Захапленне Таццяны Загурскай з вёскі Чарнаручча. 21.by

Захапленне Таццяны Загурскай з вёскі Чарнаручча

26.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

0

Звычайна з выхадам на пенсію жыццё набывае спакойны размераны рытм. Здараецца і наадварот. Яно робіць сюрпрызы і адкрывае новыя гарызонты. Са слоў маёй субяседніцы Т. І. Загурскай, якая жыве ў Чарнаручы, зараз менавіта гэта адбываецца і з ёй.


Па прафесіі Таццяна Іванаўна заатэхнік, прычым таленавіты. Да вучобы наогул заўсёды адносілася адказна. Успамінае, як ездзіла на веласіпедзе за 10 км са сваёй вёскі Новая Будаўка, што ў Талачынскім раёне, у Славенскую сярэднюю школу, а зімою жыла ў інтэрнаце. Расла ў шматдзетнай сям’і. Бацька, Іван Фядосавіч Гваздкоў, памёр у 42 гады. І маці, Марыя Іванаўна, выхоўвала і падымала іх шасцярых адна, таму рана станавіліся самастойнымі.
Таццяна пасля васьмі класаў паступіла ў Бігосаўскі сяльгастэхнікум. Праз 2 гады ўстанова была закрыта, і студэнтка-выдатніца атрымала чырвоны дыплом ужо ў Лужасна. Было гэта ў сакавіку 1973 года.
– У мяне тады было права шырокага выбару, – кажа жанчына, – але выпрабоўваць лёс не стала. Паехала па накіраванні ў Лёзненскі раён, дзе мне, можна сказаць, адразу пашанавала. Калі нас, маладых спецыялістаў, сабралі на сустрэчу з кіраўнікамі сяльгаспрадпрыемстваў, мяне сярод іншых выбраў Міхаіл Антонавіч Быкоўскі – старшыня калгаса імя Леніна, лідэра на той час. На працягу 5 гадоў я працавала падначалам Міхаіла Антонавіча, які быў прыкладам адносін да працы, уважлівы да рабочых і спецыялістаў і па-бацькоўску чулы чалавек. У гаспадарцы шмат было людзей, якія добра ведалі і любілі сваю справу. Цікава было абмяркоўваць нейкія пытанні і нават паспрачацца з ветурачом Раісай Харытонаўнай Шкір’янавай. Я ўдзячна ёй за падтрымку ў набыцці практычнага вопыту.
Старшыня параіў Таццяне прадоўжыць адукацыю, і яна паступіла ў Віцебскі ветінстытут на завочнае аддзяленне. Неўзабаве выйшла замуж за мясцовага трактарыста Міхаіла Цімафеевіча Загурскага, нарадзіла дваіх дзяцей. Таму вучобу прыйшлося сумяшчаць з сямейнымі абавязкамі. Нягледзячы на дзве “акадэмкі”, вышэйшую адукацыю атрымала з добрымі і выдатнымі адзнакамі. У дапаўненне да дыплома ўзнагародзілі Ганаровай граматай за вучобу.
У жывёлагадоўлі Т. І. Загурская адпрацавала амаль 4 дзесяцігоддзі, прычым на адным месцы. Быў час, калі ў гаспадарцы налічвалася 1 400 галоў буйной рагатай жывёлы, дзейнічаў свінаводчы комплекс племяннога накірунку на 5 тысяч галоў. Пытанні селекцыі, строгі ўлік, кантроль, вядзенне дакументацыі – усе гэтыя параметры заатэхнік вытрымлівала ва ўзорным парадку. Вядома, за гэтым – вялікае напружанне, недаспаныя ночы. Затое вынікі былі заўсёды добрыя.
– Калі пачаліся змены ў грамадстве, так званая перабудова, – успамінае субяседніца, – у калгасе не стала стабільнасці, часта мяняліся кіраўнікі, гаспадарка пераходзіла з рук у рукі. Калі лічыць, дык можна ўсіх і не ўспомніць. За Быкоўскім прыйшоў Аркадзь Віктаравіч Клёпаў, затым Вера Іванаўна Ярохава, Ніна Пятроўна Кудраўцава, Віктар Пятровіч Грыбаў. Перад самай рэарганізацыяй гаспадарку ўзначальваў Васіль Васільевіч Зайчанка. Калі адбылося аб’яднанне ў ААТ “Адаменкі”, мяне назначылі начальнікам аддзялення ў Чарнаруччы, затым перавялі інжынерам па тэхніцы бяспекі ў Адаменкі, куды дабірацца было непадручна. За некалькі месяцаў да пенсіі я перайшла працаваць бліжэй да дома ў Чарнаруцкую пачатковую школу тэхработнікам, дзе выконвала розныя абавязкі. Школу закрылі, я апынулася ў дзіцячым садку.
У 2008 годзе Таццяна Іванаўна выйшла на заслужаны адпачынак. Праз нейкі час памёр муж. Было цяжка маральна. Калі жанчыне прапанавалі ўзначаліць малочнатаварную ферму, згадзілася толькі на месяц, але затрымалася на 2 гады. Але ўзрост браў сваё: жывёлы на ферме 900 галоў, праца без выхадных, шмат дакументацыі – на ўсё гэта ўжо не хапала сілы. І ў 62 гады яна вырашыла пакінуць справу канчаткова.
Пэўна як і іншыя, спачатку не ведала, куды сябе дзець, хаця хатняя гаспадарка заставалася, і агарод, і вялікі кветнік. Толькі нечага не хапала. Аднойчы прачытала ў “раёнцы”, што ў Лёзне адкрылі аддзяленне для пажылых людзей, дзе працуюць гурткі па інтарэсах. Сваячка, Галіна Паўлаўна Плаксіна, пачала наведваць гурток раней, запрасіла і яе. І вось на працягу года жанчыны разам займаюцца рукадзеллем. Для Таццяны Іванаўны, як яна кажа, нібы адкрылася другое захапленне. Дабіраецца да гарпасёлка кожны дзень то на аўтобусе, то на веласіпедзе. Дарэчы, стала спяваць у хоры клуба “Ветэран”. Зроблена нямала, а хочацца яшчэ і яшчэ. Фантазія і ўмелыя рукі вырабляюць арыгінальныя плеценыя рэчы (вазы, кошыкі), цудоўныя карціны з фарбаванага ільновалакна, якімі ўпрыгожаны дом гаспадыні, а некалькі падаравала сваім родным. Сюжэты карцін падказваюць кіраўнікі гурткоў Ірына Іванаўна Атрошчанка і Святлана Міхайлаўна Вінаградава, а каляровую гаму, нейкія дапаўненні вырашае кожная з удзельніц па-свойму. У Таццяны Іванаўны гэта атрымліваецца даволі ўдала. Жар-Птушка, Пегас, Дзюймовачка і іншыя персанажы занялі пачэснае месца на сценах утульнага дома майстрыхі. Трэба дадаць, што і ў двары, агародзе, у садзе – таксама ідэальны парадак. Амаль кожны выхадны спяшаецца да маці з Віцебска сын Барыс з сям’ёй, часта наведвае дачка Марына з Лёзна. Старэйшыя ўнукі Юрый і Альберт сёлета выпускнікі сярэдняй школы, а васьмігадовая Ксенія перайшла ў трэці клас. Бабуля радуецца іх поспехам і заўсёды чакае. Так дружна разам яны шчыруюць на сваёй сядзібе.
Заўтра, 23 чэрвеня, Таццяне Іванаўне спаўняецца 65 гадоў. Дзень нараджэння яна адзначае сярод родных і блізкіх, якія жадаюць ёй надалей здароўя, энергіі, дабрабыту і творчага настрою.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звычайна з выхадам на пенсію жыццё набывае спакойны размераны рытм. Здараецца і наадварот. Яно робіць сюрпрызы і адкрывае новыя гарызонты. Са слоў маёй субяседніцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика