Н.С. Сянчура: «14 год у Шуміліне. А якія гэта былі гады!». 21.by

Н.С. Сянчура: «14 год у Шуміліне. А якія гэта былі гады!»

08.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ніна Сяргееўна Сянчура.

Н.С. Сянчура: «14 год у Шуміліне. А якія гэта былі гады!»

Радкі біяграфіі
Ніна Сяргееўна Сянчура нарадзілася ў Гарадоцкім раёне ў вёсачцы з такой жа назвай, як і яе прозвішча, – Сянчуры. Жыццё не песціла Ніну Сяргееўну. Яе бацькі Сяргей Піліпавіч і Кацярына Карпаўна выхоўвалі сямёра дзяцей. Ніне было два гады, калі бацьку, былога унтэр-афіцэра, забралі органы НКУС, саслалі ў Архангельскую вобласць, адкуль ён вярнуўся праз пяць год, знясілены тыфам і ўраз састарэлы (яго рэабілітуюць толькі ў 1961 годзе, пасмяротна).
Маці цягнула сям’ю, дзеці дапамагалі. Перад вайной пераехалі з вёскі Сянчуры ў Гарадок.
У вайну старэйшыя браты Ніны Арсеній і Аляксей пайшлі на фронт, а яе, 13-гадовую сястру чырвонаармейцаў, разам з іншай моладдзю фашысты пагналі на работы ў Сураж. Яны працавалі на распілоўцы лесу, надрываліся, цягаючы аслізлыя цяжэнныя бярвёны, мерзлі, галадалі. Ім вельмі хацелася жыць. Жыць мірна, сонечна, радасна. І хацелі вучыцца.
Нягледзячы на цяжкія пасляваенныя гады, яе браты Арсеній, Павел, Валянцін, Аляксей і сястра Марыя вывучыліся, атрымалі адукацыю. Ніна, як і марыла, стала настаўніцай рускай і беларускай мовы і літаратуры.
Працоўную дзейнасць пачынала ў Езярышчанскай сярэдняй школе. З 1960 года – на партыйнай рабоце. Шэсць год працавала ў аддзеле прапаганды і агітацыі Гарадоцкага райкама КПБ, потым – Шуміліна.
У Шумілінскі раён Ніна Сяргееўна прыехала ў красавіку 1969 года. Працавала спачатку сакратаром райкама партыі, праз паўгода – другім сакратаром. У чэрвені 1975 года яе прызначылі старшынёй райвыканкама, а праз год, у ліпені 1976 года Н. С. Сянчура была абрана першым сакратаром Шумілінскага райкама партыі. На гэтай пасадзе паспяхова працавала да 1983 года.
З 1980 па 1985 гады з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР X склікання. У савецкія часы наведала дзесяць замежных краін, сем разоў была кіраўніком групы ў круізах па Еўропе. У Лондане ад імя жанчын Беларусі выступала на шматтысячным мітынгу ў барацьбе за мір.
Ніна Сяргееўна Сянчура ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Пашаны, двума медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.


Н. С. Сянчура і У. С. Пясоцкі з першым сакратаром ЦК КПБ П. М. Машэравым на полі саўгаса «Ульскі». 1979 г.

Шумілінскія ўспаміны
Без некалькіх хвілін дзевяць. У туфліках, у паліто, традыцыйна закрываючым калені, у модным капялюшыку яна няспешна перасякае плошчу. Па дарозе адказвае на прывітанні, усміхаецца. І не кожны, хто сустракаецца ёй на шляху, хто паглядвае на яе праз вокны будынка райвыканкама, ведае, што яна ўжо з пяці гадзін на нагах.
– Я любіла раніцай паехаць на ферму, на поле, у майстэрню, – успамінае Ніна Сяргееўна, – скажу вадзіцелю Васілю Шаўцову прыехаць а шостай гадзіне, каб паспець на ранішнюю дойку – і ўперад. Прыходжу на ферму ў разгар дойкі, павітаюся з даяркамі за руку, распытаю пра жыццё, вазьму на заметку, якія пытанні трэба дапамагчы рашыць. Але я магла пасля дойкі і праверыць, ці чыста выдаілі. Некаторым, праўда, было няёмка, калі пасля іх надойвала па паўлітра малака, затое ў наступны раз больш стараліся. І ведалі, што я не толькі “камандаваць” умею, што я сама не беларучка. Наогул жа, мне было лёгка працаваць з людзьмі, я разумела клопаты і просьбы механізатараў і жывёлаводаў, працуючых і пенсіянераў. Я заўсёды любіла і паважала людзей, дапамагала, чым магла, і яны былі ўдзячныя.
З Нінай Сяргееўнай вельмі цікава размаўляць. Ад гутаркі з ёй атрымліваеш задавальненне і натхненне. Яна падкуплівае сваёй шчырасцю, непасрэднасцю, па-ранейшаму не губляе пачуцця гумару.
– Ніна Сяргееўна, як у вас справы, як адчуваеце сябе напярэдадні вашага прыгожага юбілею?
– Ой, ніколі не думала, што дажыву да 90. Падумаць толькі! А жыву я добра. Тут была трохі занядужала, але ўрач прыходзіў, Жураў В. В., уколы рабіў, і ўсё прайшло.
– А мы тут у Шуміліне заспрачаліся, калі ж усё-такі ў вас дзень нараджэння – 3 лістапада ці ўсё ж 10?
– З трэцяга па дзясятага (смяецца). Калі я атрымлівала пашпарт, спытала ў мамы, калі я нарадзілася. Яна адказала, што ў першых чыслах лістапада (вядома ж, сямёра дзяцей у сям’і – паспрабуй усіх запомніць). Мне тады падалося, што лічба 3 будзе выглядаць вельмі нядрэнна, так і запісалі пры афармленні дакументаў. А праз многа гадоў, ужо калі я пераехала з Шуміліна ў Гарадок, цёця сярод сваіх дакументаў знайшла маё пасведчанне аб нараджэнні, дзе было напісана, што я нарадзілася 10 лістапада. Але пра гэта вы, шумілінцы, маглі і не ведаць.
– Ці многа гасцей вы чакаеце на юбілей?
– 90 гадоў – 90 гасцей (смяецца). Безумоўна, чакаю я сваіх родных і сяброў. Сын прыляціць з нявесткай з Амерыкі. Старэйшы з унукаў Павел нядаўна прылятаў, праведваў мяне, а на юбілей яму не атрымліваецца, як і малодшаму Раману. Абодва ўнукі, як і іх бацька Юрый, медыкі. А наогул, я запрашаю ўсіх, хто мяне памятае, з кім перасякаліся мае жыццёвыя шляхі. Хаця многіх ужо няма, і яны цяпер глядзяць на нас з нябёсаў.
– Ніна Сяргееўна, у гэтыя святочныя дні ў ваш адрас, безумоўна, будзе многа званкоў, візітаў, віншавальных і ўдзячных слоў, у тым ліку і ад шумілінцаў. І ў душы зноў ускалыхнуцца ўспаміны…
–  І ёсць што ўспомніць. У Шумілінскім раёне я адпрацавала 14 год. А якія гэта былі гады! Напоўненыя падзеямі, стварэннямі, неардынарнымі рашэннямі, малымі і вялікімі дасягненнямі, пастаяннымі стасункамі з людзьмі. Шумілінскі раён трымаў высокія пазіцыі ў краіне, у 1973 годзе мы атрымалі пераходны Чырвоны Сцяг рэспублікі за высокія паказчыкі па вытворчасці льну. Тады ж далі заданне райсельгастэхніцы зрабіць металічны макет льнянога снапа, які ўстанавілі на мяжы Шумілінскага і Віцебскага раёнаў. Пераходны рэспубліканскі Чырвоны Сцяг Шумілінскі раён атрымліваў і па вытворчасці мяса, малака, бульбы.
Мне вельмі пашчасціла на добрых людзей у Шумілінскім раёне. Па-першае, у мяне быў добры настаўнік – Васіль Георгіевіч Храмцоў, першы сакратар Шумілінскага райкама партыі, мой папярэднік. І ў мяне быў моцны надзейны штаб, было з кім працаваць. Побач са мной былі такія таленавітыя работнікі, як Пясоцкі Уладзімір Сяргеевіч, Янкевіч Уладзімір Паўлавіч, Трашкоў Леанід Іосіфавіч, Пеніна Галіна Гаўрылаўна, Волкаў Валерый Андрэевіч, Глазкін Леанід Раманавіч,  Ганчароў Ягор Сцяпанавіч, Аўчыннікава Вольга Пятроўна, Кухарэнка Авенір Паўлавіч, Долгі Уладзімір Пятровіч, Мартынаў Уладзімір Уладзіміравіч, Алюлін Аляксандр Паўлавіч, Шах Раіса Іванаўна, Гутараў Віктар Сяргеевіч, Дамарацкі Эдуард Мікалаевіч, Штокін Аляксандр Мікалаевіч, многія-многія іншыя, у вас месца ў газеце не хопіць, каб назваць усіх.


Кіраўніцтва раёна са звеннявымі па льну. Сакавік 1979 года.

Кошт адной паштоўкі
– Ніна Сяргееўна, так здарылася, што адна маленькая паштоўка сыграла вялікую ролю ў вашым жыцці і ў жыцці Шумілінскага раёна…
– Так, для мяне гэтая паштоўка незабыўная. Неяк перад Днём Перамогі мы вырашылі напісаць віншавальныя паштоўкі ад райкама партыі не толькі ўсім ветэранам раёна, але  сваім землякам, якія жывуць па-за межамі раёна. Склалі спіскі, пачалі пісаць. А потым прыходзяць да мяне Г. Г. Пеніна і Л. І. Трашкоў, пытаюцца: “А як быць з Зімяніным, ён жа ў ЦК КПСС працуе?!”
Я кажу: “Купіце самую прыгожую паштоўку і прынясіце мне, я сама напішу”.
Напісала ад рукі, паслалі ў Маскву, дзе наш зямляк, ураджэнец вёскі Зямцы, Міхаіл Васільевіч Зімянін працаваў сакратаром ЦК КПСС. Паслалі і працуем сабе далей. А неўзабаве атрымалі канверт з удзячнасцю ад яго. Але на гэтым гісторыя не закончылася. Памятаю, паехала я на поле, гэта было ўжо восенню падчас ўборкі. Знайшлі мяне там, паведамілі, што тэрмінова трэба патэлефанаваць Шабашову Сяргею Міхайлавічу, першаму сакратару абкама партыі. Паехала званіць, мабільнікаў жа тады не было. Шабашоў мне перадаў, што ў 16 гадзін будзе званіць на мой рабочы тэлефон Зімянін. Ён пазваніў, успомніў пра паштоўку, якую ён асабліва выдзеліў з соцень іншых, што прыйшлі на яго адрас, падзякаваў за тое, што мы паклапаціліся пра добраўпарадкаванне магілак яго бацькоў. А потым запрасіў мяне ў Маскву. Памятаю, як ехалі (Васіль Шаўцоў вёз на “Пабедзе”), са мною ехаў сын Юра, ён як раз заканчваў медыцынскі інстытут, і яго дзяўчына, мая будучая нявестка. Нас пасялілі ў гасцініцы “Расія”, далі два двухмесныя нумары (жаночы і мужчынскі). А назаўтра я пайшла ў ЦК КПСС, пайшла з гасцінцамі ад мамы – слоікам мёду і асеннімі крамянымі яблыкамі. Зімянін аказаўся невысокага росту і я шкадавала, што абула туфлі з высокімі абцасамі. Потым мы пілі чай з пячэннем, доўга размаўлялі. Так і пасябравалі.
–  І гэтае сяброўства аказалася доўгім і  плённым…
–  Сапраўды. Зімянін блізка да сэрца прымаў справы Шумілінскага раёна, стараўся дапамагчы, арганізоўваў нам сустрэчы з прадстаўнікамі розных міністэрстваў. Пасля таго я сем разоў ездзіла ў Маскву. Пясоцкі са мой ездзіў, некаторыя кіраўнікі калгасаў. Міхаіл Васільевіч вельмі садзейнічаў нам пры будаўніцтве раённай бальніцы, будынка ашчадбанка на вуліцы Ленінскай, пры набыцці ўазікаў для калгасаў, уборачнай тэхнікі… Такой вось каштоўнай аказалася тая паштоўка да Дня Перамогі.


23 чэрвеня 1981 года. Кіраўніцтва Шумілінскага раёна з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны – удзельнікамі вызвалення Шуміліншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Памяць
– Дзень Перамогі ў гады вашага кіраўніцтва Шумілінскім раёнам быў больш ажыўленым, прыходзілі і прыязджалі шматлікія сведкі тых суровых гадоў, нямала прыязджала да нас дэлегацый з іншых рэспублік, а сёння ветэранаў амаль што не засталося...
– Аднойчы, а гэта была восень 1976 года, пасля візіту ў Шуміліна сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна і пасля паездкі з ім да Тропінскага мемарыялу я доўга думала пра хуткую плынь часу, пра тое, што памяць канкрэтнага чалавека – вельмі вялікая каштоўнасць, але недаўгавечная. І яе трэба захаваць. Ідэя захапіла мяне,  нават не магла заснуць. А раніцай я зразумела, што мы павінны напісаць кнігу пра тых, хто жыў да нас, ваяваў, гінуў на шумілінскай зямлі… Кнігу пра Памяць. Назаўтра сабралі сход актыву раёна. Ідэю падтрымалі апладысментамі. І ўзяліся за вялікую работу. Мы першыя ў Беларусі напісалі кнігу “Памяць”, за намі пайшлі іншыя раёны і іншыя рэспублікі. Мне давялося не аднойчы выступаць на старонках газет, а таксама ў Валгаградзе на злёце “Пошук”.
З артыкула “Кніга Памяці”, надрукаванага за подпісам Н. Сянчуры 20 верасня 1980 года ў газетах “Чырвоная змена” і “Звязда”:
“У ходзе пошукаў выйшлі за межы раней пастаўленай задачы – збіраць матэрыял пра герояў, іх подзвігі ў мінулай вайне – і значна расшырылі пошук. Былі знойдзены матэрыялы аб рэвалюцыйных падзеях на Шуміліншчыне ў 1918 годзе, сабраны дакументы гісторыі 1905 года, запісаны ўспаміны членаў першых камсамольскіх ячэек, удзельнікаў калектывізацыі, сведак вострай класавай барацьбы ў вёсцы ў дваццатыя гады. Сабралі звесткі не толькі пра загінуўшых, але і пра жывых удзельнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, аб працоўных подзвігах насельніцтва раёна ў пасляваенныя гады.
Далейшую работу па ўдакладненні матэрыялаў, пераправерцы фактаў правялі камісіі, камсамольскі актыў.
Усе сабраныя для будучай кнігі матэрыялы абмяркоўваліся і зацвярджаліся на сходах калгаснікаў, рабочых саўгасаў і прамысловых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Калектыўна вырашалася важнасць і значэнне кожнага выяўленага факта, высвятлялася кожнае прозвішча, якое заслугоўвае таго, каб быць увекавечаным.  Усе матэрыялы кнігі друкаваліся паступова ў раённай газеце “Герой працы”.
– Ніна Сяргееўна, Пётр Міронавіч Машэраў ведаў пра тое, што ў Шумілінскім раёне ствараецца “Летапіс народнай славы”? Першы сакратар ЦК КПБ у той час часта ж прылятаў у наш рэгіён, ён цаніў вас, цікавіўся ўсімі справамі.
– Безумоўна, ён ведаў і падтрымліваў. Пётр Міронавіч сам прайшоў праз вайну, быў адным з арганізатараў партызанскага руху на Беларусі, у 1944 годзе ўдастоены звання Герой Савецкага Саюза. Яго не стала ў 1980 годзе. І наша кніга “Памяць” была як даніна пашаны і яму – чалавеку і змагару з вялікай літары.


Мітынг 7 лістапада. На трыбуне кіраўніцтва Шумілінскага раёна (злева направа): намеснікі старшыні райвыканкама В. А. Волкаў, Я. С. Ганчароў, старшыня райвыканкама У. С. Пясоцкі, першы сакратар райкама Н. С. Сянчура, другі сакратар У. П. Янкевіч, сакратар райкама Л. І. Трашкоў.

Пра жаночае абаянне
– Шумілінцы, калі размаўляюць пра вас, Ніна Сяргееўна, абавязкова ўспамінаюць вашы капялюшыкі, упэўненую постаць, адкрытую ўсмешку і непрытоенае захапленне вамі, у першую чаргу мужчын. Падзяліцеся сваімі сакрэтамі жаночага абаяння.
– Ведаеце, я ніколі не была самаўлюбёнай. Хаця ўвагу з боку мужчын адчувала заўсёды, і кампліменты чула. Але я сябе з мужчынамі заўсёды трымала строга, ніколі не давала ніякіх повадаў. Так што сакрэтаў ніякіх няма. Так, я заўсёды глядзела за сабой, не дазваляла неахайнасці. У адзенні мы абавязаны былі прытрымлівацца пэўных правілаў: ніякіх адкрытых каленяў, ніякіх дэкальтэ.
– А капялюшыкі?
– А капялюшыкі – мая слабасць. І яны ў любы час і пры ўсякіх павевах часу толькі ўпрыгожваюць жанчыну…
Шмат пра што яшчэ можна было б напісаць. Таму ставім не кропку, а коску, каб у хуткім будучым прадоўжыць тэму. Упэўнена, што людзям, якія працавалі побач з Н. С. Сянчурай, ёсць што сказаць, у тым ліку і для чытачоў “Герой працы”.
Яе пакаленне, якое прайшло праз вайну, праз страх, боль і голад, умела і ўмее браць на сябе адказнасць і цаніць кожны дзень жыцця, быць удзячным за простыя людскія радасці і заўсёды памятаць, што мір – крохкі, што твая біяграфія – толькі маленькі радок у шматтомнай біяграфіі твайго народа. Маленькі, але які залаты радок упісала ў гэтую біяграфію Ніна Сяргееўна Сянчура!
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з уласнага архіва Н. С. СЯНЧУРЫ.
Надрукавана ў №87 ад 09.11.2028 г.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ніна Сяргееўна Сянчура. Н.С. Сянчура: «14 год у Шуміліне. А якія гэта былі гады!» Радкі біяграфіі Ніна Сяргееўна Сянчура нарадзілася ў Гарадоцкім раёне ў вёсачцы з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика