Добрыя чараўнікі з Чараўкоў. 21.by

Добрыя чараўнікі з Чараўкоў

05.10.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“Шчасце — не пасіўная асалода, а актыўнае жыццё”

З Вікторыяй Сяклюцкай мы пазнаёміліся выпадкова, і прадставілі мне яе як гаспадыню аграсядзібы на беразе Нарачы. Акрамя таго, жанчына настаўнічае ў гімназіі-інтэрнаце горада Мядзела, выкладае беларускую мову і літаратуру. У сям’і Вікторыі і Аляксандра Сяклюцкіх чацвёра дзяцей: старэйшаму Арцёму шаснаццаць гадоў, Лізавеце — дванаццаць, Ксеніі — сем, Мар’яне — два. Такое знаёмства можна шчыра назваць журналісцкай удачай. Сучасная і адначасова нібыта са старонак твораў беларускіх класікаў мінулага стагоддзя, па-дзіцячы цікаўная да жыцця і па-даросламу мудрая — Вікторыя падалася мне сапраўднай добрай чараўніцай. І трошкі праўды ёсць у тым, што назва вёскі, дзе жывуць Сяклюцкія, Чараўкі, без сумневу звязана са словам “чараўнікі”. А гісторыя сям’і нагадвае незвычайную казку...

Вера, Надзея, Любоў

Жылі-былі... хлопец і дзяўчына. У выпадку Вікторыі і Аляксандра пачатак гэтай казкі нечым падобны да гісторыі Папялушкі, якая спазнілася на баль. Напярэдадні новага, 1994 года ў мядзельскім рэстаране адзначыць падзею сабраліся некалькі працоўных калектываў, у тым ліку педагогі, міліцыя і прадстаўнікі сельскіх гаспадарак раёна. Вікторыя апранула доўгую блакітную сукенку і па лесвіцы ўзбегла наверх, у залу, крыху спазніўшыся. Збянтэжаная, шукала вачыма сваіх калег, і тут на дапамогу кінуўся цікавы малады мужчына.

— Мяне ўразіла, як Саша імкнуўся мяне зацікавіць: на памяць чытаў урыўкі з класікаў беларускай літаратуры, жартаваў, расказваў нейкія байкі, — успамінае шчаслівая жонка. — Потым я прапанавала патанцаваць, а ён кажа: “Я мужыцкіх танцаў не гуляю, толькі падыспань ці падзікварту...” Такі жартаўнік аказаўся, ды яшчэ дасведчаны ў беларускай літаратуры!

Вікторыя не спяшалася ісці да шлюбу, правярала жаніха, прыглядалася, для таго каб выбраць найлепшага бацьку для сваіх будучых дзяцей.

— Хоць мая бабуля Марыя і перасцерагала: з вялікага перабору — лапці ды абора, — жартуе суразмоўца.

Дарэчы, бабуля — вельмі важны чалавек у жыцці Вікторыі. Многаму навучыла яе менавіта бабуля. І любоў да прафесіі настаўніка — таксама ад яе. Усё жыццё Марыя Цімафееўна вучыла дзетак у малакамплектнай сельскай школцы. Гэта значыць, вяла ўрокі ў чатырох класах, якія размяшчаліся ў адным пакоі, была для вучняў і дырэктарам, і завучам, і прыбіральшчыцай, і медсястрой, калі спатрэбіцца. А яшчэ дадайце сюды вялізны школьны сад і прышкольны ўчастак! Усяго ж толькі па мамінай лініі ў родзе Вікторыі дванаццаць настаўнікаў. Можна лічыць, што гэтая прафесія Вікторыі была наканавана лёсам.

— Для мяне вельмі важна еднасць пакаленняў, — кажа мая гераіня. — І я не шкадую аб сваім выбары, бо мая прафесія дае вялікую прастору для мыслення і творчасці.

Вяселле маладыя святкавалі ў незвычайны дзень: 30 верасня адзначаецца Дзень памяці святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. Гэтыя святыя нібыта ўзялі сям’ю пад сваю апеку, дапамагаюць і побыт уладкаваць, і пра душу не забыцца — сям’я веруючая. Аляксандр — каталік, Вікторыя — праваслаўная.

Вяселле гулялі ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі, аднак з-за хваробы бабуля нявесты не змагла прысутнічаць на свяце. І тады маладая папрасіла жаніха наведаць Марыю Цімафееўну і папрасіць ў яе блаславення. І ўвесь вясельны натоўп рушыў да бальніцы. Бабуля была вельмі расчуленая ўчынкам унукаў і, вядома, блаславіла іх на шчаслівае жыццё.

— Хоць бабуля і адышла ў іншы свет, мне здаецца, яна заўсёды побач, — кажа суразмоўца. — У складаныя моманты быццам дапамагае мне: невядома адкуль прыходзіць падказка. Гэта датычыцца і педагагічнай дзейнасці, і сямейнага жыцця. Пра бабулю магу гаварыць бясконца, яна мой сапраўдны кумір.

Бацька-гаспадар

Калі жонка ў гэтай сям’і — завадатарка і генератар ідэй, то муж — сапраўдны беларус: спакойны, памяркоўны, лагодны і ўраўнаважаны. Для яго, акрамя жонкі і дзяцей, вельмі важная праца. Інспектар аддзела аховы прыроды ў Нацыянальным парку “Нарачанскі”, Аляксандр шмат часу праводзіць у лесе, на азёрах, здараецца, на працу выклікаюць пасярод ночы. У вольны ад рэйдаў час галава сям’і шмат займаецца вясковай фізічнай працай: нарыхтоўвае дровы, летам косіць, зімой — чысціць снег, будуе-рамантуе, бясконца ўдасканальвае сямейнае гняздо, ды і дачок можа павучыць рабоце. Яго прынцып выхавання — “Кожны павінен быць карысным для сям’і і людзей”. Калі ў сям’і абмяркоўвалі магчымы пераезд у горад, Аляксандр адмовіўся наадрэз і сказаў жонцы: “Я табе не канапны кот, каб без справы сядзець”.

У Вікторыі, нягледзячы на шматлікія клопаты, мноства разнастайных інтарэсаў: гэта і ўдзел у фальклорным гурце “Журавінка”, і напісанне вершаў і нататак, і фатаграфаванне, і фітнэс, і чытанне — “ні дня без радка”. Але галоўнае для яе — дзеці. Пакуль яны не леглі спаць, мама цалкам прысвячае сябе малым.

— Як настаўніца назіраю, што для многіх бацькоў галоўнае ў выхаванні — “апрануць-абуць-накарміць — каб не горш, чым у астатніх”. А вось часу на зносіны бракуе. А шкада. У дзяцей трэба бясконца ўкладаць, і не толькі (і не столькі) у матэрыяльным плане. І менавіта жанчына створана для гэтага. Я смела прывучала немаўлят да рук, бясконца размаўляю з малымі, забаўляю, цалую, пешчу, старэйшым падсоўваю цікавыя кнігі, імкнуся развіваць дзетак з першых месяцаў жыцця. Галоўнае — быць з дзеткамі побач, гаварыць з імі, слухаць іх, ніякія навамодныя методыкі гэтага не заменяць.

У сям’і Сяклюцкіх ёсць традыцыя: калі крыху падрастае малодшае дзіця, надыходзіць час для пазнавальнага турызму па Беларусі. Маршрут складаюць самастойна і разам адкрываюць для сябе раней невядомыя куткі роднага краю.  Апошняя вандроўка адбылася на Брэстчыну, у Белавежскую пушчу.

— Няхай малодшая дачка і не запомніла ўсіх лабірынтаў сядзібы Дзеда Мароза, аднак атрымала новыя ўражанні, а значыць, і новы штуршок у сваім развіцці.

А наступная мара — пабываць у аграсядзібе на Браслаўшчыне, ды не проста зняць домік, а знайсці цікавых гаспадароў, якія прапануюць сваім турыстам незвычайны адпачынак.

На беразе Нарачы

Аднойчы ў жыцці Сяклюцкіх здарылася гісторыя, крыху падобная да казкі. У іх яшчэ не адрамантаваную хату пастукалася сям’я: бацька, трое дзетак і бабуля. Папрасілі прытулку на ноч, бо ехалі здалёк і стаміліся ў дарозе. Размясціліся, пазнаёміліся і... засталіся жыць на два тыдні. Разам падарожнічалі, слухалі нарачанскія паданні. А пакідаючы дом гаспадароў, госця прадказала, што Аляксандру і Вікторыі наканавана прымаць шмат гасцей. Так і здарылася. Аднымі з першых на Мядзельшчыне Сяклюцкія вырашылі ў свой час арганізаваць аграсядзібу. Ды са сваімі цікавымі разынкамі!

Па-першае, размаўляюць тут з гасцямі па-беларуску. Аўтэнтычныя мясцовыя легенды, казкі і песні каля вогнішча на беразе аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх азёр... Гаспадыня збірае ўлетку розныя зёлкі і заварвае з іх для гасцей адмысловую гарбату. Чым больш у ёй зёлак, тым большая чароўная сіла гарбаты. Ды з самавара, ды пасля лазні! Турысты таксама могуць самі паўдзельнічаць у зборы лекавых траў у лесе. Асабліва карысна гэта рабіць на Купалле. Нездарма многія госці штогод наведваюць аграсядзібу і яе незвычайна гасцінных гаспадароў.

Трывожнае шчасце

— Як вы ўсё паспяваеце? — не магу я стрымаць пытанне да гэтай незвычайнай жанчыны. Аказваецца, рацэпт просты, трэба менш спаць і больш завіхацца.

Ці марыла Вікторыя аб вялікай сям’і?

— Каб папыталіся раней, ніколі б не сказала, што ў мяне будзе чацвёра дзяцей. А зараз кажу мужу: “Што ж, ты ў мяне харошы, я неблагая, няхай будзе больш добрых людзей на свеце”. Як Бог дае, то трэба браць.

У светлай, сонечнай, аптымістычнай сям’і ёсць і свая драма: хвароба старэйшага сына.

— Некаторыя жанчыны пасля нараджэння дзіцяці-інваліда баяцца падарыць яму браціка або сястрычку, — кажа мама чатырох дзяцей. — Хачу сказаць ім адно: не бойцеся нараджаць! Мае дзяўчынкі — мой найвялікшы гонар і шчасце. У адным з твораў Уладзіміра Ліпскага ёсць такія словы: “Кожны чалавек — цэлая кніга”. У маёй сям’і — шэсць кніг, усе розныя. І я з задавальненнем чытаю іх штодзень, у гэтым маё шчасце.

На ўроку па “Трывожным шчасці” І. Шамякіна разам са старшакласнікамі Вікторыя Вячаславаўна малюе пяць прыступак да шчасця. Абавязкова ўзгадвае Маленькага Прынца. Ці можна быць шчаслівым, седзячы ў крэсле? Не. Шчасце — калі ёсць каго любіць і пра каго клапаціцца. Шчасце ў тым, каб аддаваць сябе, гэта не пасіўная асалода, а актыўнае жыццё.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Шчасце — не пасіўная асалода, а актыўнае жыццё”
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика