Пакуль не п’е — чалавек. 21.by

Пакуль не п’е — чалавек

07.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Іх было дзевяць, сямейных скандалістаў, якіх выклікалі днямі на савет прафілактыкі ў райаддзел міліцыі. Як раз у гэты час, з 21 па 28 красавіка, у раёне праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без гвалту”. Першае, што кінулася ў вочы і крыху суцешыла на самым пачатку пасяджэння, гэта тое, што сярод фігурантаў не было жанчын — адны мужчыны. Гэта пацвярджае той факт, што ў большасці выпадкаў у ролі сямейных агрэсараў выступаюць менавіта мужчыны: статыстыка зваротаў на агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад сямейнага гвалту дае лічбу 87 працэнтаў. А першая выснова, якую зрабіла, калі была разгледжана апошняя гісторыя сямейнага канфлікту, — тое, што амаль ніхто з гэтых мужчын зараз не помніць, з-за чаго ўзнікла сварка. Чаму? Таму што ўсе як адзін  былі п’янымі. Тут вышэйузгаданая статыстыка сцвярджае, што прыкладна 60 працэнтаў агрэсараў маюць алкагольную залежнасць, яшчэ 4 — наркатычную. І насамрэч высветлілася, што на ўліку ў нарколага стаяць тры з выкліканых мужчын, яшчэ тры стаяць на прафілактычным уліку ў міліцыі менавіта як скандалісты, а значыць, не першы раз прысутнічаюць на такой размове. Іх і папярэдзілі, што наступны раз ім пальцам ківаць ужо ніхто не будзе, і ніякіх угавораў таксама не будзе, а будзе ахоўнае прадпісанне, згодна з якім цэлы месяц нельга нават набліжацца да свайго дома. Зрэшты, тое, што з імі ніхто цацкацца не будзе, калі хтосьці зноў загрыміць у міліцыю, зразумелі, як мне здаецца, усе фігуранты. І начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Качалаў, і іншыя члены савета прафілактыкі аднадушна і цвёрда гаварылі пра тое, што вырашаць канфліктныя сітуацыі патрэбна мірна, а ў п’яным выглядзе нават думаць нельга пра высвятленне адносін. Дарэчы, усім вядома, што нападпітку і звычайна спакойныя і нават прыстойныя людзі могуць паводзіць сябе неадэкватна. Былі такія і сярод запрошаных: гэта тры мужчыны, яны маюць добрую работу, у іх ёсць сем’і, дзеці добра вучацца, але ж таты сябруюць з зялёным зміем. І сяброўства гэтае можа парушыць іх сямейны дабрабыт і нават паўплываць на дзяцей. Негатыўна паўплываць, бо сем’і з дзецьмі, дзе ўзнікаюць сямейныя скандалы, растлумачыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Юлія Фралова, бяруцца на ўлік як сем’і ў сацыяльна небяспечным становішчы. І дзеці за гэта бацьку дзякуй не скажуць.

Зрэшты, для чатырох фігурантаў гэта не актуальна, бо сем’яў у іх няма:  у каго была, ды з-за п’янкі распалася, а ў каго з-за п’янкі няма на яе часу або ахвоты. Вось і скандаляць не з жонкамі, а з іншымі сваякамі: адзін пасварыўся з бацькам, другі — з сястрой, трэці — з сужыцелем сястры, чацвёрты — з бабуляй. Тлумачэнні некаторых вінаватых мне падаліся праўдзівымі, іх прызнанне сваіх памылак і абяцанне больш не скандаліць — шчырымі, а самі яны, асабліва тыя, хто трапіў на такую размову ўпершыню, і гаварылі, і паводзілі сябе як адэкватныя людзі. Мо таму, што былі цвярозымі. Аднак невядома, як пойдзе размова, калі цвярозасць саступіць месца ап’яненню. Алкаголь мяняе думкі і паводзіны не ў лепшы бок.

Адным людзям нельга есці, напрыклад, цытрусавыя, бо скура пакрываецца пульхірамі, іншым нельга нейкія лекі, бо чалавек пачынае задыхацца, камусьці з-за алергіі нельга мёд… Людзі ведаюць свае алергены і стараюцца іх пазбягаць а то і ўвогуле не дапускаць іх ужывання. Магчыма, для некаторых алкаголь таксама з’яўляецца алергенам, псіхалагічным, бо на яго ўжыванне арганізм рэагуе не фізіялагічнымі, а псіхалагічнымі зменамі. Дык калі так адбываецца, можа, лепш і не спытваць яго? Каб не ператварацца ў таго, кім ты не з’яўляешся.

Т. ЛУГАВАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Іх было дзевяць, сямейных скандалістаў, якіх выклікалі днямі на савет прафілактыкі ў райаддзел міліцыі. Як раз у гэты час, з 21 па 28 красавіка, у раёне праходзіла...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика