Тыя, што нас берагуць
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў
(Працяг. Пачатак у нумарах за 18, 20, 24 —26 студзеня, 1 лютага.) РЫТУАЛЬНАЕ ВЫКАРЫСТАННЕ ВАДЫ НА ПРАЦЯГУ КАЛЯНДАРНАГА ГОДА Абапiраючыся на шматлiкiя фальклорна-этнаграфiчныя крынiцы, архiўныя матэрыялы, уласныя запiсы, зробленыя ў час экспедыцыйных паездак, мы паспрабуем сiстэматызаваць звесткi аб выкарыстаннi святой, цудадзейнай, «жывой» вады ў каляндарным колазвароце нашага жыцця, падаць iх у храналагiчнай паслядоўнасцi са спадзяваннем на тое, што духоўна-аздараўленчы вопыт нашых продкаў хоць у нейкай ступенi дапаможа людзям знайсцi палёгку целу i душы. 25 снежня або 7 студзеня — першы дзень Калядаў, Раство Хрыстова • У першы дзень Каляд яшчэ на досвiтку гаспадар прыносiў у хату свежую ваду. У драўляныя ночвы апускалi дробную сярэбраную манету, налiвалi ваду. Спачатку «пасярэбранай» вадой мыў твар сам гаспадар, а за iм усе дамачадцы. Людзi верылi, што такi рытуал «забяспечыць» чысцiню твару, якi не будзе пакутаваць нi ад марозу, нi ад спякоты. Цiкава i тое, што кожны, хто далучаўся да выканання абраду, спачатку прамаўляў запаветныя словы: «Будзь здароў як вада». 1 або 14 студзеня — Новы або Стары Новы год • Лiчылася, што той, хто ў першы дзень Новага года першым прынясе вады з калодзежа i першым памыецца, той увесь год па жыццi будзе першым. • У час першага навагодняга ўмывання ў ваду трэба пакласцi медныя або залатыя грошы (або ўпрыгажэннi), каб на працягу года быць прыгожым i здаровым, а сярэбраныя грошы або рэчы — каб мець чысты белы твар (у песнях: «бела лiчанька»). 18 студзеня — пярэдадзень Вадохрышча • Трэцяя куцця, якой завяршалася двухтыднёвае святкаванне Калядаў, называлася «вадзяной», «ваданоснай». У некаторых сем’ях у гэты дзень увогуле нiчога не елi, толькi пiлi ваду. Часцей за ўсё гэта былi сем’i пчаляроў, сярод якiх бытавала павер’е: калi ў гэты дзень устрымацца ад ежы, то добра будуць раiцца пчолы. 19 студзеня — Вадохрышча • Самай шануемай, выключнай па сваiм аздараўленчым статусе лiчылася вада, узятая 19 студзеня. Яе абавязкова прыносiлi ў хату, крапiлi ўсе куты, сцены, умывалiся ёю, пiлi, каб быць здаровымi i «ачысцiцца» ад усялякiх грахоў. Яе бралi як мага больш, каб хапiла карыстацца на працягу года ў самых розных сiтуацыях. • У дзень Вадохрышча з хаты нi з якой нагоды не дазвалялася выносiць ваду. Не дазвалялася аддаваць яе чужым людзям. А для хатняй жывёлы ваду рыхтавалi загадзя. • У народзе свята верылi ў тое, што на працягу 12 наступных за Вадохрышчам дзён вада лiчыцца «святой», «чыстай» таму ў ёй не пажадана было паласкаць бялiзну. 20 студзеня — Провады Калядаў, Правадохрышча, Сабор Iаана Прадцечы • У гэты дзень у цэрквах адбываецца малое асвячэнне вады. У гонар Iаана Прадцечы, аднаго з найвялiкшых прарокаў, якi завяршыў гiсторыю Старога запавета i адкрыў эпоху Новага Запавета. У свае трыццаць гадоў ён прыйшоў на бераг Iарданi i хрысцiў грэшнiкаў, а разам з iмi i бязгрэшнага Iсуса Хрыста, тым самым ён палажыў пачатак таiнству хрышчэння, у аснове якога — амавенне чалавека святой вадой. • Яшчэ адна назва гэтага дня — «лянiвы дзень», таму што на працягу дня не працавалi, а перад ядой абавязкова пiлi святую ваду. 15 лютага — Стрэчанне, Грамнiцы • Акрамя грамнiчных свечак у гэты дзень у храмах асвячалi ваду, якая набывала незвычайныя гаючыя здольнасцi, якой лячылi «вогнiк», рожыстае запаленне рук i ног, а таксама апёкi i асаблiва чырвоныя плямы на целе дзяцей, якiя, па народных вераваннях, узнiклi з-за таго, што цяжарная жанчына спужалася пажару i там, дзе яна ад спуду ўхапiлася рукамi, там у дзiцяцi i будуць гэтыя брыдкiя сляды мацярынскага пужання. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў
|
|