Чым запомнілася свята?. 21.by

Чым запомнілася свята?

30.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінулую суботу наша любімая Жабінка адсвяткавала Дзень горада. Чым запомнілася свята жыхарам і гасцям райцэнтра, якія ўражанні пакінула? Што спадабалася ці не спадабалася? Якія пажаданні жабінкаўцы выказалі на будучае?

Аляксандр ТАМІЛІН:
Я шмат гадоў жыву ў Жабінцы, працаваў галоўным інжынерам ЖКГ, і мне прыемна назіраць, як горад прыгажэе з кожным годам, якія змены ў ім адбываюцца. Напрыклад, з’явіліся новыя лавачкі ў парку, і мяне цешыць, што моладзь адносіцца да іх больш беражліва, чым да тых, што стаялі раней. Веласіпеды ды матылькі з кветкамі ўпрыгожваюць райцэнтр. Што датычыцца Дня горада, мне спадабалася ўсё: яго арганізацыя, канцэрт, фантастычны феерверк. Хачу выказаць удзячнасць раённым уладам за цудоўнае свята, падоранае нам. З кожным годам размах Дня горада шырэе, гэта адзначаюць і мае дзеці, якія прыязджаюць штогод дадому на свята са сталіцы.
Людміла ПРАНОВІЧ:
Усё было арганізавана на высокім узроўні, праграма свята горада была разнастайнай і цікавай: кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Мне спадабалася пляцоўка “Здаровы горад”, дзе можна было змераць ціск і глюкозу крыві. Хачу адзначыць таксама работу валанцёраў БРСМ, работу гандлёвых радоў і разнастайнасць прапануемых прадуктаў і тавараў. Для дзяцей сёлета, як ніколі, было шмат забаў і смакаты! Ну і безумоўна незабыўнае ўражанне пакінуў святочны салют! Лічу, што сённяшняе кіраўніцтва раёна заслугоўвае слоў падзякі за годную арганізацыю Дня нашага горада – атрымалася не горш, чым у Брэсце або Кобрыне. Дарэчы, да маёй дачкі Варвары прыязджала ў госці сяброўка з Асіповічаў, яна была ў захапленні ад нашага свята!
Ігар ВАРФАЛАМЯЮК з дачкой Агніяй:
– Нам вельмі спадабалася выступленне групы “Цяні-Талкай”, у мінулым годзе – Сашы Нэма, але хацелася б паслухаць не толькі беларускіх артыстаў – “Бі-2”, напрыклад. Яны нядаўна выступалі ў Беларусі. Разумею, што гэта пытанне фінансавае, але ўсё ж. Яшчэ хацеў бы адзначыць каруселі-атракцыёны, у тым ліку і для дарослых, чаго не было раней. Прыемна ўразілі смачныя кактэйлі, напоі, якімі можна было ахаладзіцца ў спякоту. Пажаданні на будучае? Не паніжаць планку!
Данііл КАЖАМЯКА:
– На мой погляд, сёлетняе свята нашага горада атрымалася лепшым і цікавейшым, чым мінулагодняе, хаця і летась усё было на высокім узроўні. Што запомнілася? Незвычайны салют, атракцыёны і картынгі, а таксама выступленне групы “Цяні-Талкай”.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Да тэмы

Немагчымае магчыма

Ларыса ЗДАНЕВІЧ, дырэктар філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжрайбаза”:
У планах міжрайбазы ўжо даўно было пабудаваць летняе кафэ ў Жабінцы. Але аб’ектыўныя прычыны не дазвалялі гэтага зрабіць. А тут напярэдадні свята Жабінкі наш дырэктар Сяргей Пашкевіч прапанаваў “узвесці” кавярню… за 4 дні. Думаю, жабінкаўцы ўжо ўпэўніліся, што такая ідэя сталася магчымай. Старую пабудову знеслі, устанавілі новы павільён, новае тэхналагічнае абсталяванне, лавачкі ў выглядзе канапак, пасадзілі кветкі. Адкрыццё нашага летняга кафэ стала яшчэ адным падарункам Жабінцы да Дня горада. У першы ж дзень да нас прыйшло шмат дзяцей і моладзі. Мы прапануем бліны, сэндвічы, чай, каву, марожанае на вагу, гамбургеры, вельмі смачныя стэйкі, прыгатаваныя на кантактным грылі, і шмат чаго іншага. У планах – гатаваць малочныя кактэйлі. Зараз увогуле ідзе дапрацоўка, удасканаленне кафэ. Працуем над асвятленнем кавярні, павелічэннем колькасці пасадачных месцаў. У далейшым у кафэ будзе музыка і тэлевізар.
У Дзень горада у нас ад наведвальнікаў не было адбою. Акрамя таго, работнікі філіяла “Жабінкаўскі” стараліся максімальна ахапіць гандлем усе зоны на гарадской плошчы і ў парку падчас свята. Працавалі сем нашых нестацыянарных гандлёвых аб’ектаў. Сярод багатага і разнастайнага асартыменту выдзяляліся шашлыкі, салаты, смачная духмяная выпечка, з напояў – квас. Упэўнена, што жыхарам і гасцям Жабінкі хапіла не толькі відовішчаў, але і хлеба, у сэнсе – ежы.

“Шкада нашых намаганняў”, або Лыжка дзёгцю ў бочку мёду

Павел ЗАГРАЙ, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”:
– Да Дня горада работнікі нашага прадпрыемства ўстанавілі новую Дошку гонару, святочна ўпрыгожылі райцэнтр: сёлета вывесілі больш, чым летась, сцягоў, расцяжак, устанавілі кадкі з туямі, дэкаратыўную клумбу габеон на аўтобусным прыпынку насупраць райбальніцы. У гарадскім парку абуладкавалі пляцоўкі для пляжнага валейбола і футбола, устанавілі чатыры кабіны туалетаў. Падчас святкавання арганізавалі пракат катамаранаў. Тым больш крыўдна канстатаваць, што гэтыя старанні работнікаў нашага прадпрыемства многія жабінкаўцы не ацанілі належным чынам, таму што пасля свята Жабінкаўская ЖКГ не далічылася 10 сцягоў (у тым ліку “знік” і 4,5-метровы), была пашкоджана дэкаратыўная клумба ля бальніцы (каму магла перашкодзіць такая прыгажосць?). “Пацярпелі” і новыя прыбіральні ў парку: іх не толькі выкарыстоўвалі па прызначэнні, але й курылі там, смецілі. Што казаць, культура многіх людзей “кульгае” і вымушае чакаць лепшага. Шкада нашых намаганняў, бо кожны год прыдумваем нешта новае, цікавае, арыгінальнае, стараемся для людзей…Спадзяемся, што нашы ідэі і задумкі жыхары Жабінкаўшчыны будуць падтрымліваць і цаніць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую суботу наша любімая Жабінка адсвяткавала Дзень горада. Чым запомнілася свята жыхарам і гасцям райцэнтра, якія ўражанні пакінула? Што спадабалася ці не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика