«Route P98». Брестчанин в Щербах строит мотохостел!. 21.by

«Route P98». Брестчанин в Щербах строит мотохостел!

14.12.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Траса Р-98 — так званая «аб’язная» вакол Белавежскай пушчы. Час паказаў, што новая дарога дала немалы штуршок у развіцці ўсяго пушчанскага рэгіёна. Яе яркая разметка і ідэальна роўнае шырокае палатно выклікаюць захапленне нават у замежных турыстаў, якія імчацца з ветрыкам ад беларуска-польскай мяжы па маляўнічых прасторах Камянецкага, Пружанскага і Свіслацкага раёнаў. А дзякуючы розным турыстычным аб’ектам, гэты белавежскі маршрут з кожным днём становіцца ўсё больш прывабным для гасцей.
Залессе, Клетнае, Стулы… Па дарозе, недалёка ад Шчарчова, сустракаецца яшчэ адно цікавае месца — вёсачка Шчарбы, вядомая ва ўсёй Беларусі сваім фестывалем падтрымкі і развіцця мотатурызму ў пушчанскім рэгіёне «Village party», які ўжо не першы год запар праходзіць на базе мясцовай сядзібы пад цікавай назвай «Route P98».


— Нашы мерапрыемствы сталі ўжо традыцыйнымі і, сапраўды, збіраюць вялікую публіку, — кажа ўладальнік сядзібы, непасрэдны ініцыятар і арганізатар феста, Вадзім Жэдзік.


Пры яго непасрэдным удзеле арганізавалася нават свая матацыклетная супольнасць «Motorcycles commynity P98», членаў якой аб’ядноўвае не толькі любоў да двухколавага транспарту, але і жаданне развіваць турызм дзеля росквіту жыцця ў забытых Богам мясцінах.



Дарэчы, месца правядзення фестывалю выбрана не выпадкова.
— Шчарбоўская зямля для мяне — родная, кожнае дрэва, кожны дом тут мне знаёмы. Тут жылі мае дзяды і прадзеды, — працягвае распавядаць Вадзім. — Што цікава, даведацца глыбей пра гісторыю сваіх продкаў і росквіт вёскі дапамог выпадак. Дзякуючы публікацыі ў вашай газеце «Раённыя будні» аб праведзеным намі мясцовым свяце, я пазнаёміўся з адным разумным чалавекам, які і дапамог мне скласці ўласны радавод, пачынаючы з XVII стагоддзя. Дарэчы, як аказалася, большасць носьбітаў прозвішчаў Шчэрба і Жэдзік —гэта выхадцы з нашай вёскі.


Такім чынам, палічыўшы сваім абавязкам не даць роднай вёсцы памерці, Вадзім Жэдзік пачаў шчыраваць над сядзібай і адраджаць вясковыя традыцыі. За пяць гадоў ужо зрабіў шмат для прыёму гасцей. З цягам часу ў Шчарбах разгорнецца сапраўдны мотахостал.
Дарэчы, пра гасцей. Матацыклетнае свята вёскі ўжо набыло шырокую папулярнасць далёка за межамі Беларусі.



— Мы прымалі гасцей з Польшчы, Расіі, Украіны, Германіі, Літвы, Кіргізіі і нават Аўстраліі! Падчас свайго кругасветнага падарожжа вёску наведвала нават вядомая аўстралійская мотаблогерша Кінга Танаеўска.


На пытанне, чаму ён вырашыў сваю сядзібу развіваць менавіта ў «матацыклетным» накірунку, Вадзім шчыра адказвае:
— Таму, што з дзяцінства ўлюбёны ў жалезных «коней». Мой бацька і дзед ездзілі на матацыклах. Увогуле матацыклетны турызм сёння развіты ва ўсім свеце. Да ўсяго, на Пружаншчыне нашай поўна славутасцей: старадаўнія храмы, музеі, паркі, сядзібы… Трэба ж неяк развіваць магчымасці аб’язной трасы і ўсе гэтыя «жамчужыны» паказваць! У цэлым, радуе, што апошнім часам у многіх людзей пачала прачынацца цікавасць да малой радзімы. Шмат хто хоча прыехаць у вёсачку і адпачыць. Тут выдатная прырода, натуральныя прадукты, грыбы, ягады…


— Радуе, што і засяленне Шчарбоў не стаіць на месцы. На сённяшні дзень у вёсцы з’явіліся новыя жыхары. Ды і тыя, хто калісьці з’ехаў у горад, балазе, вярнуліся і прывялі свае сядзібы ў парадак. Практычна ва ўсіх — новыя платы, а гэта ўжо паказчык пэўнай культуры і свядомасці, — працягвае свой аповед увішны гаспадар.

Прызнацца, асаблівая атмасфера яго ўласнай сядзібы адчуваецца з парога. Тут практычна ўсё «паднята» з зямлі і пакладзена-пастаўлена на сваё месца: у доме на паліцах, зробленых са старых кроснаў, красуюцца вугальныя прасы, на плоце вісяць чыгункі і збанкі, пад домам і адрынамі стаяць сячкарні, якія ўжо адпрацавалі свой век, побач з імі размясціліся драўляныя колы ад старых вазоў. Вядома, характэрны антураж сядзібе стварае старая савецкая мотатэхніка. Старыя «Іжы» і «Усходы» таксама ўжо сталі часткай гісторыі.



— А некаторыя асобнікі да гэтага часу ў страі. Вось гэты стары валацуга «Урал» можа адвезці вас у самыя зацішныя куткі Белавежскай пушчы. Таму хлопцы і дзяўчаты з усёй Беларусі імкнуцца сюды, як у родны дом, — канстатуе Вадзім.



— А як добра, што мясцовыя жыхары нас падтрымліваюць! — у сваю чаргу, вырашае падтрымаць размову лідар вядомага рок-гурта «Black Dogs» з г.Жабінка Раман Галавенка (на днях яго гурт стаў фіналістам прэстыжнага міжнароднага фестывалю «EMERGENZA», а сёння музыка ўжо прыехаў дапамагаць Вадзіму: бо зрабіць трэба яшчэ шмат чаго!). — Калі прыязджае аўталаўка, мы гутарым са старажыламі, распытваем іх пра жыццё і ўсім гатовыя аказаць дапамогу.


Дарэчы, музычны складнік вясковых мерапрыемстваў хлопцы арганізоўваюць сваімі сіламі. Усё трымаецца толькі на ўзаемадапамозе. У мінулым годзе на Дзень вёскі яны запрашалі вядомы калектыў «Хмелеўскія валацугі», а потым у адказ рокеры падтрымалі іх на свяце «Хмелеўская Сёмуха».


— Насуперак існуючым стэрэатыпам, нашы матацыклісты не дэбашыраць. У Шчарбы прыяз-джаюць дарослыя, свядомыя людзі, якія хочуць пагутарыць на матацыклетную тэму, адпачыць у асяроддзі аднадумцаў, а не сапсаваць свята сабе і людзям, — запэўніваюць Вадзім і Раман. І ім ахвотна верыцца…


…Сёння гаспадар працуе над стварэннем дзіцячай пляцоўкі, паколькі лета плануе правесці ў вёсцы са сваёй сям’ёй — жонкай Юляй, дачкой Алісай і сынам Кірылам. 

— Правесці выхадныя ўдалечыні ад гарадской мітусні ў маляўнічым месцы Белавежскай пушчы, ды яшчэ ў каларытнай вёсачцы — хто ж зможа адмовіцца ад такой магчымасці? — з асаблівым натхненнем кажа мне на развітанне Вадзім Жэдзік. — Для мяне гэта месца — запаветнае. Я цаню сваю вёску і мару ўдыхнуць у яе новае жыццё. Пройдзе час, і я ўпэўнены, што ўсе пустыя дамы ў акрузе неў-забаве заселяцца новымі жыхарамі. Паверце, я ўсіх іх рады буду сустрэць каля свайго вогнішча…
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва В.Жэдзіка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Траса Р-98 — так званая «аб’язная» вакол Белавежскай пушчы. Час паказаў, што новая дарога дала немалы штуршок у развіцці ўсяго пушчанскага рэгіёна. Яе яркая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика