Для людзей i разам з iмiБУДНI СЕЛЬСАВЕЦКIЯ Калi трапляеш у вёску Шарсцiн Веткаўскага раёна, адразу заўважаеш яе адметнасць: шырокая вулiца, па абодва бакi якой растуць грушы. Каля кожнага дома iх па дзве, а то i па тры-чатыры. Усяго ж — больш за пяцьсот дрэў. Стройныя, прыгожыя. Вясной яны ў ружова-белым вэлюме, восенню — у залацiстым.— Дзе яшчэ ў рэспублiцы ёсць такая вёска? — пытае ў мяне старшыня сельсавета Таццяна Iванаўна Тумарава i сама ж адказвае: — Нiдзе. Яна, да таго ж, носiць iмя Сабалеўскага — у гонар Васiля Сцяпанавiча, якi, пэўна, гадоў 30 узначальваў тут калгас. Няма ўжо на свеце гэтага чалавека, а памяць аб iм жыве. Менавiта па яго iнiцыятыве за вёскай быў пасаджаны вялiкi сад, якi i выручаў гаспадарку доўгiя гады. — I па яго ж прапанове з’явiлiся грушы на вулiцах Шарсцiна, — уключаецца ў гутарку старшыня Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Чаванькоў. — Прычым пры цiкавых абставiнах. Саджанцы закупiў калгас, i калi iх раздалi людзям бясплатна, то ў каго-нiкаго дрэўцы пачалi знiкаць: нехта краў iх. Васiлю Сцяпанавiчу параiлi звярнуцца ў мiлiцыю, але ён на гэта не пайшоў. Бо лiчыў, што калi дрэўца некаму патрэбна, дык яно вырасце. Кожную вясну Таццяна Iванаўна арганiзоўвае жыхароў Шарсцiна на суботнiкi. Каб i дрэвы свае дагледзелi, i каля дома парадак навялi, i ў парку, i на могiлках. Гэта асаблiва важна рабiць яшчэ i таму, што вёска знаходзiцца ў радыяцыйнай зоне з забруджанасцю радыенуклiдамi ў 10—15 кюры на квадратны кiламетр, што прымусiла 86 сем’яў пераехаць у iншыя раёны. Астатнiя ж 244 засталiся на месцы. Тое ж цi амаль тое ж самае i ў Навасёлках, Юркавiчах, Ягадным, Лядах i Раманавым Лесе, якiя ўваходзяць у склад Шарсцiнскага сельсавета. I там радыяцыя, i там даводзiлася першапачаткова «падымаць» народ на добраўпарадкаванне тэрыторыi. I суботнiкi тут адыгрывалi не апошнюю ролю. Грамадой зрабiць можна шмат, але былi i такiя, хто гаварыў, што не можа ўдзельнiчаць у iх у той цi iншы дзень. Значыць, прызначалi iншы. Тлумачылi, што правiлы добраўпарадкавання i ўтрымання населеных пунктаў зацверджаны на сесii сельсавета, i ад iх адступаць нiкому не дадзена. Усе тэрыторыi замацаваны i за арганiзацыямi, i за прадпрыемствамi, i за вяскоўцамi. Так што будзем разам наводзiць парадак. Раней як было? Звалкi са смеццем з’яўлялiся то тут, то там. А сельсавет прасiў гаспадарку выдзелiць трактар, каб вывозiць яго. I так — не адзiн раз. Сталi думаць, а як зрабiць лепш, i прыйшлi да высновы, што для навядзення парадку неабходны 2 мiнi-палiгоны пад бытавыя адходы. Сельсавет звярнуўся да раённых камунальшчыкаў з запытам, цi гатова iхняя служба забiраць у нядзелю тыя адходы ў мяшках, скрынях, бачках, iншай тары i адвозiць на палiгоны? Потым да жыхароў: будзем заключаць дагаворы з камунальшчыкамi. I пытанне вырашылася. Але гэта зусiм не азначае, што тут няма хiбаў. Яшчэ не ўсе жыхары ўсвядомiлi, што за сабой павiнны ўбiраць самi. Хто-нiхто спадзяецца на тыя несанкцыянаваныя звалкi. У вынiку ўжо вынесена 97 прадпiсанняў. Да iх не прыслухалiся 30 чалавек, за што i былi аштрафаваныя на 265 тысяч рублёў. — Але гэта менш, чым было летась, — гаворыць Таццяна Iванаўна, — што сведчыць: людзi пачынаюць разумець, што ад iх патрабуецца. Дарэчы, у рабоце нам дапамагаюць такiя грамадскiя фармiраваннi, як камiсii па справах непаўналетнiх, барацьбе з п’янствам i iншыя. Вось паглядзiце на гэту паперу. Васiль С. напiсаў уласнаручна: не будзе больш скандалiць, парушаць грамадскi спакой, а пачне весцi цвярозы лад жыцця. У адваротным выпадку — прыцягвайце да дысцыплiнарнай адказнасцi. Аказваецца, яго жонка летась звярнулася да Таццяны Iванаўны, каб яна паўздзейнiчала на мужа, бо ён вечна п’яны i не дае нармальна жыць. Тумарава выклiкала мужчыну да сябе ў кабiнет: пенсiянер, а што вытвараеце? Мне, малодшай, нават нязручна вучыць вас, i г.д. i да т.п. Той паабяцаў: усё, прабачце, не буду больш дрэнна рабiць. Праз два тыднi ўсё паўтарылася. I Тумарава стрымала сваё слова, выклiкаўшы Васiля на пасяджэнне камiсii. Вось ужо год чалавек паводзiць сябе нармальна. Чым яшчэ «жыве» старшыня сельсавета? Клопатамi аб людзях. Сёлета ў Юркавiчах дрэнна ўрадзiла бульба. Склалi ў сельсавеце спiсы маючых у ёй патрэбу. Звярнулiся да кiраўнiка КСУП «Навасёлкi» Любовi Старавойтавай, i маламаёмныя вяскоўцы атрымалi «другi хлеб» бясплатна. У пенсiянера Iосiфа Мацявушава дах у доме працякаў. Адрамантавалi яго. Некалькi чалавек пажадалi паставiць новую агароджу ў палiсаднiках, а некаторыя выказалiся за тое, каб у мясцовых магазiнах можна было заказаць любы тавар — прапанову агучылi на сесii сельсавета, дзе абмяркоўвалася работа гандлёвых кропак. Што пакуль не ўдаецца вырашыць, дык гэта праблему з вадой, колькасць жалеза ў якой перавышае норму. Гаспадарка за свой кошт паправiць справы тут не можа, а ў бюджэце раёна таксама на гэтыя мэты фiнансавых сродкаў не хапае. Давядзецца чакаць да 2007 года, калi ў Шарсцiне i Навасёлках пачнуць «здаваць» аграгарадкi. Тады i будуць прабураны новыя свiдравiны. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi трапляеш у вёску Шарсцiн Веткаўскага раёна, адразу заўважаеш яе адметнасць: шырокая вулiца, па абодва бакi якой растуць грушы
|
|