), «Гуманітарная», «Матэматыкі, фізікі, тэхнікі» і «Дашкольнай адукацыі». Нягледзячы на тое, што конкурс і фестываль праводзяцца сярод дзяцей, падрыхтоўка ўдзельнікаў вельмі сур’ёзныя. Камп’ютарныя і папяровыя прэзентацыі падобны на курсавыя работы студэнтаў ВНУ, ёсць мэты, задачы, метады даследавання і абавязкова — высновы. Рэквізіт для правядзення эксперыментаў — самы разнастайны, у кагосьці гэта набор для хімічных доследаў, у кагосьці — сапраўдны патэфон.



Пакуль выступоўцы рыхтуюцца да прэзентацый, вырашыла пагутарыць з удзельнікамі і даведацца, што падштурхнула іх да даследчай працы і якія праекты яны падавалі на конкурс. Першымі сустрэла самых юных даследчыкаў. Наталля Ярашэвіч, выхаванка Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці курортнага пасёлка Нарач прадстаўляла працу «Чаму гуся сухая, а курыца мокрая». Стол, за якім сядзела канкурсантка, адразу прыцягнуў увагу: перад юнай даследчыцай раскладзены пёры, некаторыя з іх уваткнуты ў каляровыя губкі, побач — шкляначка з вадой. Па тлумачэнні звяртаемся да ўдзельніцы.
— Я буду распавядаць, чаму курыца намакае, калі яе абліць вадой, а гуся не. Гэта адбываецца таму, што ў вадаплаўных птушак каля хваста ёсць хвастцовая залоза, якая вылучае адмысловую змазку. Апошняя пакрывае пёркі, і птушка застаецца сухой падчас купання.
Мама Наташы расказвае, што яна два гады запар удзельнічала ў фестывалі са старэйшым сынам і нават ездзілі са сваёй працай на вобласць. І тое, што ў гэтым годзе даследчую работу прадстаўляе дачка, лічыць добрай традыцыяй.
Арыана і Рабека Жалубоўскія з дзіцячага садка аграгарадка Нарач, папярэдзіўшы ўсе пытанні, самі распавялі «Таямніцу нашых імёнаў». Сястрычкам па шэсць гадоў, і ў такім мерапрыемстве яны ўдзельнічаюць упершыню, напэўна, таму расказваць пра сябе засаромеліся, і іх прадставіла педагог Марына Кавалёва:
— У дзяўчынак вельмі незвычайныя імёны і менавіта гэта лягло ў аснову працы. Яны шукалі значэнні сваіх імёнаў у кнігах з тлумачэннямі, у інтэрнэце, распытвалі маму і тату, чаму яны менавіта так іх назвалі. У выніку знайшлі адказы на свае пытанні і падрыхтавалі такую даследчую працу.



Першай у секцыі «Прыродазнаўства» (жывая прырода) выступала Святлана Бярняк са Слабадской сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча, яна прадставіла работу «Сабачыя сакрэты, або Дасье на сабак».
— Асноўнымі задачамі маёй працы было высветліць, чаму сабака стаў хатнім, як прыручылі яго, ці ўсе гэтыя жывёлы аднолькавыя, даведацца, якія прафесіі ёсць у сабак, якая роля іх у хатняй гаспадарцы, як чатырохногі сябар уплывае на жыццё чалавека.
Адным з метадаў даследавання Святлана назвала «назіранне за хатнім гадаванцам», і гэта вельмі паказальна, бо дзеці вывучаюць тое, што ім блізка, што іх на самай справе цікавіць і з чым ім самім даводзіцца сутыкацца.
Так, напрыклад сёстры Марыя і Аляксандра Лемезы пасля навагодніх святаў задумаліся, а ці бываюць прысмакі, якія можна есці і не нашкодзіць пры гэтым свайму здароўю? Так з’явілася іх праца пад назвай «Карысныя прысмакі», якую яны прадставілі ў секцыі «Прыродазнаўства» (нежывая прырода).
Асаблівую ўвагу прыцягнула выступленне Антона Рагіні, навучэнца Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа. Ён прадставіў працу ў гуманітарнай секцыі «Мядзельская Кальварыя — старадаўняе месца сучаснага Мядзела». Акрамя падрыхтаванай вычарпальнай інфармацыі, Антон без цяжкасцей адказаў на ўсе дадатковыя пытанні і ўразіў сваімі ведамі не толькі журы, але і гледачоў.



Пасля прэзентацый усе ўдзельнікі адправіліся на абед, а журы ў гэты час сабралася для ацэнкі работ. На цырымоніі ўзнагароджання ўсе ўдзельнікі атрымалі граматы і памятныя прызы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а дзеці дашкольнага ўзросту — цацкі ад Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд».
Застаецца нагадаць, што ў наступным годзе юбілей будзе адзначаць раённы фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту «Я — даследчык». А гэта значыць, што цікавасць дзяцей да свету не знікне.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гімназіі-інтэрнаце горада Мядзела прайшлі дзясяты конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў і дзявяты раённы фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика