Гульня ў лялькі на «Нябёсах», або Той самы Тарасюк. 21.by

Гульня ў лялькі на «Нябёсах», або Той самы Тарасюк

22.01.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

І кожны ў зале плакаў аб сваім… Аб чалавеку, які сышоў туды, адкуль няма простаму смяротнаму зваротнага шляху (нашы далёкія продкі называлі гэтае месца “выраем” і верылі, што чыстыя душы ўзносяцца сюды разам з птушкамі нябеснымі). Аб людзях, якія назаўсёды пакінулі свой край, малую радзіму ў пошуках лепшага жыцця. Аб вёсцы, дзе больш не чутна дзіцячых галасоў. Аб зямлі, якая некалі — няхай і не вельмі шчодра — радзіла збожжа і бульбу, а цяпер зарастае асотам ды дзьмухаўцом…

У культурна-адукацыйным цэнтры “Вясковы рэнесанс” у вёсцы Стойлы ішоў батлеечны спектакль “Прытулак памяці”, прысвечаны самабытнаму майстру Міколе Тарасюку. Мне пашчасціла паглядзець яго некалькі разоў, і кожны паказ нечаканым болем абпальваў сэрца. А побач нават не стараліся стрымліваць эмоцыі іншыя гледачы. Зразумела, для дзяцей гэта была толькі не вельмі вясёлая казка з драўлянымі лялькамі-чалавечкамі. Для людзей жа сталых – горкі ўспамін, роздум аб лёсе Бацькаўшчыны. У гадзіну спектакля (якімі кароткімі паказаліся гэтыя хвіліны!) уціснуліся і сямейнае паданне пра дзеда Міхаля, які ў падарунак ад “імпала” – міфічнага госця з “выраю” – атрымаў сякерку для будучага народнага майстра, і біяграфія самога Міколы Васільевіча, і гісторыя жыцця вёсачкі на ўскрайку Белавежскай пушчы на працягу цэлага стагоддзя.

Прэм‘ера спектакля адбылася яшчэ ў маі мінулага года. Спецыяльна да 85-годдзя майстра берасцейскі журналіст, паэт і пісьменнік Мікола Пракаповіч напісаў п‘есу. Члены грамадскага аб‘яднання аматараў мастацтваў рэгіёна “Белавежская пушча” і Берасцейшчыны “ТУР” узялі ў рукі сякеркі, разцы і фарбы. Ролі лялькаводаў “прымералі” на сябе аўтары ідэі — гаспадары аграсядзібы “Стулы” Ларыса і Аляксандр Быцко. Музычнае афармленне падабраў Ігар Паляшэнка. У якасці рэжысёра выступіла актрыса Брэсцкага тэатра лялек, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Тэвасян.
Фактычна, сабралася тая ж самая творчая “талака”, што на мінулыя Каляды рыхтавала ў “Стулах” прадстаўленне “Цар Ірад”. Суполка апантаных сваёй справай асоб, натхненне і талент якіх, як партыі ў аркестры, гучалі ва ўнісон.

Згадваю, як у Стойлах майстравалі Калядную батлейку: рабіў скрыню-“хатку” на тры паверхі Вячаслаў Дароцька з Кобрынскага раёна, выразалі лялек Народныя майстры Беларусі Анатоль Туркоў з Камянца і Уладзімір Чыквін з Кобрына, роспісам і аздабленнем займаліся Народныя майстры Марыя Кулецкая з Пружан, Наталля Ярмоцык і Таццяна Зданевіч з Бярозы, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Марына Марчук з Брэста… Стук сякеры, пах дрэва і фарбаў, адчайныя спрэчкі — і няўлоўная атмасфера радасці агульнай творчасці запанавала. “Гульня ў лялькі” дала нейкі новы штуршок для натхнення, раскрыцця сябе.
Напрыклад, Марыя Мікалаеўна Кулецкая, якая размалёўвала скрыню, расказвае, што выкарыстала для гэтага роспісу матывы са старажытных шарашэўскіх куфраў. “Нібы ўнутраным позіркам убачыла: вось такой будзе наша батлейка. Рука сама малявала”, — кажа мастачка.

Не варта параўноўваць, спектакль: вельмі ўжо яны розныя. У першым за аснову быў узяты класічны батлеечны сюжэт пра Нараджэнне Хрыста і забойства немаўлят у Віфлееме — знаёмае ўсім з ранняга дзяцінства біблейскае паданне. Дзейства наступнага развівалася тут, у Стойлах, літаральна адразу за сценамі старой клуні, дзе надзвычай утульна размясціліся і “сцэна”, і “глядзельная зала”. Класіка ёсць класіка. Нават перачытаная сотні разоў, яна не губляе навізны, таму што ў кожнай пастаноўцы знаходзяцца свае інтанацыі, свае фарбы. Але ў аповедзе пра апошняга жыхара вёскі Стойлы аўтар і акцёры таксама змаглі ўзняцца да вяршынь класічнага батлеечнага мастацтва, даступнай мовай размаўляць з гледачом пра дабро і зло, наканаванне лёсу, талент, дадзены звыш і не растрачаны дарма…

За некалькі месяцаў мінулага года спектакль “Прытулак памяці” мелі магчымасць паглядзець нямала навакольных жыхароў і гасцей аграсядзібы, з ім выязджалі на гастролі ў Польшчу. Сябар Міколы Тарасюка Аляксандр Краўчук пасля прагляду нават зрабіў “карэкціроўкі на мясцовасці”: удакладніў сякія-такія тутэйшыя асаблівасці. А Томаш Суліма з польскага Бельска Падляскага пакінуў такі водгук: “Дзякуй Богу за дзеда Тарасюка, які “засеяў” у Стулах Ларысу і Сашу Быцко. Дзякуючы іх намаганням, на гэтай зямлі бярэ свой пачатак істотная крыніца беларускай жывой культуры. Прыйдзе час, калі ўсе будуць туды ездзіць, як на святое месца”.
Сапраўды, Стойлы застаюцца ўнікальным і непаўторным месцам. Тут па-ранейшаму можна наведаць адзіны ў сваім родзе музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, створаны самабытным майстрам і захаваны нашчадкамі. Заўсёды ёсць жадаючыя прысесці на лаўку побач з драўлянай выявай Міколы Тарасюка, прымераць на палец пярсцёнак, згодна з паданнем, падораны дзеду Міхалю ўсё тым жа “імпалам”, прытуліцца да Паклоннага Крыжа з прозвішчамі колішніх жыхароў пушчанскай вёскі.
А самыя адважныя вырашаюцца прайсці праз балотца да рэчкі, палюбавацца наваколлем з вышыні хісткага мастка без парэнчаў.
У свой час, выбіраючы лепшы ракурс для фотаздымка, я ледзь не кульнулася ў ваду — і чамусьці згадала фразу з культавага фільма Марка Захарава “Той самы Мюнхаўзен”: “Я улетаю налегке”… Выбачайце за такое параўнанне, але нечым падобным здаецца мне яго герой на Міколу Тарасюка: эксцэнтрычны філосаф, што не імкнецца быць “такім, як усе”, фантазёр і падбухторшчык спакою, які прэтэндуе на бессмяротнасць. “Зараз я палячу, і мы наўрад ці пабачымся. Але калі я вярнуся ў наступны раз, вас ужо не будзе. Справа ў тым, што час на небе і на зямлі ляціць неаднолькава: там — імгненні, тут — стагоддзі”. Але, магчыма, нам не трэба будзе стагоддзямі чакаць вяртання “з выраю” Майстра? Веру, што ён вернецца раней: у вучнях, прадаўжальніках справы, няўрымслівых таленавітых творчых земляках.

14 студзеня споўнілася тры гады, як Міколы Тарасюка не стала. За некалькі дзён да гэтай сумнай даты ў адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску адкрыўся IV Міжнародны Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. Аказваецца, гуляць у лялькі любяць не толькі малыя. У фестывалі пад дэвізам “З лялькай да Бога” прынялі ўдзел два дзясяткі прафесійных і самадзейных, дарослых і дзіцячых тэатральных калектываў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Германіі і нават з Вялікабрытаніі. Удзельнікам фестывалю быў таксама сямейны калектыў з аграсядзібы “Стулы”.
У рамках конкурснай праграмы быў паказаны спектакль “Цар Ірад”, які вельмі спадабаўся і гледачам, і журы фестывалю. У выніку сям‘я Быцко стала Лаўрэатам фестывалю і атрымала дыплом за лепшае мастацкае афармленне батлеечнай скрыні.


А “Прытулак памяці” Ларыса і Аляксандр Быцко паказалі па-за конкурсам, падчас “Школы батлейкі” – метадычнага дня для спецыялістаў і даследчыкаў. Сказаць, што спектакль меў поспех, — гэта не сказаць нічога. 10 мінут зала апладзіравала стоячы.
Ірына Сядова.
Фота аўтара і Іны Хоміч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
І кожны ў зале плакаў аб сваім… Аб чалавеку, які сышоў туды, адкуль няма простаму смяротнаму зваротнага шляху (нашы далёкія продкі называлі гэтае месца “выраем”...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика