В Кореличском районе волонтеры благоустраивают католическое кладбище. 21.by

В Кореличском районе волонтеры благоустраивают католическое кладбище

04.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


На працягу 10 дзён, з 22 па 31 ліпеня, у рамках некрапалістычна-асветніцкага летніка “Мірскія капцы” больш дзясятка членаў маладзёжна-грамадскага аб’яднання “Гісторыка” і валанцёраў з Беларусі і Польшчы займаліся добраўпарадкаваннем старых каталіцкіх могілак ХІХ стагоддзя г.п. Мір.

 

Каталіцкі пагост знаходзіцца на ўскрайку гарадскога пасёлка на невялікім узвышшы, з якога адкрываецца маляўнічы краявід на касцёл св. Мікалая і Мірскі замак. Аб тым, чым жа займаюцца валанцёры, якая работа па добраўпарадкаванні ўжо зроблена, а якая яшчэ ў перспектыве, чаму менавіта каталіцкія могілкі г.п. Мір прыцягнулі ўвагу членаў маладзёжна-грамадскага аб’яднання, расказала выканаўчы дырэктар МГА “Гісторыка”, навуковы кіраўнік летніка Таццяна Пятрова.

– Праект па добраўпарадкаванні могілак быў распачаты ў ліпені 2014 года. Менавіта тады мы трапілі ў Мір упершыню, – распачала размову Таццяна Пятрова. – Як даведаліся пра каталіцкія могілкі Міра Нашу ўвагу прыцягнуў памятны знак паўстанцам 1863 года – Дамініку Крыжаноўскаму і ксяндзу Анджэю Крыжаноўскаму. Тое, што вы зараз бачыце, нельга параўнаць з тым, што было некалькі гадоў таму. На месцы, дзе мы сёння можам спакойна хадзіць, быў амаль што лес з густога непраходнага парасніка. Для далейшай работы з надмагільнікамі неабходна было расчысціць тэрыторыю ад хмызняку і галля, чым мы і займаліся на працягу першага летніка.


Але на гэтым праект па добраўпарадкаванні старой часткі каталіцкіх могілак, на якой налічваецца каля 530 надмагільнікаў, не толькі не спыніўся, але з кожным годам месца спачыну продкаў набывала ўсё больш дагледжаны выгляд. Так, большасць надмагільных пліт былі паглыблены ў зямлю, засыпаны лісцем і пакрыты мхом. Члены “Гісторыкі” сумесна з валанцёрамі падымалі іх, ачышчалі, падсыпалі. Некаторыя помнікі, якія былі амаль поўнасцю расколаты, прыходзілася складаць па частках, а потым кансерваваць.

– На працягу трох гадоў мы займаліся чыста фізічнай работай. Сёлета мы прыступілі да навуковай часткі праекта, – адзначыла выканаўчы дырэктар “Гісторыкі”. – На сучасным этапе мы ажыццяўляем каталагізацыю могілак: апісваем помнікі, робім іх фотаздымкі, расчытваем і занатоўваем імёны, даты, парафіі, робім мовазнаўчы аналіз надпісаў. У выніку атрымаецца поўны каталог помнікаў старой часткі каталіцкіх могілак г.п. Мір.


“Няўжо надпісы на ўсіх надгробках, старэйшыя з якіх датуюцца 1840-мі гадамі, так лёгка прачытаць? Таццяна Пятрова адкрыла сакрэт, які, шчыра кажучы, здзівіў сваёй прастатой. Аказваецца, існуе нават спецыяльная тэхналогія: калі надпіс нечытальны, яго заліваюць звычайнай пенай для галення. Яна запаўняе пустоты, пасля застывання яе счышчаюць, і ўсе літары можна дакладна зразумець.


– У перспектыве вельмі хацелася б, каб каталіцкія могілкі г.п. Мір сталі значным турыстычным аб’ектам Карэліччыны. Таму далейшае добраўпарадкаванне будзе ўключаць устаноўку інфармацыйнага стэнда пры ўваходзе на могілкі, абазначэнне галоўных дарожак і дадатковых сцежак, – падзялілася планамі Таццяна Пятрова. – Безумоўна, новы турыстычны аб’ект – гэта вельмі добра, але перш за ўсё хочацца, каб жыхары Міра ведалі сваю гісторыю і змаглі аддаць даніну павагі продкам. Увогуле, кожны надпіс на помніку ўяўляе сабой асобную частку гісторыі грамадства, звязаную з тымі ці іншымі падзеямі ў жыцці жыхароў мястэчка. Прыводзячы ў належны стан гэтыя могілкі, мы хочам паказаць, што для таго, каб захаваць памяць, не патрэбны вялікія матэрыяльныя рэсурсы. Павінны быць жаданне далучыцца да такой неабходнай нашчадкам справы і павага да мінулага сваёй краіны.

Папярэднія чатыры гады вялікую дапамогу ў добраўпарадкаванні каталіцкіх могілак членам МГА “Гісторыка” аказвалі парафіяне касцёла св. Мікалая г.п. Мір. Сёлета да вялікай справы далучыўся Мірскі сельсавет, работнікі якога абкошваюць тэрыторыю пагоста. З такога супрацоўніцтва вынікае шмат станоўчых момантаў: развіццё турыстычнага патэнцыялу мірскай зямлі, зручнасць наведвання могілак для мясцовых жыхароў, аднаўленне і захаванне гістарычнай спадчыны.


Самі валанцёры з відавочнай цікавасцю займаліся даручанай справай.

Антон Арцюх, валанцёр з г. Ружаны Брэсцкай вобласці:

– Па адукацыі я гісторык. У інтэрнэце знайшоў аб’яву аб правядзенні летніка, вырашыў прыняць удзел. У Ружанах таксама ёсць могілкі, якія знаходзяцца ў занядбанні. Таму сюды прыехаў перш за ўсё за вопытам, каб даведацца аб метадалогіі ўпарадкавання старых пахаванняў, што, безумоўна, спатрэбіцца пры правядзенні аналагічнай работы на маёй малой радзіме.

Марта Рачынска, валанцёр з Польшчы:

– Па спецыяльнасці я этнолаг-археолаг, працую ў польскай фірме, якая займаецца генеалагічнымі даследаваннямі. Мы дапамагаем людзям адшукваць іх карані. Навучыцца расчытваць надпісы на камянях, рабіць іх інвентарызацыю, прыняць удзел у адраджэнні агульнай гістарычнай спадчыны беларускага і польскага народаў – як гэта можа не зацікавіць?

Аксана ЯНУШ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу 10 дзён, з 22 па 31 ліпеня, у рамках некрапалістычна-асветніцкага летніка “Мірскія капцы” больш дзясятка членаў маладзёжна-грамадскага аб’яднання
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика