Пачым хвiлiна задавальнення?
Святлана БАРЫСЕНКА
Цытрамон Характэрна, што пры ўпамiнаннi пра наркатычныя рэчывы, да якiх адносiцца i тытунь, заўсёды маецца на ўвазе абсалютнае адмаўленне. А ў выпадку з алкаголем часта заводзiцца размова пра недапушчальнасць толькi злоўжывання, пад якiм невядома што разумець. Гэты, быццам бы не вельмi заўважны на першы погляд момант, моцна блытае карты. Скажам, калi можна крыху выпiваць — ну, у сэнсе, не злоўжываючы, то чаму нельга крышку пакаштаваць наркотык, перакурыць разок-другi?.. Яшчэ горш на свядомасць уздзейнiчаюць прыклады таго, як хтосьцi спрабаваў і кiнуў. Аднак самым разбуральным у жаданнi пасябраваць з дрэннымi звычкамi застаецца псiхалагiчны аспект — самападман. Быццам бы задавальненне, «свята» будзе зараз, адразу пасля таго, як вып`еш, пакурыш, уколеш, а «расплата» — здароўем, дзесяцiгоддзямi жыцця — адбудзецца потым, праз невядома якi час. Аднак падобна да таго, як няведанне закона не вызваляе ад адказнасцi пры яго парушэннi, расплата прыходзiць заўсёды адначасова са святам.Пры курэннi першы ўдар прымаюць на сябе дыхальныя шляхi. Нездарма каля 80 працэнтаў курцоў пакутуюць ад бранхiту. Кампаненты тытунёвага дыму, растварыўшыся ў слiне, трапляюць у страўнiк, раздражняюць яго слiзiстую абалонку. У вынiку працяглага курэння можа развiцца хранiчнае запаленне слiзiстай абалонкi страўнiка — гастрыт, цi ўтварыцца язва. У курцоў, паводле статыстыкi, падобныя праблемы ўзнiкаюць у 12 разоў часцей, чым у тых, хто не курыць. Шматлiкiмi даследаваннямi даказана сувязь памiж курэннем i сардэчна-сасудзiстымi захворваннямi. У медыцыне з’явiлiся нават такiя паняццi, як «тытунёвы склероз», «тытунёвая гiпертанiя», «тытунёвае сэрца». Пра работу сэрца ў пэўнай ступенi можна меркаваць па частаце пульсу. У курцоў частата пульсу ўзрастае. Гэта асаблiва заўважна пасля невялiкай фiзiчнай нагрузкi, напрыклад, пасля прысяданняў. Часты пульс у гэтым выпадку азначае, што сэрца, пампуючы кроў па крывяносных сасудах, працуе з павышанай нагрузкай. Паводле статыстыкi, курцы ў 13 разоў часцей, чым тыя, хто не курыць, хварэюць на стэнакардыю, i ў 12 разоў часцей — на iнфаркт мiякарда. Амерыканскiя вучоныя ўстанавiлi, што курэц ва ўзросце 30 гадоў можа разлiчваць пражыць яшчэ 34,8 года, у той час як яго равеснiк, якi не курыць, мае шанцы пражыць яшчэ 52,7 года. Дзяўчаты павiнны памятаць, што акрамя раннiх маршчын i сiплага голасу яны рызыкуюць набыць больш сур’ёзныя праблемы. Па-першае, жанчыны, якiя кураць, значна абмяжоўваюць сабе выбар кантрацэптыўных сродкаў, паколькi многiя пераральныя прэпараты павялiчваюць у iх рызыку ўзнiкнення тромбаў i сардэчных прыступаў. Па-другое, курэнне аслабляе iмунную сiстэму, а гэта павышае верагоднасць узнiкнення новаўтварэнняў i развiцця iнфекцыйных хвароб. Па-трэцяе, курэнне парушае рэпрадуктыўную функцыю. У жанчын-курцоў у 2—4 разы вышэй рызыка выкiдышу, нараджэння мёртвага дзiцяцi цi дзiцяцi з вельмi нiзкай вагой. Цяжарная жанчына, калi яна курыць, разбурае нервовую сiстэму плода, правакуе «кiслароднае галаданне» i ў сябе, i ў плода, паколькi шкодныя рэчывы знiжаюць узровень гемаглабiну. Ужыванне алкаголю таксама моцна ўздзейнiчае на рэпрадуктыўную функцыю чалавека. У залежнасцi ад тыпу нервовай сiстэмы ўздзеянне аднаразовых доз алкаголю на палавую здольнасць можа быць розным i выклiкаць як тармажэнне палавой цягi, так i яе ўзмацненне. Аднак па меры прывыкання паступова адбудзецца яе аслабленне. Сярод прычын мужской бясплоднасцi хранiчны алкагалiзм займае вядучае месца: на яго долю прыпадае больш за палову бясплодных шлюбаў. На бягучы момант спецыялiсты лiчаць, што няздольнасць да апладнення ў практычна здаровых асоб маладога ўзросту павiнна перш за ўсё выклiкаць падазрэннi ў хранiчным злоўжываннi алкаголем. Гiбель вялiкай колькасцi сперматазоiдаў знiжае здольнасць да апладнення. Увогуле нашы ўрачы-нарколагi сцвярджаюць, што так званых бясшкодных доз алкаголю не iснуе. Уздзеянне на арганiзм бывае, праўда, моцным, слабым i малым. Аднак яно заўсёды ёсць. Прыхiльнасць да алкаголю ў рэшце рэшт адбiваецца на ўсiх органах i сiстэмах арганiзма. Вядома, што ў псiхiчным сэнсе алкаголь выклiкае прыдуркаватасць. Паводле афiцыйных звестак, алкаголезалежныя людзi ў 11 разоў часцей пакутуюць ад iнфаркту мiякарда, у 6 разоў — ад iшэмiчнай хваробы сэрца, у 8 разоў — ад язвы страўнiка. Разбураюцца паступова печань i падстраўнiкавая залоза. Алкаголезалежныя людзi пазбаўляюць сябе прыкладна 20—22 гадоў жыцця. Ужыванне наркотыкаў яшчэ ў больш кароткi тэрмiн, чым алкаголь, разбурае ўнутраныя органы, нервовую сiстэму i галаўны мозг. Хворыя на наркаманiю часта становяцца носьбiтамi вiруснага гепатыту В i ВIЧ-iнфекцыi. Даказана, што палавая цяга жанчын да мужчын аслабляецца ў вынiку нервовых i гарманальных парушэнняў, у тым лiку парушэнняў работы тых аддзелаў мозга, якiя адказваюць за палавую функцыю чалавека. Даследуючы мужчын, якiя курылi марыхуану нават непрацяглы час, вучоныя не знайшлi ў iх семянной вадкасцi выспеўшых сперматазоiдаў, але налiчылi вялiкую колькасць выродлiвых формаў палавых клетак. Пад уздзеяннем наркотыкаў у чалавека зніжаецца ўзровень тэстастэрону, якi адказвае за сэксуальную адчувальнасць нервовых канчаткаў скурных i слiзiстых покрываў. Сэксуальныя рэакцыi, такiм чынам, паступова моцна прытупляюцца або знiкаюць наогул. Дзецi бацькоў-наркаманаў дрэнна развiваюцца, адстаюць у разумовым i фiзiчным плане.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Характэрна, што пры ўпамiнаннi пра наркатычныя рэчывы, да якiх адносiцца i тытунь, заўсёды маецца на ўвазе абсалютнае адмаўленне. А ў выпадку з алкаго |
|