Вакзальная, асацыяльная. 21.by

Вакзальная, асацыяльная

19.09.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аграгарадок Пціч належыць да тых адміністрацыйных цэнтраў, які дзякуючы наяўнасці чыгункі прыцягвае да сябе шмат чужынцаў. Асабліва тых, хто шукае сабе прытулку пасля выхаду з месцаў пазбаўлення волі. Ды і сярод мясцовых жыхароў, як аказалася, дастаткова непрацуючых, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Вялікаўзроставыя сыночкі “прысмоктваюцца” да пенсіянерак-маці: нідзе не працуюць, п’юць, збіваюць састарэлых жанчын, не даюць ім спакою. Добра ведае сваіх “кліентаў” мясцовы ўчастковы інспектар Уладзімір Шэвель. З ім, дарэчы, аглядавая камісія і выйшла ў чарговы рэйд 11 верасня, якраз у свята Галавасека.

Старшыня сельвыканкама Ганна Пырко на гэтай пасадзе не так даўно. Дваццаць пяць гадоў адпрацавала на вытворчым прадпрыемстве па вырабе камбікорму. Але ў Пцічы і іншых населеных пунктах Савета добра ведае, хто чым жыве. Савет вялікі: толькі ў аграгарадку пражывае 1140 чалавек. Аглядавай камісіі за год трэба наведаць бліз 530 домаўладанняў.

Як адзначыла Ганна Пятроўна, абследавана палова сядзіб, дзе пражываюць адзінокія і сем’і, што выхоўваюць дзяцей. Поўнасцю наведаны шматдзетныя сем’і. Колькасць катэгорыі грамадзян, што вядзе  асацыяльны лад жыцця, заўсёды змяняецца. Нехта на некаторы час выпраўляецца. На ўліку ў Савеце такіх 57 домаўладанняў. Здаецца, няшмат, але застаць дома выпівак не так проста. Вось і вырашылі члены аглядавай камісіі ў вераснёўскі аўторак прайсціся па сядзібах гэтай групы рызыкі. Да таго, у работніка амбулаторыі Лэйлі Кайчук былі таксама пытанні. Такія жыхары гадамі не праходзяць дыспансерызацыю. Зачмураная алкаголем свядомасць не дае і на хвіліну прыслухацца да свайго самаадчування, здароўя.

Разам з намі быў супрацоўнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Максім Машук. Максім па заканчэнні ВНУ сёлета прыйшоў у аддзел па надзвычайных сітуацыях. Шкада стала юнака, што работы яму зашмат: ён адказны за Пціцкі і Колкаўскі сельсаветы.

Больш чым за чатыры гадзіны камісія наведала 13 домаўладанняў. Вуліца Вакзальная, якая, як мне падалося, не мае пачатку і канца, проста нашпігаваная “асацыяльнымі”. Бруд, адсутнасць электраэнергіі і газу, разваленыя і са шчылінамі грубы і печы, адсутнасць ежы – вось  што мне і іншым членам камісіі давялося ўбачыць у гэты дзень. Больш за ўсё кранулі слёзы састарэлых жанчын ад безвыходнасці і сораму за сваіх гора-сыночкаў.

Ёсць і мужчыны, якія жывуць самі. Хаця, прабачце, “жывуць” – гэта гучнае слова для такога вызначэння. Так, Алег Бічан некалі меў сям’ю, ёсць нават дарослы сын, дзень нараджэння якога Алег Міхайлавіч назваў без запінкі. Яшчэ некалькі гадоў таму мужчыну паставілі дыягназ “туберкулёз косткі”. Пражывае ў доме памерлай цёткі, дзе электрычнасць і газ адключаны, з яго слоў, з новага года. А якога года – невядома. Сцены паміж пакоямі развалены, дом у паўразбураным стане. Мужчына 1960 года нараджэння, інвалід 3 групы, але хвароба прагрэсіруе. Работнік амбулаторыі прапанавала яму наведацца ў медустанову, здаць аналізы. За гэтым паследуе шпіталізацыя і магчымасць трапіць на сацыяльны ложак. Заставацца зімаваць у такіх умовах мужчыну проста немагчыма.

У дом памерлай маці перабраўся з Петрыкава і 60-гадовы Уладзімір Дашкевіч. У электралічыльніку работнік энерганагляду Валерый Мамроў выявіў “жучок”. Газам мужчына не карыстаецца, пліта старая, балонаў сюды не возяць. Ацяпленне пячное. Аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка няма. Мужчына запэўніў, што на зіму паедзе ў Петрыкаў, але ў тое слаба верыцца.

Без газу, у экстрэмальных умовах пражывае і беспрацоўны Віктар Бічан. У кутку каля ложка на падлозе стаіць старая электраплітка.

Па суседстве, праз дом, больш “цяжкія” ўмовы ўбачылі і ў састарэлай Галіны Новікавай, якая жыве з сынам Аляксандрам. Печ поўнасцю разбурана. Сын запэўніў, што зробіць яе рамонт, але гэта наўрад ці праўда. За скандалы з маці сын ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Зімаваць у такіх умовах будзе проста немагчыма.

І такое амаль у кожнай сядзібе, куды наведаліся.

Завіталі таксама і на вуліцу Савецкую да Ганны Луцэвіч, 1997 года нараджэння, маці дваіх малалетніх дзяцей. Маладая жанчына сама з Мышанкі, пераехала ў Пціч.  Пасяліліся ў дом, куды іх пусцілі пажыць чуллівыя суседзі, але пячное ацяпленне трэба рамантаваць, ды і ўвогуле трэба прыкласці руку для таго, каб зімаваць у гэтым доме. У жанчыны, як высветлілася, ёсць муж, які працуе ў мясцовым лясніцтве. А вось дзеці сад не наведваюць, знаходзяцца з маці дома. Ганна запэўніла, што хутка яны перабяруцца ў другую сядзібу.

Інспектар энерганагляду паведаміў маладой жанчыне, што ў продажы ёсць спецыяльныя заглушкі на электраразеткі, адну ён пакінуў і паказаў, як карыстацца. Такую ж аддаў і на вуліцы Калгаснай маладой маці Марыне Разянковай, у сям’і якой сёлета нарадзіўся сын. Муж яе працуе ў лясніцтве. Пытанняў у членаў аглядавай камісіі да сям’і не ўзнікла.

Як адзначыла Ганна Пырко, з пачатку года па Савеце аглядавай камісіяй было выяўлена 10 заўваг па пячным ацяпленні. На сёння з іх ухілены толькі 3. Па электраправодках былі 2 заўвагі, якія выпраўлены. Патрабуецца ўсталяваць 48 АПА. На сёння іх устаноўлена 28.

Хочацца нагадаць яшчэ раз усім уладальнікам прыватных сядзіб, што халады на парозе і трэба давесці да ладу пячное ацяпленне, паклапаціцца пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх на ацяпляльны перыяд.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

IMG_3746

IMG_3750

IMG_3751

IMG_3758

IMG_3768

IMG_3769

IMG_3770

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аграгарадок Пціч належыць да тых адміністрацыйных цэнтраў, які дзякуючы наяўнасці чыгункі прыцягвае да сябе шмат чужынцаў. Асабліва тых, хто шукае сабе прытулку...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика