Шаркаўчанін Віктар Качан падчас службы ў Афганістане быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. 21.by

Шаркаўчанін Віктар Качан падчас службы ў Афганістане быў узнагароджаны медалём “За адвагу”

18.02.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

257
Удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, шаркаўчанін Віктар Віктаравіч Качан — у ліку тых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія за перыяд сваёй службы ў Афгане былі ўзнагароджаны медалём “За адвагу” — адной з самых значных савецкіх салдацкіх узнагарод  “За адвагу” — адзін з тых медалёў (нешматлікіх), які нават пасля распаду Савецкага Саюза быў зноў зацверджаны ў сістэме ўрадавых узнагарод Расійскай Федэрацыі і Беларусі. З самага моманту свайго з’яўлення менавіта гэты медаль  карыстаўся асаблівай папулярнасцю і высока цаніўся сярод франтавікоў, бо такую ўзнагароду атрымлівалі выключна за асабістую храбрасць, праяўленую падчас баявых дзеянняў. Гэта было галоўным адрозненнем дадзенай узнагароды ад некаторых іншых ордэнаў і медалёў, якія часта ўручаліся “за удзел”.

Для ўраджэнца вёскі Жукі Горныя, а ў цяперашні час шаркаўчаніна Віктара Качана служба ў Афгане доўжылася 335 дзён: з 27 красавіка 1988 года і да самага вываду Савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана. Сваю воінскую службу 18-гадовы юнак праходзіў на тэрыторыі афганскай правінцыі Кайсар, на мяжы Афганістана і Туркменістана, дзе мотаманеўраная група з тэрыторыі Афганістана забяспечвала ахову дзяржаўнай мяжы Савецкага Саюза, удзельнічала ў баявых аперацыях па ліквідацыі прарываў праз мяжу. Падчас сваёй службы Віктар, які яшчэ на радзіме паспеў атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, на грузавых аўтамабілях ГАЗ-66 і ЗІЛ-131 забяспечваў сваю мотаманеўраную групу ўсім неабходным: боепрыпасамі, ежай і пітной вадой, некаторымі іншымі грузамі.

І сёння, нават праз 30 год пасля завяршэння службы, не сціраюцца з памяці ўспаміны аб той вайне, на якой загінула так многа зусім яшчэ маладых салдат. Таму, як і большасць яго саслужыўцаў, Віктар не любіць успамінаць свой “афганскі” перыяд жыцця. І ўсё ж на пытанне, за што 18-гадовы вясковы юнак атрымаў баявую ўзнагароду, Віктар Качан расказаў наступнае:

— Нашаму ўзводу была пастаўлена задача ахоўваць склад боепрыпасаў. Там жа пад зямлёй у бочках размяшчаліся і гаруча-змазачныя матэрыялы, якія мы таксама павінны былі ахоўваць ад афганскіх маджахедаў. І аднойчы, калі наша мотаманеўраная група трапіла пад абстрэл, на складзе гаруча-змазачных матэрыялаў я паспеў затушыць тры тэрмітныя зарады, чым  выратаваў людзей. Напэўна, за гэта і быў узнагароджаны. Наша  перастрэлка з маджахедамі ў той час працягвалася на працягу трох дзён. На шчасце, дапамаглі нашы верталёты і ўсе мы  паспяхова выканалі сваю баявую задачу.

15 лютага 1989 года пагранічныя войскі Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР ціха, без усялякіх урачыстасцяў перайшлі мяжу і вярнуліся ў Савецкі Саюз, бо сама прысутнасць пагранічнікаў на тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан у той час была засакрэчана. Служба Віктара Качана пасля вываду войскаў з тэрыторыі Афганістана яшчэ год працягвалася на мяжы Туркменіі, у гарадскім пасёлку Тахта-Базар.

Пасля тэрміновай службы ў арміі Віктар Качан вярнуўся на радзіму. У Германавічах, у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, каля 10 гадоў адпрацаваў вадзіцелем. У 2000-м годзе разам з сям’ёй пераехаў у Шаркаўшчыну. Сёння былы воін-афганец займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Яго жонка Ала Аляксандраўна Качан працуе начальнікам Радзюкоўскага аддзялення паштовай сувязі. Дзеці ўжо дарослыя.  Сын Андрэй жыве і працуе ў Мінску. Дачка Алена — у Шаркаўшчыне, выхоўвае траіх маленькіх дзетак.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика