У памяці – неабыякавая душа. 21.by

У памяці – неабыякавая душа

10.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

080518a

Гісторыя вёскі Шпакі, якая аб’ядноўвае і не дае забыць мінулае У Год малой радзімы многія наводзяць парадак у тых мясцінах, дзе нарадзіліся і адкуль вылецелі ў вялікі свет. Не выключэнне і выхадцы з невялікай вёсачкі Шпакі (Літвенскі сельсавет). Але яны, акрамя звыклага добраўпарадкавання ля ўласных сядзібаў, зрабілі вялікую і вельмі важную справу – надалі дастойны выгляд галоўнай адметнасці сваёй малой радзімы – воінскаму пахаванню. Гэтае месца на ўскраіне вёскі, ля лесу, і сёння прымушае сэрца трымцець ад хвалявання. 8-га верасня 1942 года за сувязь з партызанамі тут былі расстраляны 15 жыхароў вёскі. Усе з адным прозвішчам – Сінякевіч. Сярод іх – сваякі і проста аднавяскоўцы. Узрост – ад гадавалага дзіцяці на руках у маці да 63-гадовага мужчыны…

– Бацька цудам уцалеў, і да канца дзён сваіх не мог забыць гэтую жудасную трагедыю. З нашай сям’і былі расстраляны чацвёра чалавек, – гаворыць Яніна Кошка (у дзявоцтве – Сінякевіч). – Некалі пагонім кароў, а бацька ўсё ўспамінае, як немцы пад’ехалі, акружылі вёску і ўсіх Сінякевічаў выставілі насупраць нашага дома. Пачалі выклікаць па спісе. Назвалі майго бацьку і запыталі: «А чаму ты Эдуард Уладзіміравіч, а не Емяльянавіч?» «Гэта мой айчым», – адказаў ён. Яго адпусцілі. Ён вярнуўся ў сваю хату і пачуў з узгорка: бах, бах… Ноччу яму ў дзверы пастукалі: «Забірай сястру Франю. Яна, параненая, выпаўзла з-пад мёртвых, калі сцямнела…» Да заканчэння вайны бацька хаваў яе ад людскіх вачэй. Ён перажываў і іншы боль: без вестак прапаў яго брат, прызваны ў польскую армію, – падзялілася Яніна Эдуардаўна бацькавымі ўспамінамі.

Яе бацька, Эдуард Уладзіміравіч Сінякевіч (светлай памяці), калісьці і выступіў ініцыятарам таго, каб устанавіць на месцы расстрэлу помнік. Увекавечыць памяць аб іх, бязвінна загубленых. Сваёй сям’ёй яны ўстанавілі помнік у 1983-м годзе. Афіцыйна ён быў узяты ў раёне на ўлік. Нашчадкі як маглі даглядалі гэтае месца, але ў апошнія гады помнік можна было ледзьве ўбачыць з дарогі з-за набраўшых сілу хмызнякоў…    

Менавіта сям’я Кошкаў, Яніна Эдуардаўна з мужам Рыгорам Панкратавічам і сынам Ігарам (яны ў апошнія гады вярнуліся з Сургута на сталае месца жыхарства ў бацькоўскую сядзібу ў Шпакі), брат Яніны Эдуардаўны Ізідор Сінякевіч і ўзяліся за акультурванне помніка і тэрыторыі вакол яго. Зрабілі гэта з душой, капітальна. За ўласныя сродкі. «Брат – архітэктар усёй кампазіцыі», – гаворыць Яніна Кошка. Вакол іх утварылася група добраахвотных памочнікаў. Гэта браты Мікалай і Анатоль Камінскія, Браніслава Медычэнка з мужам. Памочнікі прыязджаюць з Мінска, Дзяржынска. Яны працавалі не адзін дзень і нават не адзін месяц. І гэтая праца фактычна не спыняецца.

– Без калектыву нічога не было б. Тым, хто дапамагае нам, – асаблівы дзякуй, – не раз паўтарыў Рыгор Кошка.

Ён дамовіўся з лясніцтвам, каб выразаць лес, які ўшчыльную падступіў да помніка. У векавечнага дуба абрэзалі лішнія галіны, але само дрэва пакінулі. Яно – маўклівы сведка тых трагічных падзей і, зразумела, бачыць тыя намаганні, якія сёння прыкладаюць нашчадкі для прывядзення магілы ў парадак. Каля помніка задумалі выкласці ўсё пліткай. Дапамогу атрымалі ад мясцовай улады, асабіста ад старшыні Літвенскага сельвыканкама. «Чатыры надмагільныя помнікі – знак таго, што тут знайшлі вечны спачын чатыры сям’і Сінякевічаў», – тлумачыць «архітэктар» Ізідор Сінякевіч. Абапал дарожкі паклалі 15 камянёў-сімвалаў. Столькі ж туек пасадзілі навокал. «Штораніцы кантралюем, каб усе яны былі на месцы. Пасеем траўку, высадзім маргарыткі. Калі ўсё зазелянее, запросім ксяндза асвяціць помнік», – гаворыць пра свае планы сямейная пара Кошкаў.

Аб’ём работы зроблены гэтымі людзьмі велізарны, але ў іх яшчэ нямала задум. Першае – трэба выкласці дарожку і сабраць на ўзаранай пляцоўцы каменне. З яго зборам паабяцаў дапамагчы прадстаўнік Рочавіцкага вучэбна-вытворчага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа, які якраз прысутнічаў на нашай сустрэчы (згодна з рашэннем райвыканкама, за Рочавіцкім ВПК і ААТ «Рочавічы» замацавана гэтае воінскае пахаванне). Вучням будзе карысна папрацаваць у святым месцы і яшчэ раз пачуць расказ пра тое, як важна помніць мінулае і берагчы на зямлі мір.

– Мы хацелі б, каб дзеці часцей прыходзілі сюды. Каб зарадзілася традыцыя і прыязджалі з жывымі кветкамі маладыя, – цешаць мару мае суразмоўцы. Яніна Кошка прыгадвае, як яе ўнук расказаў у школе ў Сургуце гісторыю маленькіх беларускіх Шпакоў і атрымаў ад настаўніцы пяцёрку з плюсам.      

Што датычыць Яніны і Рыгора Кошкаў, то варта сказаць, што яны, як птушкі, вярнуліся ў свае Шпакі. У Сургуце, за чатыры тысячы кіламетраў ад радзімы, прайшло ўсё іх працоўнае жыццё. Людзі гэтыя загартаваныя і нераўнадушныя. «Шпакі-Салаўі» – па-свойму пяшчотна называе гэтую ціхую прыгожую вёсачку (яна суседнічае з «Панскім маёнткам Сула») Рыгор Кошка, сам ураджэнец Старых Дарог. Зімою тут жыве ўсяго пяць сем’яў, затое летам – у кожным доме збіраюцца нашчадкі. «Сюды проста цягне», – гаворыць Рыгор Панкратавіч. Менавіта ў Шпаках ён праводзіў разам з жонкай усе доўгія «сургуцкія» водпускі. Але адпачынак – гэта не для іх. Дапамагалі бацькам нарыхтоўваць сена, палоць дзялкі. Цяпер, калі прыехалі сюды жыць і самастойна вядуць гаспадарку, больш увагі ўдзяляюць разбудоўванню сядзібы і, відавочна, лічаць сваім доўгам адраджэнне малой радзімы. Так разважаюць: «Калі не мы, то хто?!» Яны ладкуюць тут шпакоўні, буслянкі. Устанавілі на ўездзе ў вёску ахоўны крыж. За вёскай прыбралі смецце. Ды ці мала яшчэ чаго карыснага для сваёй вёскі і яе людзей можна чакаць ад іх?! З такімі жыхарамі Шпакі дакладна не знікнуць і будуць жыць. Продкі, калі б маглі, напэўна, сказалі б ім, іх памочнікам: «Дзякуй за памяць!».

На здымках: дуб – маўклівы сведка трагедыі 1942 года; Ізідор Сінякевіч – «архітэктар» адноўленага помніка; сям’я Медычэнкаў і сям’я Кошкаў – тыя, для каго памяць не бывае без справы; ахоўны крыж у Шпаках; памочнікаў заўсёды цэняць.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гісторыя вёскі Шпакі, якая аб’ядноўвае і не дае забыць мінулае У Год малой радзімы многія наводзяць парадак у тых мясцінах, дзе нарадзіліся і адкуль вылецелі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика