Вэлкам у Беларусь. 21.by

Вэлкам у Беларусь

22.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Цяжка ўявіць, што кагосьці можа моцна ўразіць квітнеючая яблыня, бярозавы гай альбо драўляны дом. Але ёсць людзі, якія жывуць на другім канцы свету ў зусім іншай рэчаіснасці. І для іх усё, што нам звыкла, дзіўна і пазнавальна.

У апошнія гады паміж Беларуссю і Кітаем актыўна праходзіць міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку і студэнцкі абмен – наша моладзь мае магчымасць паступіць у кітайскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, а замежныя госці прыязджаюць вучыцца да нас, практыкуюць тут рускую і беларускую мовы, даследуюць культуру, атрымліваюць унікальны вопыт працы.

Дваццаціпяцігадовы Лю БАО, жыхар южнай правінцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі, 10 месяцаў таму прыляцеў у Беларусь з важнай місіяй – вучыць беларускіх дзяцей сваёй роднай мове. Гэта першы візіт у нашу краіну. Ён скончыў Хайнаньскі педагагічны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць “Выкладчык кітайскай мовы як замежнай” і трапіў у гімназію № 1 г. Валожына па праграме Інстытута Канфуцыя як настаўнік-валанцёр. Хлопцы і дзяўчаты з Паднябеснай ёсць у многіх гарадах Беларусі – гэта распаўсюджаная практыка. Валанцёры сябруюць паміж сабой, кантактуюць у сацыяльных сетках і ў агульным чаце, падтрымліваюць і дапамагаюць адзін аднаму. Лю расказвае, што, паводле правіл, кітайскі выкладчык працуе ў беларускай навучальнай установе адзін год, у рэдкіх выпадках – два. Потым па жаданні можна ўладкавацца ў іншым горадзе на такі ж тэрмін. Наш герой з радасцю застаўся б у Валожыне, але тут ужо – як пашанцуе, бо свой год ён адпрацаваў.

Наогул Лю паспеў пабываць у шматлікіх краінах: Японія, Тайланд, В’етнам, Расія, па абмене вучыўся ў Казахстане. У нас паспеў паглядзець Мінск, дзе асабліва спадабаліся Мінскія вароты і вакзал, праехаў па абавязковым турыстычным маршруце Мір-Нясвіж, шмат бываў у Маладзечне. Хоча наведаць усе раённыя цэнтры Беларусі.

Цяжка не заўважыць, як ён палюбіў Валожын. Расказвае, што тут навакольная рэчаіснасць моцна адрозніваецца ад Радзімы. Першае, што кінулася ў вочы па прыездзе, – драўляныя прыватныя дамы, якія ў Кітаі амаль не ўбачыш, бо там жывуць у цагляных шматпавярхоўках. У нас надта чыстае паветра, а там шмат прамысловых вытворчасцей, і з-за гэтага гарады часта накрывае густы індустрыяльны смог. Паўднёвец даўно не бачыў зімы, таму ў гэтым годзе быў прыемна здзіўлены прыгажосцю снегу і крыху напалоханы маразамі. Паспеў пакатацца на санках і зляпіць снегавіка – заняткі прывялі госця ў захапленне. Яшчэ ўпершыню ў жыцці ўбачыў квітнеючыя яблыні – у яго правінцыі яны не растуць. Пакаштаваў шмат новай ежы, больш за ўсё прыйшліся да смаку боршч, хлеб і малако.

Настаўнік шчыра прывязаўся да сваіх вучняў, а яны – да яго. Расказвае, што выхаванне кітайскіх дзяцей адрозніваецца ад выхавання беларускіх. Нашы малыя могуць шумець на ўроках, размаўляць не па тэме, а тыя сабе такога не дазваляюць. Адзначае, што гімназісты разумныя і старанныя. За кароткі час нядрэнна вывучылі кітайскую, навучыліся гаварыць. Справіліся са складанасцямі азіяцкай мовы: хутка паставілі вымаўленне, разабраліся з часткай іерогліфаў.

Лю паспеў завесці шмат сяброў-беларусаў і ўсёй душой палюбіць Валожын. Спадзяецца, што хутка паміж краінамі ўсталююць бязвізавы рэжым, пра які зараз ідуць перамовы, і аднойчы ён прывязе сюды бацькоў на экскурсію.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяжка ўявіць, што кагосьці можа моцна ўразіць квітнеючая яблыня, бярозавы гай альбо драўляны дом. Але ёсць людзі, якія жывуць на другім канцы свету ў зусім іншай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика