Глыбочанская школа отметила 95-летний юбилей!. 21.by

Глыбочанская школа отметила 95-летний юбилей!

15.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Піянераў дваццатых-трыццатых змянялі на сцэне юнакі і дзяўчаты “свінцовых і парахавых 40-ых”, юныя спартсмены 70-ых, пакаленне вучняў, якія нарадзіліся ў першыя гады незалежнасці, і, нарэшце, сённяшнія вучні – у суботу у Глыбачанскай школе тэатралізаваныя элементы дзейства, прысвечанага 95-гадоваму юбілею школы, акуналі ў часы маладосці ветэранаў педагагічнай нівы, што ў розныя гады працавалі тут, выпускнікоў і гасцей, ад якіх прагучала мора слоў удзячнасці і пажаданняў. Галоўнае ж – каб і векавы юбілей прайшоў у гэтых сценах не менш ярка і шчымліва.

А адразу пасля вызвалення раёна і да 1954 года школай кіраваў Аляксандр Сцяпанавіч Скобаў. Яго змяніў Іван Васільевіч Законнікаў, які адзначыўся вялікай пошукавай работай, быў кіраўніком літаратурнага гуртка “Усход”. Першы нумар яго выдання захоўваецца ў школьным музеі. Актыўнымі гурткоўцамі былі і трое дзяцей дырэктара, адзін з якіх, Сяргей Законнікаў, стаў вядомым беларускім паэтам.

З 1960 па 1962 год педкалектыў узначальвала выдатнік адукацыі СССР і БССР Надзея Трафімаўна Старадуб. Школа пераходзіла на вытворчую праграму адукацыі, ёй былі перададзены аўтамабіль і трактар, вучні пачалі вырошчваць трусоў і качак. Потым да 1968 года кіраваў Аляксандр Пятровіч Краўчанка – пры ім у спісы назаўсёды ўнесены 64 прозвішчы загінуўшых падчас вайны вучняў, якія аддалі жыццё за незалежнасць краіны, у 1966-ым школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Б.І.Юркіна. З 1968-га дырэктарам на пяць гадоў становіцца Міхаіл Канстанцінавіч Каплеўскі. Быў закладзены вялікі ўчастак з парнікамі і цяпліцай, створаны дэндрарый і пітомнік, школа двойчы прымала ўдзел ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, пабудавана сталовая, створаны музей. Пад кіраўніцтвам М.К.Каплеўскага і па яго чарцяжах у навакольных вёсках устаноўлены памятныя знакі ў гонар падзей Вялікай Айчыннай вайны.

– Наогул, пасляваенныя дзесяцігоддзі былі часам мацнейшай патрыятычнай работы, – прыгадвала Алена Захараўна Кучко, якая ў 60-ыя працавала ў Глыбачцы піянерважатай і з тых гадоў захавала гальштук, які і павязала на мерапрыемства. – Напачатку не было электрычнасці, падручнікаў і шмат чаго іншага, але быў вельмі моцны маральны дух, прага да ведаў і працы. Калі ўспамінаю ўмовы тых гадоў, то зараз – нібы ў раю.

Наступную пяцігодку пасля М.К.Каплеўскага педкалектывам кіраваў Валянцін Уладзіміравіч Талочка, у 1973 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак школы. Пры дырэктарстве маладой і энергічнай Лідзіі Іванаўны Лісковай (1077-1980 гг.) наладжана цесная сувязь з батальёнам вайскоўцаў, які прымаў удзел у вучэннях “Захад-81” на беразе Заходняй Дзвіны. З 1980 па 1983 год дырэктарам школы стаў Іван Сямёнавіч Жарнасек, яго змяніла Ніна Пятроўна Фёдарава, якая кіравала да 1987 года. У гэтыя часы актыўна развіваўся вучэбны працэс, укараняліся новыя тэхналогіі, значна была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база, у 1984 годзе быў адкрыты новы школьны музей, значную дапамогу ў яго стварэнні і афармленні аказаў Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, які напісаў галоўную карціну “Подзвіг Юркіна”.

– Сэнс фразы “Вялікае бачыцца на адлегласці” разумееш з гадамі, – па-філасофску пачаў выступленне старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў, які заканчваў школу якраз тады. – І толькі ў сталым ўзросце разумееш, як многа даюць настаўнікі, бо ў гэтых сценах закладаюцца асновы жыцця. Я люблю прыходзіць у школу, тут маладзееш душой. Адзіны мінус – ужо не паімчышся як раней па калідоры, не з’едзеш па лесвіцы – баюся, не зразумеюць… Шчыра прашу прабачэння ў маіх педагогаў, я быў не самы пакладзісты вучань.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Н.В.Стрыжонак прыгадала, як у 1978 годзе вучаніцай Кубліцкай школы яна ўпершыню трапіла сюды, у Глыбачанскую: “Гэта была нібы іншая краіна – усё на парадак лепш! І потым, калі па сваёй школьнай дзейнасці раз-пораз наведвала Глыбачку, адзначала, што школа толькі расце”. Наталля Васільеўна трапна параўнала сельскую ўстанову адукацыі з сэрцам вёскі ці аграгарадка і пажадала, каб тут і надалей кіпела жыццё. А яшчэ прывяла радкі С.Законнікава “Ніхто не прымушаў – я выбраў сам, жыццё з тэмператураю кіпення” і адзначыла, што гэтыя словы земляка можна аднесці да ўсіх пакаленняў глыбачанскіх педагогаў, якія сапраўды кіпелі і кіпяць душой за справу.

У няпростыя апошнія гады савецкай эпохі і на зары незалежнасці Беларусі школу ўзначальвала Марыя Фёдараўна Папельская. Быў створаны кабінет сусветнай мастацкай культуры, уведзены новы вучэбны прадмет “Рытміка”, падрыхтаваны тры медалісты – Н.Хвошч, А.Волкава і Ю.Кляпец. Паспяхова працавала вытворчая брыгада, дынамічна развіваліся мастацкая самадзейнасць і турызм. Усхвалявана прыгадвала гады сваёй педагагічнай дзейнасці Галіна Леанідаўна Кляпец, якая змяніла на пасадзе М.Ф.Папельскую і кіравала школай на працягу наступных 12 год:

– За чатыры дзесяцігоддзі перажылі, як кажуць, калектывізацыю, актывізацыю і перабудову. Тут заўсёды быў моцны, з’яднаны, таленавіты калектыў, не было цякучасці кадраў – заставаліся сем’ямі: мы, Папельскія, Осіпавы, Жарнасекі, іншыя. Жылі працай настолькі, што, ідучы ўранку спраўляцца па гаспадарцы, аказвалася з вёдрамі ля спартзалы і толькі тады ўспамінала – трэба ў адрыну. Задумаешся, а ногі самі нясуць у школу…

Пры дырэктарстве Святланы Васільеўны Зайцавай вёска набыла статус аграгарадка, установа стала школай-дзіцячым садам, калектыў актыўна займаўся эстэтычным афармленнем будынка і тэрыторыі. Пад кіраўніцтвам дырэктара вучні школы прымалі ўдзел у рэспубліканскім праекце “Танцавальны фальклор і дзеці”, дзе сталі прызёрамі ва ўсіх узроставых групах.

Шмат зрабіў для школы і Віктар Пятровіч Котаў, які ўзначальваў яе з 2012 па жнівень 2018 года. Установа адукацыі неаднаразова станавілася прызёрам раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, а па выніках работы за 2017-ы прызнана лепшым аб’ектам аграгарадка і занесена на раённую Дошку гонару, настаўнік гісторыі Уладзімір Леанідавіч Хамёнак стаў лаўрэатам трэцяга этапу конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Беларусі-2017”. З верасня бягучага года Віктара Пятровіча Котава змяніла на пасадзе Зоя Іванаўна Жогаль, і ў слаўнай біяграфіі ўстановы адукацыі распачалася новая старонка. Каб яна стала не менш яркай, чым у папярэднікаў, жадалі калектыву ўсе госці мерапрыемства, адзначаючы, колькі сіл і часу патрэбна было педагогам і вучням для яго арганізацыі. Чаго толькі каштуе арыгінальная задума з картай Беларусі, на якой зорачкамі пазначаны шматлікія населеныя пункты, дзе зараз жывуць і працуюць выпускнікі, якія даслалі любімай школе вершаваныя відэавіншаванні. Таксама гасцей, якія прыехалі на свята з падарункамі і ўзнагародамі, чакалі сапраўдная экскурсія па класах і віртуальная па тэрыторыі, салодкі стол, яркія выступленні маленькіх глыбачанцаў, урокі роднай мовы і творчасці, падчас якіх яны азнаёміліся з прозвішчамі былых вучняў, якія вызначыліся ў літаратуры, навуцы, розных відах мастацтва. Іх за 95 гадоў Глыбачанская школа выпусціла ў вялікі свет сотні. І спадзяецца ў будучым падрыхтаваць не менш – для гэтага ёсць і жаданні, і магчымасці.

Дзмітрый Раманоўскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Піянераў дваццатых-трыццатых змянялі на сцэне юнакі і дзяўчаты “свінцовых і парахавых 40-ых”, юныя спартсмены 70-ых, пакаленне вучняў, якія нарадзіліся ў першыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика