Алена Ляшковіч – лепшая па прафесіі сярод работнікаў культуры. 21.by

Алена Ляшковіч – лепшая па прафесіі сярод работнікаў культуры

15.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ПА выніках мінулага года лепшай па прафесіі сярод работнікаў культуры прызнана дырэктар Будслаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Алена Ляшковіч. “Такім чынам адзначаны не нейкія мае ўласныя заслугі, — кажа Алена Васільеўна. — За гэтым — шматгадовая старанная праца ўсяго нашага калектыву”. Сапраўды, на рахунку невялікай сельскай школы — шматлікія перамогі вучняў у разнастайных творчых конкурсах і паступленні выпускнікоў у музычныя навучальныя ўстановы. А сярод выкладчыкаў школ мастацтваў Мядзельшчыны сёння нямала тых, хто зрабіў першыя крокі ў свет музыкі пад кіраўніцтвам будслаўскіх педагогаў.
…Алена Ляшковіч родам з Крывога Рога. У гэты ўкраінскі горад са Старога Аскола ў 1904 годзе пераехалі яе дзядуля і бабуля. Атрымалі ад завода дом, у якім увесь час і жылі. У сям’і падрасталі шэсць дачок і адзін сын. Усе дзяўчаты вучыліся ў музычнай школе, а адна нават была студэнткай Адэскай кансерваторыі. Аднак спявачкай не стала — выйшла замуж і перакваліфікавалася ў бухгалтара. Матуля Алены пасля заканчэння музвучылішча працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Сямейную традыцыю — дзяўчаты павінны навучацца музыцы! — працягнула і наступнае пакаленне. А вось адпаведную прафесію атрымалі толькі дзве яго прадстаўніцы: Алена Васільеўна і яе стрыечная сястра, якая працуе выкладчыкам па класе скрыпкі ў Кіеўскім музычным каледжы.
У 1983 годзе юная выпускніца Маладзечанскага музвучылішча па размеркаванні трапіла ў Будслаў. “Гараджанцы цяжка прывыкаць да вёскі, — прызнаецца яна і з усмешкай узгадвае: — Тады тут вуліцы брукаваныя былі, нязручна на абцасах хадзіць. Асфальт жа з’явіўся ў нас толькі ў 1988-ым…” Неўзабаве Будслаў стаў для Алены родным: тут выйшла замуж, тут нарадзіліся і выраслі яе трое дзетак, тут сама яна раскрылася як педагог і кіраўнік. Аднак па-сапраўднаму ўпэўнена адчула сябе толькі пасля вырашэння жыллёвага пытання, калі гаспадарка выдзеліла іх сям’і катэдж. “Тры гады яго дабудоўвалі, даводзілі да ладу, — кажа Алена Васільеўна. — Стала сапраўднай гаспадыняй… Не проста мара збылася — унутраны свет змяніўся. Дом — вельмі важна для любой жанчыны”. Сваякі Алены Ляшковіч, прыязджаючы ў Будслаў, выказваюць захапленне гэтым населеным пунктам і ўвогуле Беларуссю.
Завочна Алена Васільеўна закончыла ўніверсітэт культуры. У 1996 годзе стала дырэктарам музычнай школы, якую цяпер справядліва лічыць другім домам. Паспяхова спраўляецца з адміністрацыйнымі і гаспадарчымі клопатамі, аднак кажа, што ўсё ж больш любіць працаваць з вучнямі.
Дзеці Алены Ляшковіч таксама закончылі музычную школу (традыцыя!), але абралі прафесіі, не звязаныя з мастацтвам. Праўда, старэйшая дачка студэнткай спявала ў хоры Чырвонага касцёла, была на гастролях у Польшчы, Латвіі, і, вядома, па Беларусі. Сын, калі вучыўся ў Маладзечне, таксама спяваў у хоры. А вось малодшая дачка (цяпер яна студэнтка) займаецца танцамі. А якія ж захапленні ў самой Алены Васільеўны? Чытанне мастацкай літаратуры (любімы твор — “Пётр І” Аляксея Талстога). Кулінарыя (найлепш удаюцца пельмені, варэнікі і ўкраінскі боршч). І кветкаводства (на ўчастку больш за 30 кустоў руж).

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПА выніках мінулага года лепшай па прафесіі сярод работнікаў культуры прызнана дырэктар Будслаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Алена Ляшковіч. “Такім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика