Спецадзенне — не дробязь, а норма
Барыс ПРАКОПЧЫК
Выдзяляючы грошы на закупку сродкаў iндывiдуальнай абароны, улады Гродзеншчыны разлiчваюць, што заказы атрымаюць прадпрыемствы рэгiёна.
У Гродне нядаўна адбылася даволi незвычайная выстаўка. Бадай, упершыню ў такiм шырокiм асартыменце можна было ўбачыць спецадзенне i спецабутак, што вырабляюцца на тэрыторыi вобласцi. Аказваецца, ажно 32 суб’екты гаспадарання працуюць у гэтым накiрунку — структурныя падраздзяленнi «Гроднааблбыту» i аблспажыўсаюза, ААТ «Сiлуэт», ТАА «Сябры», Лiдская i Гродзенская абутковыя фабрыкi, кааператыў «Ветэран»... Праўда, у iх не надта многа заказаў ад прадпрыемстваў свайго рэгiёна, у асноўным прадукцыя рэалiзуецца за яго межы. Пакуль. Справа ў тым, што абласныя ўлады вырашылi ў коранi змянiць гэту сiтуацыю. У прыватнасцi, рашэннем аблвыканкама з бюджэту выдзелены 1 мiльярд рублёў на закупку спецыяльнага адзення i абутку для сельгаспрадпрыемстваў. На думку намеснiка старшынi абласнога выканаўчага камiтэта Марыi Бiруковай, лагiчна, што гэтыя сродкi павiнны дапамагчы задзейнiчаць рабочыя месцы менавiта вытворцам Гродзеншчыны. Канешне, пры ўмове высокай якасцi i канкурэнтнай цаны вырабаў, а таксама пашырэння асартыменту прадукцыi, бо ў вобласцi пакуль не вырабляюцца сродкi iндывiдуальнай абароны органаў дыхання, адзенне для работы з пестыцыдамi. Увогуле, як паказвае сумная практыка, асноўныя прычыны няшчасных выпадкаў на вытворчасцi — гэта дрэнная арганiзацыя аховы працы, эксплуатацыя няспраўных i неадпавядаючых патрабаванням бяспекi машын i абсталявання, дарожна-транспартныя здарэннi, парушэннi працоўнай i вытворчай дысцыплiны. Паводле iнфармацыi начальнiка абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Беларусi Мiкалая Ленкi, найбольшая колькасць пацярпеўшых прыходзiцца на арганiзацыi, падпарадкаваныя мясцовым выканаўчым i распарадчым органам. На прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасцi летась загiнулi 13 чалавек, або 72 працэнты ад усiх смяротна траўмiраваных па вобласцi, 37 чалавек (амаль палова ад агульнай колькасцi) атрымалi цяжкiя траўмы. Больш за 18 тысяч чалавека-дзён страчана прадпрыемствамi i арганiзацыямi з-за часовай непрацаздольнасцi сваiх кадраў. Уражваюць i такiя лiчбы: з-за пагрозы жыццю i здароўю людзей у мiнулым годзе дзяржаўныя iнспектары працы прыпынялi эксплуатацыю 2250 станкоў i машын, 21 вытворчага ўчастка, 6 цэхаў. Да адмiнiстрацыйнай адказнасцi прыцягнуты 1215 службовых асоб, аштрафаваны 973 наймальнiкi, а яшчэ 298 — пiсьмова папярэджаны. За тры месяцы гэтага года на вытворчасцi ў рэгiёне загiнулi 7 чалавек. Жыццi двух манцёраў Ваўкавыскай дыстанцыi пуцей спынiлiся ў вынiку наезду манеўровага цеплавоза — паўтарылася ранейшая трагедыя з яшчэ адным работнiкам гэтай арганiзацыi. У ААТ «Гроднажылбуд» загiнуў 22-гадовы мантажнiк. На Гродзенскай агароднiннай фабрыцы быў смяротна траўмiраваны 24-гадовы слесар па рамонту i абслугоўванню растворнага вузла, а ў ДЭУ — 56 г. Навагрудка — 22-гадовы вадзiцель... У мiнулым годзе на Гродзеншчыне было выяўлена ажно 6050 парушэнняў па абучэнню i праверцы ведаў па ахове працы. Па патрабаванню дзяржiнспектараў адхiлены ад работы 1392 чалавекi — гэта людзi, якiх дапусцiлi на рабочыя месцы без адпаведнай прафесiйнай падрыхтоўкi i неабходных ведаў па ахове працы. — Далёка не ўсюды належным чынам вырашаюцца i пытаннi забеспячэння работнiкаў сродкамi iндывiдуальнай абароны, — зазначае Мiкалай Ленка. — Асаблiва ў аграпрамысловым комплексе i ў арганiзацыях малога прадпрымальнiцтва. Летась дзяржiнспектары працы выявiлi там адпаведна 802 i 776 парушэнняў. На мерапрыемствы па ахове працы, куды ўключаюцца i расходы на спецыяльныя адзенне i абутак, у разлiку на аднаго работнiка ў Зэльвенскiм раёне было затрачана 52,4 тысячы рублёў, у Iўеўскiм — 46,9, у Карэлiцкiм — 36,2, у Навагрудскiм — 53,6, у Свiслацкiм — 46,8 тысячы рублёў. З гэтага вынiкае, што ў поўным аб’ёме спецадзенне i абутак, сродкi iндывiдуальнай абароны не выдаюцца. Думаю, з такой практыкай трэба заканчваць. Дзяржаўным iнспектарам дадзены адпаведныя распараджэннi па ўзмацненню кантролю i спыненню гэтых парушэнняў. Дарэчы, згодна з Працоўным кодэксам Беларусi, калi работнiку не прадаставiлi сродкi iндывiдуальнай абароны, то ён мае права адмовiцца ад выканання даручанай работы. Пры гэтым яму павiнна быць прадастаўлена iншая, якая адпавядае яго квалiфiкацыi, або, з яго згоды, работа з аплатай не нiжэй сярэдняга заробку па ранейшай рабоце на тэрмiн да аднаго месяца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выдзяляючы грошы на закупку сродкаў iндывiдуальнай абароны, улады Гродзеншчыны разлiчваюць, што заказы атрымаюць прадпрыемствы рэгiёна
|
|