Юбілеі. Дзень добры, Данілавіч!. 21.by

Юбілеі. Дзень добры, Данілавіч!

19.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рыгор Пратасавіцкі віншуе са 100-гадовым  юбілеем Васіля Лемяшэўскага

Рыгор Пратасавіцкі віншуе са 100-гадовым юбілеем Васіля Лемяшэўскага

Канцэрт ад 100-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны – гэта ўжо ўнікальнасць. А калі чалавек, які за плячыма мае цэлы век, спявае толькі для цябе – гэта здараецца раз у жыцці.

Шостага красавіка жыхар Альпеня Васіль Данілавіч Лемяшэўскі адзначыў свой 100 дзень нараджэння. Святкаваў яго ў шпіталі імя Машэрава ў Мінску, дзе таксама атрымаў шэраг віншаванняў ад медперсаналу. У панядзелак ён вярнуўся на Століншчыну, да свайго сына Рыгора і нявесткі Лены, што жывуць у Рэчыцы. Па дарозе са шпіталя ў машыне ён тры гадзіны спяваў песні – народныя, ваенныя.
…Нарадзіўся Васіль у Альпені. Быў самым малодшым сярод сямі сыноў. Вясковая сям’я, праца ў полі і на гаспадарцы. Прыход Польшчы, а пасля і аб’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй.
У 1940 годзе ў Альпені стварылі калгас “Парыжская камуна”. Адзін з братоў стаў брыгадзірам, другі – загадчыкам фермы, трэці – конюхам. А самага малодшага вырашылі адправіць вучыцца. Так ён трапіў у княжацкі палац у Століне, дзе тады знаходзіўся сельгастэхнікум. Павінен быў атрымаць адукацыю агранома. Вучыўся з мая па кастрычнік – а там прыйшла павестка ў армію.
Служба ў Днепрапятроўску, а ў маі вывезлі салдат у летнія лагеры. Ён добра памятае, як 22 чэрвеня камісар аб’явіў, што гітлераўская Германія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Старшы прызыў забралі на фронт. Маладых пакінулі на некаторы час яшчэ падвучыцца. Але ненадоўга.
Лемяшэўскі быў залічаны ў артылерыю. Адказваў за сувязь: перадаць звесткі ад камандавання гаўбіцам. Праз некаторы час трапілі пад моцны абстрэл. Яго ваеннага сябра забіла. У чарговым абстрэле пад Кіевам быў моцна паранены і сам Васіль. Параненага забралі ў палон. Напачатку Белая Царква, пасля – польскі горад Хелі. Ахова была невялікая, а хлопцы з Заходняй Беларусі сабраліся і вырашылі бегчы. Уцёк удаўся. Ён вярнуўся дахаты. Толькі быў вельмі слабы. Нават маці не пазнала сына. Месяц ляжаў, маці даглядала, лячыла раны і выпойвала малаком.
Звесткі пра вяртанне былога калгаснага актывіста разнесліся ў вёсцы. Нехта далажыў немцам. І зноў палон. Толькі цяпер ужо больш сур’ёзны і страшны – канцлагер Бухенвальд. Ужо практычна перад вызваленнем перавялі Лемяшэўскага ў іншы канцлагер – Дора.
Доўгачаканае вызваленне прыйшло ад амерыканцаў, а пасля падаспела і наша армія. Разборкі, запасны полк, шмат пытанняў, што і да чаго, дзе ваяваў і як трапіў у палон. А ваяваў пад кіраўніцтвам Паўлава. Таго прызналі ворагам народа. Давялося даказваць і тлумачыць.
Далей была служба ў арміі – 194 полк размясціўся на англійскай граніцы. Праслужыў у ім да 3 ліпеня 1946 года.
Вяртанне дахаты, у апаленую вайною Беларусь, работа на цагельным заводзе ў Альпені. Сям’я жыла на хутары. Там жа працавала маладая настаўніца Марыя Сямёнаўна, якая прыехала з Магілёўшчыны вучыць дзяцей у Заходняй Беларусі. Так і пазнаёміліся, а ў 1948 годзе згулялі вяселле.
У 1949 годзе зноў быў арганізаваны калгас. Васіль Данілавіч быў адным з першых. У калгасе быў намеснікам брыгадзіра, кладаўшчыком, загадчыкам фермы. Больш за ўсё ён і дзеці памятаюць бацьку ў ролі намесніка брыгадзіра, калі ён хадзіў па дамах, раздаваў нарады па рабоце вяскоўцам. У 1979 годзе пайшоў на пенсію. Івана Данілавіча добра ведаюць і паважаюць у Альпені.
У сям’і Лемяшэўскіх было тры сыны. Аднаго ўжо няма. Не вытрымала страты сына і жонка, якая пайшла ў іншы свет у 1997 годзе. Так застаўся сам у вёсцы. Да сына ехаць не хацеў. Гэта апошнія гадоў пяць перабіраецца на зімоўку ў Рэчыцу, бо так зручней, а толькі прыгрэе сонейка – зноў просіцца ў Альпень.
– Тут я адкрыю брамку, выйду на вуліцу, а чалавек міма мяне шмыг – прайшоў. І ніякага слова не пачуеш. У сябе ж у Альпені выйду і ад кожнага чую: “Дзень добры, Данілавіч”, — расказвае ветэран.
Зараз ён ужо дрэнна бачыць, але сваіх вяскоўцаў пазнае па голасу.
Васіль Данілавіч яшчэ сам зварыць сабе і суп, і кашу. Спячэ аладкаў ці пасмажыць дранікаў. Вось толькі іншым часам аладак можа падгарэць, бо не бачыць, як гэта ён падпякаецца.
Даглядае яго ў Альпені сацыяльны работнік Марыя Івашчанка, якая жыве праз дарогу.
– Я іншым часам яшчэ ў ложку, а яна мне ўжо сняданак прыносіць. Хочу паляжаць, а яна мне – снедай, – з жартам расказвае юбіляр.
Нават калі ён у Альпені, то сын з нявесткай два-тры разы прыязджаюць праведаць. Пра іх Васіль Данілавіч і гаворыць: як не жыць да ста гадоў, калі цябе смачна накормяць і напояць.
У Альпень маніць свая хата, знаёмыя, а яшчэ і бусел, які размясціўся на слупе каля хаты. Ветэран радуецца яго клёкату.
Любіць ды і любіў усё жыццё рыбалку – пасядзець з вудаю – гэта для яго асалода. І зараз просіць сына завезці і пабыць яго вачамі. Ці ў вёсцы суседа. Так і сядзяць удвух. Калі ў Лемяшэўскага клюе, то той камандуе: “Цягні”.
Дапытвалася ў векавога жыхара пра сакрэт даўгалецця. Курыў? Курыў, бо ў арміі тых, хто не курыў, – застаўлялі падмятаць. Пасля на ферме зноў пачаў курыць. Піў? Практычна, не. Нават на вяселлі ў яго быў мінімум – дзве чаркі. Не больш. І зараз выпіць можа 100 грамаў, не болей. А вось магазінныя стравы не прызнае – каўбаса, пельмені – не для яго. Суп, кашу есць з задавальненнем.
Яшчэ, канешне, гены. Па лініі маці ўсе жылі ў сярэднім па 90 гадоў. Аднаго брата не стала ў 93, другога ў 86, трэцяга ў 79 гадоў.
– Няма ўжо тых, з кім гуляў у дзяцінтсве. Няма тых, з кім служыў у арміі, няма і тых, з кім працаваў у калгасе, – толькі ў адзін момант пачула ноткі жальбы ў голасе ветэрана.
У астатні час ён шмат жартаваў, смяяўся, заражаў сваім аптымізмам і бадзёрым духам.
Павіншаваць юбіляра прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Пратасавіцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Дземідовіч, старшыня Веляміцкага сельвыканкама Святлана Пашкевіч, намеснік старшыні савета ветэранаў Соф’я Мацюх. Ветэран прымаў віншаванні, дзякаваў, а пасля яшчэ гасцям выканаў “Кацюшу”.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канцэрт ад 100-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны – гэта ўжо ўнікальнасць. А калі чалавек, які за плячыма мае цэлы век,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика