Пра жаданні і магчымасці. 21.by

Пра жаданні і магчымасці

23.02.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

999

Два тэлефонныя званкі, што паступілі 15 лютага да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыя Лобача, тычыліся рознай тэмы, але аб’ядноўвала іх адна акалічнасць: заяўнікі вырашылі звярнуцца да прадстаўніка парламента, папярэдне не паспрабаваўшы нават праясніць сітуацыю на месцы.

Алена Шнуркевіч шмат гадоў адпрацавала ў райсельгастэхніцы. У 2016 годзе, пасля таго як былое сельгаспрадпрыемства акцыянавалі, кіраўніцтва ААТ “Уздзенскі райаграсэрвіс” прапанавала былым работнікам набыць частку акцый акцыянернага таварыства.

—Абяцалі кожны год выплачваць акцыянерам пэўныя дывідэнды, — з хваляваннем у голасе расказвае Алена Міхайлаўна, — але вось ужо другі год ад тых акцый мы нічога не маем. Ці правільна гэта?

Юрый Аляксандравіч патлумачыў, што ў такой сітуацыі апынуліся многія грамадзяне нашай краіны, што ў свой час самастойна выбіралі, у якое з прапанаваных прадпрыемстваў укласці свае чэкі “Маёмасць”. Эканамічнае жыццё не стаіць на месцы: сёння тое ці іншае акцыянернае таварыства трывала стаіць на нагах, заўтра могуць узнікнуць праблемы. Няма асаблівага прыбытку – няма чаго і размяркоўваць. Некаторыя з акцыянаваных прадпрыемстваў значную частку заробленых сродкаў укладваюць у развіццё вытворчасці, а рэштку могуць выплачваць акцыянерам. Але калі доля грамадзян у статутным фондзе ААТ малая, то і выплаты гэтыя нярэдка капеечныя. Як пацвердзілі пасля ў кіраўніцтве сельгаспрадпрыемства, пакуль тут сапраўды не атрымліваюць столькі даходаў, каб іх хапала і на выплату дывідэндаў…

Ірына Сцяпанаўна Козіч жыве ў вёсцы Хароміцкія, а вырашыла патурбаваць дэпутата з такой нагоды. Яе сын, нявестка працуюць на малочнатаварнай ферме ў Румку акцыянернага таварыства “Асілак. Раней прадаставілі гэтай сям’і (а ў ёй пяцёра дзяцей) дом у тым жа Румку. Звычайны, вясковы, без асаблівых выгод. Памыць дзяцей – праблема. Магазіна ў вёсцы няма, забавіліся бацькі на ферме, не выйшлі ў час прыезду аўталаўкі, можна і без хлеба, іншых прадуктаў на некалькі дзён застацца. І транспартныя зносіны з аграгарадком Слабада жадаюць быць лепшымі.

—Ці нельга мнагадзетнай сям’і выдзеліць жыллё ў Слабадзе? – пытае жанчына. – Яны ж будуць і далей працаваць на ферме, хацелася б, каб унукі пажылі ў нармальных умовах.

—А сын, нявестка агучвалі сваю просьбу кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства, цікавіліся ці маецца свабоднае жыллё ў цэнтры гаспадаркі, ці ёсць на яго чарга?

—Не, але ж там і так павінны ведаць пра іх сітуацыю…

Там і ведаюць. Магчымасці прадаставіць гэтай сям’і жыллё ў Слабадзе пакуль няма. Ды і прэтэнзіі да паводзін гаспадара сям’і маюцца, адпаведныя інстанцыі звяртаюць увагу на неналежнае выхаванне дзяцей…

Ёсць законы, і ёсць жыццё

Пенсіянерка Яўгенія Шавейка жыве ў доме № 13 па бульвары Дзяржынскага ў райцэнтры. Пачала яна з асабістай просьбы, якая, між іншым, тычыцца і работы парламентарыяў, а пасля закранула і пытанні, якія хвалююць яе суседзяў, многіх жыхароў горада.

—Дачка, якая жыве ў ЗША, прыслала лякарства, невялічкую такую пластыкавую пасудзінку, — Яўгенія Цярэнцьеўна паказвае і лекі, і пакецік-канверт, у якім даслана паштовае адпраўленне. – А на пошце ад мяне запатрабавалі заплаціць 26 рублёў. Не за перасылку, а “мытную пошліну, мытны збор і штосьці яшчэ мытнае”. Ды само лякарства танней каштуе. Няўжо вы там такі закон пра тую мытню прынялі?

Жанчыне адказалі, што ў законе ніякія канкрэтныя лічбы не прапісаны, пошліны ды іншыя расцэнкі ўстанаўліваюцца Мытным камітэтам, узгадняюцца ў іншых інстанцыях. А лекі – справа сур’ёзная, за іх рассылкай з-за мяжы патрабуецца скрупулёзны кантроль, праверка на бяспечнасць і г. д.

Пракаменціраваў Ю. Лобач і заўвагу Я. Шавейка наконт дарожнага збору. На “Жыгулях” 1990 года выпуску яе сям’я толькі і ездзіць, што на дачу за пяць кіламетраў, паўгода аўто стаіць без руху. Ужо нямала такіх уладальнікаў машын адмаўляецца плаціць збор. Гэта праблема неаднаразова абмяркоўвалася ў парламенце, трымае яе на кантролі і Прэзідэнт краіны. Уносіць кошт такога збору ў цану бензіна, як прапаноўваюць некаторыя (маўляў, хто больш ездзіць, больш будзе і плаціць) – не выхад з сітуацыі, бо ў такім разе пакрыўджанымі апынуцца людзі, якія машын не маюць, а бензінам карыстаюцца – для газонакасілак, бензапіл, іншых інструментаў і патрэб. Разглядаецца варыянт унясення платы за дарожны збор не раз у год-два, падчас тэхагляду транспартнага сродка, як цяпер, а на месяц-два-тры, за той перыяд, калі легкавік будзе ў рабоце. “Адну недапрацоўку ў адпаведным законе мы ўжо паправілі, — паведаміў Юрый Аляксандравіч. – Цяпер новаму ўладальніку машыны, які купіў яе нядаўна, не трэба паўторна везці яе на тэхагляд, калі яе ранейшы гаспадар зрабіў гэта ў вызначаны тэрмін”.

Агучыла Яўгенія Цярэнцьеўна яшчэ адну агульную праблему жыхароў іх пад’езда, ды і дома ў цэлым. Пасля таго, як бульвар Дзяржынскага стаў пешаходным, значная частка гараджан з вуліцы Навіцкага, іншых куткоў райцэнтра сталі дабірацца на аўтамабілях бліжэй да дзіцячага садка № 3, аддзялення Беларусбанка, міні-рынка праз дваровую тэрыторыю. А новую дарогу тут абсталявалі так, што яна праходзіць усяго ў метры ад ўстаноўленай перад пад’ездам лаўкі . Пажылым людзям ды дзецям пастаянна трэба асцерагацца, каб які ліхач не наскочыў колам на тратуар, ды і выхлапнымі газамі дыхаць не вельмі прыемна. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Пятровіч, які прысутнічаў пры гэтай размове, паабяцаў абмеркаваць праблему з дзяржаўтаінспекцыяй, дарожнікамі, іншымі зацікаўленымі службамі.

А яшчэ адна непрыемнасць у тым, што гэты пад’езд – бліжэйшая з пабудоў ад Палаца культуры. Моладзь, вяртаючыся з начной дыскатэкі, нярэдка прыпыняецца тут, шуміць, пасля забягае “за вугал” справіць сваю малую патрэбу. І як загадаеце змагацца з такой праблемай? Не дэпутату ж вышэйшага заканадаўчага органа краіны займацца выхаваннем культуры паводзін сярод уздзенскіх падлеткаў…

Віктар САБАЛЕЎСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Два тэлефонныя званкі, што паступілі 15 лютага да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыя Лобача, тычыліся рознай тэмы, але...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика