Вечная памяць героям.... 21.by

Вечная памяць героям...

10.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

article3935.jpg

 9 мая ўся краіна  адзначыла 73-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Для беларусаў гэта не толькі святочны дзень, але яшчэ і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто набліжаў Перамогу. На жаль, с кожным годам ветэранаў у святочнай калоне становіцца менш: час няўмольны да нашых герояў. Аднак колькасць людзей, якія прыходзяць у гэты дзень, каб аддаць даніну памяці загінуўшым у той страшнай вайне і падзякаваць яшчэ жывым ветэранам, штогод павялічваецца. Дабаўляецца і колькасць жадаючых пранесці партрэты сваіх родзічаў, ваяваўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас святочнага шэсця калоны.


 

 

 

Шматлюдна ў гэты дзень было і ў райцэнтры, дзе  святкаванне 73-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне па традыцыі распачалося з урачыстага шэсця святочнай калоны  па вуліцы Леніна  ў сквер, што па вуліцы Савецкай. У святочнай калоне, якую ўзначальвалі кіраўніцтва раёна і героі  свята – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны,  прайшлі ўдзельнікі рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Беларусь помніць”, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ваеннаслужачыя, моладзь і  госці горада. Святочную калону віталі  вучні школ, якія стваралі жывы калідор.


 У скверы па вуліцы Савецкай ля помніка загінуўшым распачаўся мітынг-рэквіем  “Подзвіг салдата бессмяротны”, прысвечаны 73-й гадавіне Вялікай Перамогі. Па традыцыі першым са святам Перамогі ветэранаў  Вялікай Айчыннай вайны, жыхароў і гасцей райцэнтра, удзельнікаў мітынга, а ў іх асобе ўсіх жыхароў раёна, павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук.

У сваёй прамове кіраўнік раёна выказаў словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за здабытую Перамогу,  яшчэ раз узгадаў, якой дарагой цаной для беларусаў здабыты мір у той страшнай вайне, падкрэсліў, як важна сёння памятаць важнейшы ўрок Вялікай Айчыннай вайны, бо няма нічога даражэй за мір на зямлі, і ніякія інтарэсы не вартыя  таго, каб прынесці ім у ахвяру чалавечыя жыцці.

– Дарагія нашы ветэраны! Вы – галоўныя героі Вялікага Дня Перамогі. Ваш подзвіг прадвызначыў мірнае, спакойнае жыццё многіх пакаленняў… Мы свята шануем і заўсёды будзем памятаць ваш гераічны подзвіг, – сказаў Аляксандр Барысавіч.

Старшыня райвыканкама пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця і дабра і  толькі мірнага неба над галавой. Ад імя моладзі раёна прысутных са святам павіншавала Аляксандра Гардзейка, першы сакратар РК ГА “БРСМ”.

Пранікнёна прагучалі ўрыўкі з франтавых пісьмаў,  песня ў выкананні навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы…

Мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Мітынг-рэквіем у памяць воінаў,  загінуўшых за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны  73-й гадавіне Вялікай Перамогі,   аб’яўляецца закрытым. Як і перад яго адкрыццём, гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь.

Адзін за адным да помніка загінуўшым ўскладваюцца вянкі і кветкі. Першымі пад залпы салюту гэта робяць ад імя раённай улады старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук  і старшыня райсавета Аляксандр Сарока. Вянкі і кветкі ўскладваюцца да помніка ад імя ветэранаў, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.

Пачынаюцца розныя святочныя мерапрыемствы. Бліжэй да поўдня гулянні перамясціліся на галоўную плошчу ля райвыканкама. Надвор’е спрыяла святочнаму настрою гараджан, нібыта і сама прырода шчыра радавалася светламу святу: свяціла яркае сонейка, радавала вока зеляніна дрэў.

Святочная дзея распачалася з тэатралізаванага канцэрта “Мы памятаем пра вайну…”, які падрыхтавалі артысты гарадскога Дома культуры. На сцэне яны ўвасобілі гісторыю аднаго франтавога фотаздымка: некалькі баявых таварышаў падчас вайны вырашылі зрабіць фотаздымак на памяць. Але з вайны наканавана было вярнуцца ўсяго аднаму з іх. А салдаты, якія абаранялі Радзіму і загінулі, распавядалі свае сумныя гісторыі гледачам. І на іх вачах блішчалі слёзы… Канцэрт працягнуў казацкі ансамбль “БацькАтаман”. У іх рэпертуары гучалі як казацкія песні, так і кампазіцыі, прысвечаныя ваеннай тэматыцы. Кожны выхад артыстаў публіка горача падтрымлівала, падпявала запальным мелодыям, а “Смуглянку” разам з імі, здавалася, спявала ўся плошча. Уразілі гледачоў выступленні казакоў з баявой зброяй: шаблямі, кінжаламі, нажамі, ланцугамі, дубінай, нагайкай і хлыстом, якім артыст на вачах у прысутных рассек ліст паперы напалову.  Аматараў хуткасці ад малога да вялікага сабралі паказальныя выступленні картынгістаў. Таксама жыхары і госці горада маглі наведаць паказ мастацкага фільма “Тры дні да вясны” ў кіназале ГДК, а таксама выстаўку “Памяці загінуўшых” у Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі. У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі Святаслава Кажадуба “Жывая гісторыя”.

Яркія сцягі, радасныя твары людзей, дзіцячыя ўсмешкі – паступова свята набірала ўсё большую моц. Прыемна, што па добрай традыцыі на свята прыходзілі сем’ямі. Гэта значыць, што нягледзячы на тое, што з кожным годам усё менш застаецца ўдзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны, удзячныя нашчадкі ад пакалення да пакалення, ад сэрца да сэрца будуць перадаваць сваю падзяку ўдзельнікам вайны і пакланенне перад іх подзвігам. Уздоўж вуліцы Камсамольскай ля плошчы раскінуліся гандлёвыя шэрагі райспажыўтаварыства. Выязны гандаль працаваў з поўнай нагрузкай. Апетытная кулінарыя, шашлыкі, кандытарскія вырабы, марожанае, ахаладжальныя напоі – усё прапаноўвалася пакупнікам у шырокім асартыменце.

Шмат гледачоў сабраў канцэрт народнага хору ветэранаў Івацэвіцкага ГДК, а таксама выступленні выхаванцаў Дзіцячай школы мастацтваў, якія выконвалі вядомыя і любімыя ўсімі песні ваеннай пары. Увечары святочны настрой гараджанам і гасцям райцэнтра дарылі выканаўцы тэатра песні Ірыны Дарафеевай, а таксама ўжо знаёмы для мясцовай публікі і любімы многімі балалаечнік-віртуоз Аляксандр Варанішча, спявак Яўген Кіслы, баяніст Леанід Юхнік.

Добрае надвор’е і настрой гараджан, разнастайная канцэртная праграма, шырокае гандлёвае абслугоўванне – усё спрыяла таму, каб свята прайшло весела і надоўга запомнілася. У гэты дзень усё тое, што адбывалася ў Івацэвічах, было прысвечана выключна Вялікай Перамозе. Не здарма 9 мая сустракаюць з заміраннем сэрца і называюць светлым святам са слязамі на вачах: мы з сумам успамінаем тых, хто загінуў у барацьбе за Радзіму, і кажам ім: “Дзякуй!”

Аляксандра ДЖЭЖОРА, Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ. Фота  Валерыя МІСКЕВІЧА.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 9 мая ўся краіна адзначыла 73-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика