Архітэктура вінакурняў Вілейшчыны. Галоўным матэрыялам для вырабу гарэлкі была бульба. 21.by

Архітэктура вінакурняў Вілейшчыны. Галоўным матэрыялам для вырабу гарэлкі была бульба

12.01.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

post thumbnail

Наведваючы многія вёскі Вілейскага раёна, перыядычна заўважаеш велічныя і прыгожыя паўразбураныя будынкі з валуноў і чырвонай цэглы. Размаўляючы з мясцовымі старажыламі, даведваешся, што гэта гаспадарчыя пабудовы шляхецкіх маёнткаў, якія некалі мелі важнае прызначэнне – былі вадзянымі ці паравымі млынамі або невялікімі прамысловымі прадпрыемствамі – суконнай фабрыкай ці вінакурнямі і броварамі.

Што гэта за будынкі вінакурняў і бровараў, мы і паспрабуем разабрацца ў нашым артыкуле, зазірнуўшы ў архіўныя дакументы, статыстычныя справаздачы шляхты і ў старыя фотаздымкі. Бровар, вінакурня ці вінакурны завод – гэта традыцыйнае вытворчае збудаванне, дзе варылі піва і гналі гарэлку. На Беларусі бровары вядомы з ХVІ стагоддзя, у большай ступені пры шляхецкіх сядзібах, корчмах і аўстэрыях (заезных дамах).


Вінакурны завод Козел-Паклеўскіх у Сэрвачы

У ХVІ–ХVІІ стагоддзях будавалі пераважна драўляныя, а пазней, пачынаючы з ХІХ стагоддзя, мураваныя вінакурні. Часта ў комплекс вінакурнага завода і бровара ўваходзілі саладоўня з сушыльняй, а таксама склады, дзе захоўвалі сыравіну для вытворчасці і гатовую прадукцыю.

Калі вывучаць разнастайныя архіўныя дакументы, то можна адзначыць, што на тэрыторыі Вілейшчыны ў ХІХ стагоддзі найбольш распаўсюджанымі былі перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія працавалі на сельскагаспадарчай сыравіне – вінакурныя, суконныя, крухмальныя, мукамольныя. Асаблівае развіццё атрымалі вінакурні. Прычынай гэтай з’явы было тое, што адным з найважнейшых прывілей шляхты яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай было права прапінацый – гэта азначала свабоду вырабу i продажу cпipтныx напояў. Царскае заканадаўства толькі часткова абмяжоўвала гэтае права. 3 1796 па 1859 гг. вытворчасць прадукцыі вінакурняў у Беларусі ўзрасла больш чым у 3,5 разы. Глядзім статыстычны матэрыял аб сацыяльным і эканамічным становішчы Вілейскага павета ў 1857–1858 гг., раздзел «прамысловасць»: «…вінакурных заводаў – 54, півавараных – 5. Больш за ўсё вінакурных заводаў у Вілейскім павеце таму, што ён больш іншых аддалены ад месцаў збыту хлебных прадуктаў, тут шмат выганаў і лугоў, дравянога лесу. На гэтай аснове ў маёнтку Любань памешчык Любанскі прымяніў свой вінакурны завод пераважна для адкорму быкоў, што дае яму вялікую выгаду, а акрамя таго і багацце гною…». З гэтага дакумента мы бачым, што вінакурныя заводы ўтрымлівалі не толькі дзеля вырабу і збыту гарэлкі, але і дзеля брагі, якой можна было адкормліваць жывёлу. Напрыклад, вінакурня ў Абадоўцах пана Мечыслава Бахдановіча акрамя таго, што ў год экспарціравала больш за 4,5 міліёны літраў прадукцыі, побач з вінакурняў быў пабудаваны вялікі будынак, дзе вырошчвалі некалькі соцен быкоў. Пан Бахдановіч з даходаў вінакурні мог дазволіць замаўляць чаны для сваёй вытворчасці на бровары ажно ў Англіі, што і рабіў. Да нашых дзён захаваўся такі англйскі чан 1902 года, які зараз знаходзіцца ў экспазіцыі адрэстаўраванага вінакурнага завода ў Стайках, які таксама належаў Бахдановічам, толькі другой лініі.


Бровар пана Бахдановіча ў Абадоўцах



На Вілейшчыне да 1911 года ўжо існавала шчыльная сетка вінакурняў, якія размяшчаліся пры маёнтках: у Гануце, Любані, Зенанове, Мільчы, Чурлёнах, Вязыні, Абадоўцах, Сэрвачы, Тэкліноплі (Шалавічах), Стайках, Лукаўцы, Касцяневічах і інш., асобна існавала вінакурня і ў Вілейцы. Да 1861 года на вінакурнях у памешчыкаў працавалі прыгонныя сяляне, а праца залічвалася ім у паншчыну. Галоўным матэрыялам для вырабу гарэлкі на вінакурнях Вілейшчыны стала бульба, хаця выкарыстоўваліся і збожжа, і буракі. Бульбу было проста вырошчваць, яна давала добры ўраджай, а для памешчыкаў адпаведна – выхад гарэлкі, таму памешчыкі пачалі засаджваць ёю палеткі. На вінакурнях бульбу распарвалі, ахалоджвалі і рыхтавалі на яе аснове брагу. Пасля прапускалі яе праз вялікі самагонны апарат, гарэлка сцякала адразу ў спецыяльныя бочкі. Бочкі былі апячатаны царскімі чыноўнікамі такім чынам, што памешчык не мог выгнаць больш гарэлкі,не заплаціўшы падатак. Ужыванай брагай кармілі свойскую жывёлу. Былі на вінакурнях і значныя адрозненні ў гатунках алкаголю, найперш, у спосабе яго здабыцця. Існавалі два асноўныя спосабы здабыць моцны алкаголь – дыстыляцыя і рэктыфікацыя. Дыстыляцыя – гэта калі брагу награваюць у спецыяльнай ёмістасці і чакаюць,пакуль пачне выпарацца спірт. Гарэлка праходзіць праз сістэму ахалоджвання і кандэнсуецца. Такім спосабам амаль немагчыма здабыць вельмі моцны спірт, але такі напой,пастаяўшы ў дубовых бочках,набывае бурштынавы колер. Так сёння робяць скотч, віскі, брэндзі. Так на нашых землях рабілі гарэлку як мінімум з XVII стагоддзя. Гавораць, што ў Еўропе Новага часу выраб гарэлкі распаўсюдзілі галандцы. Яны пераганялі віно, каб атрымаць канцэнтрат, які лягчэй было перавозіць на далёкія адлегласці. Гарэлка была завезена ў Вялікае Княства Літоўскае ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзяў з Нямеччыны.


Першапачатковай назвай гарэлкі было «віно падпаленае» (калька з нямецкай Gebrant Wein), таму спачатку гарэлку і называлі «віно», а месцы, дзе рабілі спірт – вінакурнямі. Да XVIІ стагоддзя гарэлка была адносна дарагім і маладаступным алкагольным напоем. Але з памяншэннем выдаткаў на вытворчасць гарэлкі яе кошт памяншаўся. Пасля падзелаў РП адбывалася эканамічная інтэграцыя беларускіх губерняў у эканоміку Расійскай імперыі. Як вядома, царскія ўлады правялі перапіс насельніцтва, улік зямель, маёнткаў і інш. Неўзабаве адбылося скасаванне ўнутраных мытаў, уніфікацыя мер вагі і грашовай сістэмы. Імкнучыся ўлагодзіць шляхту і прыцягнуць яе да супрацоўніцтва, царызм захаваў за ёй ранейшыя саслоўныя ільготы, у тым ліку, права на выраб і продаж гарэлкі.
Вінакурні былі сур’ёзнымі прадпрыемствамі для эканомікі нашай мясцовасці. Напрыклад, згодна са спісам вінакурных заводаў Расійскай імперыі з указаннем іх характару, памерам вытворчасці і збыту за перыяд 1887–1989 гг. у маёнтку Вязынь у вялікім мураваным будынку вінакурні стаяў нават паравы рухавік. Вінакурня была пабудавана ў 1856 годзе і належала памешчыку Іпаліту Гяцэвічу.


Працаваў завод восем месяцаў на год – 243 дні (з 17 верасня па 18 мая) і даў больш за дзвесце дзевяноста тон гарэлкі за гэты час. Вінакурам на вязынскім заводзе працаваў прускі падданы Гржыбоўскі, які скончыў курс школы вінакурэння ў Берліне. У яго падначаленні было 8 рабочых. Брага з вінакурні ішла на корм уласнай малочнай жывёле і 350 авечкам. Памешчык меў тры піцейныя ўстановы ў Вілейскім павеце, куды і збываў спірт. Другая вінакурня ў Стайках, што дзейнічала з 1869 года (спачатку была драўлянай, а ў 1902 годзе была пабудавана вялікая каменная), належала памешчыку Севярыну Бахдановічу. На вінакурні працавалі: паверанны па заводу і падвалу, пісар і саладоўшчык, вінакур яўрэй Гілька Капеловіч і 5 рабочых. Працаваў завод 176 дзён на год, выраблены на ім спірт збываўся ў Мінскую губерню. Гануцкі вінакурны завод памешчыка Івана Ржэвуцкага (зараз вёска Ручыца) быў перададзены арандатару памешчыку Мухлінскаму. Пабудавана вінакурня была да 1863 года, працавалі там: вінакур мешчанін яўрэй Міхневіч, памочнік вінакура, паверанны і 9 рабочых. Брагу з завода прадавалі жывёлапрамыслоўцу, які адкормліваў 90 быкоў, а астатнюю колькасць – на корм уласным 20 свінням і 24 галовам працоўнай жывёлы. Завод працаваў 180 дзён у год і вырабляў каля дзевяноста тон спірту. Збывалася гарэлка ў Мінск, Вільню, Дзінабург і ішла на мясцовае спажыванне ў корчмы. Вінакурні існавалі не толькі ў панскіх маёнтках, але і ў самой Вілейцы. У нашым горадзе дзейнічаў вінакурны завод купца Іцкі Кацеловіча. На ім працаваў вінакур, яго памочнік і 6 рабочых. Брага прадавалася мясцовым жыхарам па 2 капейкі за вядро.



Захаваўся ў сямейным фотаальбоме апошняга прадстаўніка роду Бахдановічаў з Зацемені здымак будаўніцтва вінакурнага завода ў Стайках. Зараз гэта вінакурня пасля доўгага заняпаду набыла новае жыццё. Яна адрэстаўравана пад вялікі канцэртна-выставачны комплекс, які пачынае паступова прымаць першых турыстаў. Крыху менш пашанцавала іншым захаваўшымся вінакурням. Так, вялікая, прыгожая вінакурня пана Мечыслава Бахдановіча ў Абадоўцах паступова разбураецца і ў хуткім часе можа зусім знікнуць як архітэктурны помнік. Хаця на фотаздымках 1980-х гадоў яна яшчэ паўстае ў поўнай красе, з выглядам унікальнага будынка грамадскай архітэктуры, з рысамі гатычных будынкаў. Яе лёс некалькі разоў вызначаўся, але не ў лепшы бок. Па-першае, у тыя ж 1980-я гады на аснове былых будынкаў маёнтка Абадоўцы мог паўстаць сучасны этнаграфічна-турыстычны комплекс «Дудудкі». Адзін з аўтараў і яго стваральнікаў – наш зямляк Барыс Цітовіч – менавіта Абадоўцы вызначаў як самае лепшае месца для стварэння падобнага турыстычнага комплексу. Нават зараз рэшткі панскай архітэктуры ўражваюць, а трыццаць год таму, калі быў у больш-менш добрым стане бровар, побач высіўся велічны двухпавярховы будынак казармы польскіх афіцэраў, перабудаваны з панскай аборы, дзе можна было размясціць гатэль для турыстаў, як і прыстасаваць іншыя шматлікія пабудовы. Але… Лёс вызначыў іншае, згоды на гэта не было, і месцам для прыватнага музею была выбрана тэрыторыя каля вёскі Дудзічы Пухавіцкага раёна, дзе зараз і месцяцца «Дудудкі». Шкада…
Захаваўся ў нядрэнным стане і яшчэ адзін велічны вінакурны завод роду Козел-Паклеўскіх у Сэрвачы. Гэта вінакурня – самая вялікая на нашай тэрыторыі, і некалькі год таму яе набыў інвестар з Маладзечна, але зрухаў у яе аднаўленні пакуль не відаць. Што ж, будзем чакаць. Любанская вінакурня з кожным годам усё больш і больш прыходзіць у заняпад, падобны ж лёс можа напаткаць і вязынскі завод. Такім чынам, адметныя ўзоры грамадзянскай архітэктуры мінулых стагоддзяў пакуль не знайшлі з боку сучаснікаў адпаведных адносін і пакуль толькі разбураюцца, сыходзячы ў якасці помнікаў у нябыт.


Будаўніцтва вінакурнага завода ў маёнтку Стайкі, 1902 год

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з прыватных збораў і globus.by

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наведваючы многія вёскі Вілейскага раёна, перыядычна заўважаеш велічныя і прыгожыя паўразбураныя будынкі з валуноў і чырвонай цэглы. Размаўляючы з мясцовымі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика