Лічба 14 прынесла поспех. 21.by

Лічба 14 прынесла поспех

27.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Алёна НІКАНЧУК.

14 сакавіка ў горадзе Іванава прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар – 2018” сярод медыцынскіх сясцёр. У ім прыняла ўдзел медсястра дзённага стацыянара раённай паліклінікі Святлана Градаўляк (на здымку). Па выніках конкурсу прадстаўніца Жабінкаўшчыны ўвайшла ў тройку прызёраў і заваявала ганаровае трэцяе месца.

Конкурс складаўся з двух этапаў. Падчас першага яго ўдзельніцы на працягу дзесяці хвілін выконвалі тэставыя заданні па праверцы прафесійных ведаў. Яны тычыліся хірургіі, педыятрыі, санэпідрэжыму, аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі і іншага. Білет, які трапіўся Святлане на тэсціраванні, быў пад нумарам 14. Ён аказаўся не вельмі простым, але з яго заданнямі канкурсантка справілася хутка.
Мабыць зноў жа, па волі лёсу, гэты нумар выпаў Святлане падчас жараб’ёўкі. Чатырнаццатай яна выходзіла на сцэну ў другім этапе конкурсу, які меў назву “Візітная картка”. Спачатку пад песню “Жабінка, Жабінка, мілы гарадок…” на сцэне з’явіліся ўдзельнікі групы падтрымкі Святланы Градаўляк у скла-дзе медсястры скурна-венералагічнага кабінета Вольгі Волк, фельчара аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Таццяны Супрун і старшага фельчара-лабаранта клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ірыны Войцік. Яны ў вершаванай форме расказалі пра раённую бальніцу, галоўнага ўрача, што яе ўзначальвае, і ягоных намеснікаў. Падчас гэтага аповеду на экране адзін слайд змяняў другі. На іх прысутныя ўбачылі фотаздымкі нашага горада, райбальніцы, яе адміністрацыі і работнікаў. Далей пра сябе, зноў жа вершаванымі радкамі, расказала Святлана. Журы і госці конкурсу даведаліся: яна пазітыўная і неканфліктная, любіць сваю работу, сябруе з санітарнымі нормамі, паспяхова здае залікі, удзельнічае ў канферэнцыях і конкурсах, вядзе здаровы лад жыцця. Святлана прызналася, што не шкадуе аб сваім абраным шляху. Яна ўпэўнена: быць медсястрой – асаблівае прызванне і ў тым Божае наканаванне. Гэтая прафесія дазваляе ёй праяўляць найлепшыя чалавечыя якасці: міласэрнасць, спачуванне, дабрыню і клопат пра бліжняга.
Затым Святлана Градаўляк прапанавала на суд журы відэапрэзентацыю на тэму “Культура здароўя”, накіраваную на прапаганду здаровага ладу жыцця. У ёй наша канкурсантка звярнула ўвагу на правільнае харчаванне, здаровы сон, а таксама на фарміраванне асанкі, якая з’яўляецца залогам здароўя. Яна выступіла за актыўную раніцу, якую абавязкова патрэбна пачынаць з зарадкі, за рухомыя гульні на свежым паветры, здаровую ўсмешку і добры настрой, а таксама за адмову ад шкодных звычак.
Рыхтаваць відэа-прэзентацыю Святлане Градаўляк дапамагала яе сям’я: муж Арцём і сыны Марк і Данііл. Яны ахвотна паўдзельнічалі ў фотасесіі, тым самым расказалі, што любяць спорт і перавагу аддаюць актыўнаму ладу жыцця.
Наша Святлана дастойна прайшла ўсе выпрабаванні і па суме набраных балаў заняла трэцяе месца. Яна шчыра ўдзячная за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу, а таксама ўсебаковую падтрымку адміністрацыі раённай бальніцы, калегам, сябрам і сваёй сям’і.
Дыплом ІІІ ступені Святлана Градаўляк атрымала ад абласнога камітэта Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Прыгожы букет кветак і падарунак на памяць уручыў галоўны ўрач Іванаўскай раённай бальніцы Юрый Ільюшчанкаў.
На Іванаўшчыне сустрэліся 15 прадстаўніц адной з самых гуманных прафесій на зямлі, каб паспаборнічаць, паказаць сябе і свае ўменні. Прыемна, што па выніках конкурсу ў ліку лепшых медыцынскіх сясцёр Брэстчыны апынулася і наша Святлана Градаўляк. Мабыць, паспрыяла гэтаму і лічба 14, якая выпадала ёй тройчы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Алёна НІКАНЧУК. 14 сакавіка ў горадзе Іванава прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар – 2018” сярод...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика