Алеся і Дзмітрый Харэвічы: прыгожая шчаслівая мама і тата, з якім так надзейна ісці па жыцці. 21.by

Алеся і Дзмітрый Харэвічы: прыгожая шчаслівая мама і тата, з якім так надзейна ісці па жыцці

11.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У дом Алесі і Дзмітрыя Харэвічаў, якія жывуць у вёсцы Вішнева, я трапіла ўвечары, калі ўся сям’я была ў зборы. Мама дапамагала старэйшай дачушцы Паліне рашыць цяжкую задачу, тата забаўляў меншых дзяцей. А тыя то штурхаліся, то абдымаліся і наперабой расказвалі тату, якія прыгоды чакалі іх сёння. Убачыўшы незнаёмага чалавека, дзесяцігадовая Паліна трошкі сарамліва заўсміхалася, а хлопчыкі-пагодкі Назар, Захар і Сцяпан прыціхлі. А паўтарагадовая Валерыя смела падышла знаёміцца.
Семья Харевич.JPG


Мама запрашае на чай і замілавана расказвае пра сваю бялявую каманду. Палінка – спакойная, разважлівая, маміна памочніца. Назар, якому амаль дзевяць, – самы непаседа. Ні хвілінкі не пасядзіць на месцы, заўсёды бяжыць і спяшаецца, лепшы яго сябар – веласіпед. Захар – яўна будучы будаўнік ці вынаходнік. Дома яго амаль заўсёды можна ўбачыць з канструктарам. Ён прыдумвае, будуе, перарабляе свае шэдэўры. Калі ў рукі трапляе машынка, – абавязкова праверыць, як яна зроблена. Сцяпан не такі гарэза, як браты. Ён любіць падумаць, паразважаць, а пасля ўжо дзейнічаць. Заплакала маленькая Лера. Да яе тут жа падскочыла Паліна: “Пайшлі са мною, маленькая бубачка, што я табе пакажу!” І “бубачка” імгненна заўсміхалася, пабегла са старэйшай сястрой у дзіцячы пакой. Лерачка – усеагульная любіміца і пястушка. Браты і сястра толькі рады ёй дагадзіць. Як і тата, які з работы спяшаецца дадому, каб апынуцца ў прывычным вясёлым гомане.

Хоць сама Алеся не хоча расказваць пра сябе, маўляў, я самая звычайная жанчына, адчуваецца, што яна – цэнтр маленькага сямейнага сусвету. Калі ў сям’і пяцёра дзяцей, часу для сябе практычна не знаходзіцца. Амаль увесь час на руках Валерыя. Калі старэйшых трэба пастарацца злавіць і адарваць ад надзвычай важных дзіцячых заняткаў, то Лера – мамін хвосцік. І Алеся шчыра радуецца і цэніць кожнае імгненне, яна дакладна ведае, як хутка растуць дзеці, як усё менш і менш патрабуюць мамінай увагі.

Дзень праходзіць у паўсядзённых клопатах. Першымі з дома выходзяць Дзмітрый і Сцёпа, тата вядзе сына ў дзіцячы садок. Пасля ў школу адпраўляюцца Паліна, Назар і Захар. Ёсць хвілінка перадыхнуць і настроіцца на дзень за кубачкам чаю. А дзень абяцае быць няпростым: пагуляць з малодшай, сустрэць свежым абедам старэйшых, прыбраць, памыць, давесці да ладу хатнюю гаспадарку і агарод, зноў на кухню, каб падрыхтаваць вячэру для сям’і… Сумна маме не бывае.

У таты работы не менш. Свой дом Харэвічы будавалі самастойна. І працягваюць яго ўпрыгожваць і ўладкоўваць. Праца гэта цяжкая, але ж і памочнікаў у таты колькі! У Назара вочы загараюцца, калі тата бярэ з сабой у трактар. А дзедаў мотаблок даўно вывучаны, толькі і глядзі, каб не адправіўся ў самастойную вандроўку. Малодшыя хлопчыкі таксама просяцца ў мужчынскую кампанію. Патрымаць дошкі, падаць малаток – за гэта тата ім шчыра дзякуе. Нічога страшнага, што інструменты пасля іх дапамогі можна не знайсці на месцы. Галоўнае – рукастыя хлопцы растуць.

Не толькі праца, але і добры адпачынак цэніць сям’я. Любяць добрыя фільмы и мульцікі. Самыя-самыя: “Прыгоды Падынг-тана”, “Піраты карыбскага мора”. Вельмі падабаецца час перад святамі. На кухні шчыруюць у чатырнаццаць рук. Бывае, нешта не атрымліваецца ў маленькіх. А колькі гонару, калі страва ўдаецца! Зімой самае лепшае – снежкі з бацькамі і снегавікі. Далёка хадзіць не трэба – у двары прасторна. І кампанію для забаў шукаць не прыходзіцца. У госці – заўсёды разам. Мама прызнаецца, што немагчыма ўявіць сабе, як паехаць кудысьці без дзяцей. Засумуеш у першую ж гадзіну. І тата пацвярджае:

“Ездзіў нядаўна ў камандзіроўку. Два дні больш-менш трымаўся. А потым зусім засумаваў. Не магу я так доўга без сям’і”.

Пытаюся ў Дзмітрыя, якой ён бачыць жонку. Бачылі б вы, як усміхаўся ў гэты момант мужчына, колькі пяшчоты было на яго твары!

“Алеся заўсёды была прыгожая, а з нараджэннем дзяцей яшчэ пахарашэла. Доўга без яе не вытрымліваю. На рабоце, бывае, чакаю вольнай хвілінкі, каб пазваніць”.

Хапае ў сямейным жыцці Харэвічаў і радасці, і цяжкасцей, і смеху, і вясёлых прыгод. Мінаюць гады, дзеці растуць, адны клопаты адыходзяць, іншыя з’яўляюцца. Адно застаецца нязменным: прыгожая шчаслівая мама і тата, з якім так надзейна ісці па жыцці.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дом Алесі і Дзмітрыя Харэвічаў, якія жывуць у вёсцы Вішнева, я трапіла ўвечары, калі ўся сям’я была ў зборы. Мама дапамагала старэйшай дачушцы Паліне рашыць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика