21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Імем Рэспублікі Беларусь

25.08.2009 21:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

па справе «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi, iншым законам Рэспублiкi Беларусь, мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 «Аб умовах назначэння пенсiй асобным катэгорыям работнiкаў авiяцыi лётна-выпрабавальнага складу» ў частцы пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў грамадзянскай авiяцыi»

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Цiкавенкi А.Г., Фiлiпчык Р.I., Шуклiна В.З.

з удзелам прадстаўнiкоў:

Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Красуцкага А.В., намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii па мiжнародных справах i сувязях з СНД; Корапа Р.Л., члена Пастаяннай камiсii па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi; Шокава У.I., члена Пастаяннай камiсii па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў i iнвалiдаў;

Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь — Моравай А.П., Мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi, iншым законам Рэспублiкi Беларусь, мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 «Аб умовах назначэння пенсiй асобным катэгорыям работнiкаў авiяцыi лётна-выпрабавальнага складу» у частцы пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў грамадзянскай авiяцыi».

У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:

Вышкевiч В.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Козырава Л.Р. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскi А.У. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Краўцоў А.Э. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом Рэспублiкi Беларусь 3 студзеня 2006 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкулаў 5 i 6 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь.

Праверцы падлягала пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 «Аб умовах назначэння пенсiй асобным катэгорыям работнiкаў авiяцыi лётна-выпрабавальнага складу» з далейшымi змяненнямi i дапаўненнямi (ЗП Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 35, арт. 644; 1993 г., № 28, арт. 545; 1994 г., № 10, арт. 165; Збор дэкрэтаў, указаў Прэзiдэнта i пастаноў Урада Рэспублiкi Беларусь, 1996 г., № 36, арт. 984; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 44, 5/874; 2002 г., № 82, 5/10802; 2003 г., № 94, 5/12923; 2004 г., № 52, 5/13984) (далей — пастанова № 758).

Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапанавала Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасцi пастановы № 758 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i законам Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» i «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» у частцы рэгулявання пытання пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў грамадзянскай авiяцыi.

У прапанове ўказана, што для бортправаднiкоў устаноўлены ўмовы назначэння пенсiй за выслугу гадоў, якiя адрознiваюцца ад умоў назначэння пенсiй iншым катэгорыям работнiкаў авiяцыi, у тым лiку работнiкам лётнага i лётна-выпрабавальнага складу. Паветраным кодэксам Рэспублiкi Беларусь 1999 года бортправаднiкi аднесены да членаў экiпажа паветранага судна, якi складаецца з лётнага экiпажа (камандзiра, iншых асоб лётнага складу) i кабiннага экiпажа (борт-аператараў, бортправаднiкоў). Пастановай № 758 парадак i ўмовы назначэння пенсii бортаператарам устаноўлены такiя ж, як i членам лётнага экiпажа, у той жа час у адносiнах да другога члена кабiннага экiпажа — бортправаднiка парадак i умовы назначэння пенсii ўстаноўлены iншыя.

У сувязi з гэтым Палата прадстаўнiкоў мяркуе, што пастанова № 758 са змяненнем, унесеным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 15 жнiўня 2003 г. № 1074 (далей — пастанова № 1074), супярэчыць нормам Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi». Пастанова № 758, па меркаванню Палаты прадстаўнiкоў, стварае няроўныя ўмовы ў пенсiённым забеспячэннi членаў экiпажаў паветраных суднаў, што не адпавядае артыкулу 22 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, якая прадугледжвае роўнасць усiх перад законам.

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенiк К.I., прадстаўнiкоў бакоў, спецыялiстаў, сведку, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, законаў Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» i «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi», iншых нарматыўных прававых актаў, заканадаўства СССР, практыку iх прымянення, ацанiўшы пазiцыi дзяржаўных органаў i вучоных, вывучыўшы iншыя матэрыялы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.

Згодна з артыкулам 47 Канстытуцыi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi, у выпадку хваробы, страты працаздольнасцi, страты кармiцеля i ў iншых выпадках, прадугледжаных законам. У адпаведнасцi з артыкулам 4 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 17 красавiка 1992 г. «Аб пенсiённым забеспячэннi» (далей — Закон «Аб пенсiённым забеспячэннi») па гэтаму Закону назначаюцца працоўныя пенсii: па ўзросту, па iнвалiднасцi, з выпадку страты кармiцеля, за выслугу гадоў, за асаблiвыя заслугi перад рэспублiкай. Артыкулам 46 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi» вызначана, што пенсii за выслугу гадоў устанаўлiваюцца асобным катэгорыям грамадзян (артыкулы 47 — 492), занятым на работах, выкананне якiх вядзе да страты прафесiянальнай працаздольнасцi або прыгоднасцi, да наступлення ўзросту, якi дае права на пенсiю па ўзросту. Да катэгорый грамадзян, занятых на такiх работах, Закон «Аб пенсiённым забеспячэннi» адносiць, у прыватнасцi, асобныя катэгорыi работнiкаў авiяцыi i лётна-выпрабавальнага складу.

Артыкул 47 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi» прадугледжвае чатыры катэгорыi работнiкаў авiяцыi i лётна-выпрабавальнага складу, якiя маюць права на пенсiю за выслугу гадоў: 1) работнiкi лётнага i лётна-выпрабавальнага складу; 2) работнiкi, якiя ажыццяўляюць кiраванне паветраным рухам i маюць пасведчанне дыспетчара; 3) iнжынерна-тэхнiчны склад; 4) бортправаднiкi. Пры гэтым для кожнай з указаных катэгорый устаноўлены розныя падставы, умовы i парадак назначэння пенсii за выслугу гадоў i вылiчэння яе размеру. У прыватнасцi, бортправаднiкi маюць права на такую пенсiю пры наяўнасцi наступных умоў: мужчыны — па дасягненнi 55 гадоў i пры агульным стажы работы не менш 25 гадоў, з iх не менш 15 гадоў бортправаднiком; жанчыны — па дасягненнi 45 гадоў i пры агульным стажы работы не менш 20 гадоў, з iх не менш 10 гадоў бортправаднiцай (пункт «г» артыкула 47).

Абзацам трэцiм пункта «а» артыкула 47 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi» прадугледжана, што пералiк пасад работнiкаў лётнага складу, парадак вылiчэння тэрмiнаў выслугi гадоў для назначэння iм пенсiй, а таксама парадак назначэння i выплаты пенсiй работнiкам лётна-выпрабавальнага складу зацвярджаюцца ў парадку, якi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь; пунктам «в» указанага артыкула ўстаноўлена, што пералiк пасад i работ iнжынерна-тэхнiчнага складу зацвярджаецца ў парадку, якi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Прадпiсаннi ўказаных пунктаў артыкула 47 Закона»Аб пенсiённым забеспячэннi» рэалiзаваны Саветам Мiнiстраў у пастанове № 758, якой зацверджаны: Палажэнне аб парадку назначэння i выплаты пенсiй за выслугу гадоў работнiкам лётна-выпрабавальнага складу; Пералiк пасад работнiкаў лётнага складу, работа на якiх дае права на пенсiю за выслугу гадоў (незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасцi прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый); Парадак вылiчэння тэрмiнаў выслугi гадоў для назначэння пенсiй работнiкам лётнага складу, а таксама Пералiк пасад iнжынерна-тэхнiчнага складу авiяцыi, работа на якiх дае права на пенсiю за выслугу гадоў.

Ацэньваючы адпаведныя палажэннi пастановы № 758, Канстытуцыйны Суд зыходзiць з таго, што Законам «Аб пенсiённым забеспячэннi» Савету Мiнiстраў даручана забяспечыць дадатковае прававое рэгуляванне толькi ў адносiнах да работнiкаў лётнага i лётна-выпрабавальнага складу, а таксама iнжынерна-тэхнiчнага складу (пункты «а», «в» артыкула 47).

Пералiкам пасад работнiкаў лётнага складу, работа на якiх дае права на пенсiю за выслугу гадоў, зацверджаным пастановай № 758, да лётнага складу былi аднесены, у прыватнасцi, члены экiпажаў паветраных суднаў i iншых лятальных апаратаў, а пасля ўнясення ва ўказаную пастанову змянення пастановай № 1074 — члены лётных экiпажаў паветраных суднаў i iншых лятальных апаратаў, бортаператары.

З увядзеннем у дзеянне Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi» (з 1 студзеня 1993 г.) пенсiя за выслугу гадоў работнiкам лётнага складу i бортаператарам назначалася ў адпаведнасцi з гэтым Законам i на ўмовах, устаноўленых пастановай № 758.

У той жа час бортправаднiкам, якiя таксама ўваходзiлi ў склад экiпажа паветранага судна, права на пенсiю за выслугу гадоў, умовы i парадак яе назначэння ўстаноўлены пунктам «г» артыкула 47 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi», якi з’яўляецца нормай прамога дзеяння i не патрабуе дадатковага рэгулявання ўмоў i парадку назначэння пенсii бортправаднiкам, а таксама парадку вылiчэння iм размеру пенсii. Такiм чынам, бортправаднiкi былi выдзелены ў асобную катэгорыю работнiкаў авiяцыi, пенсiённае забеспячэнне якiх урэгулявана непасрэдна ў законе. Паколькi Савет Мiнiстраў не быў надзелены правам вызначаць умовы пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў, то пастанова № 758, якая рэгулюе ўмовы пенсiённага забеспячэння лётнага складу, на бортправаднiкоў не распаўсюджвалася.

Згодна з артыкулам 40 Паветранага кодэкса Рэспублiкi Беларусь 1999 года, распрацаванага з улiкам палажэнняў Канвенцыi аб мiжнароднай грамадзянскай авiяцыi, экiпаж паветранага судна Рэспублiкi Беларусь складаецца з лётнага экiпажа (камандзiра, iншых асоб лётнага складу) i кабiннага экiпажа (бортаператараў i бортправаднiкоў). Такiм чынам, з увядзеннем у дзеянне ўказанага Кодэкса ў бортправаднiкоў узнiклi фармальныя падставы для пастаноўкi пытання аб распаўсюджваннi на iх дзеяння ўмоў пенсiённага забеспячэння, устаноўленых для лётнага складу, тым больш, што ў пастанове № 758 выкарыстоўвалася тое ж паняцце — «экiпаж паветранага судна», да якога ў адпаведнасцi з Паветраным кодэксам аднесены i бортправаднiкi. Да таго ж, па звестках Дзяржаўнага камiтэта па авiяцыi Рэспублiкi Беларусь, у 1992 годзе, да прыняцця Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi», на ўрадавым узроўнi было ўзгоднена, што пытанне аб аднясеннi бортправаднiкоў да лётнага складу можа быць разгледжана пры распрацоўцы Паветранага кодэкса Рэспублiкi Беларусь. Узнiкла яўная калiзiя памiж указаным Кодэксам i пенсiённым заканадаўствам у частцы выкарыстання тэрмiнаў i паняццяў. Артыкулам 141 Паветранага кодэкса Савету Мiнiстраў было дадзена даручэнне да 1 студзеня 2000 г. прывесцi заканадаўчыя акты ў адпаведнасць з гэтым Кодэксам. Аднак указаная калiзiя захоўвалася працяглы час, што таксама выклiкала павелiчэнне колькасцi зваротаў грамадзян — былых бортправаднiкоў аб пераглядзе iх пенсiённага забеспячэння з улiкам палажэнняў Паветранага кодэкса.

Пастановай № 1074 у названы Пералiк было ўнесена ўдакладненне, у адпаведнасцi з якiм замест паняцця «члены экiпажа паветранага судна», у катэгорыю якiх фармальна траплялi i бортправаднiкi, якое выкарыстоўвалася раней, указана паняцце «члены лётных экiпажаў (гэта значыць камандзiр, iншыя асобы лётнага складу). Пры гэтым Пералiк быў дапоўнены такой катэгорыяй работнiкаў, як бортаператары, у адносiнах да якiх з 1959 года саюзным заканадаўствам парадак i ўмовы назначэння пенсii ўстанаўлiвалiся такiя ж, як i ў адносiнах да лётнага складу. Дадзенае змяненне заканадаўства не датычылася ўмоў пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў, паколькi адпаведныя ўмовы назначэння iм пенсiй, вызначаныя прама ў Законе «Аб пенсiённым забеспячэннi», не змянялiся.

Тая акалiчнасць, што ў Пералiк пасад работнiкаў лётнага складу пастановай № 1074 уключаны бортаператары, якiя, як i бортправаднiкi, адносяцца не да лётнага, а да кабiннага экiпажа, што з’явiлася адной з прычын аспрэчвання законасцi пастановы № 758, не можа ўплываць на парадак i ўмовы назначэння пенсiй бортправаднiкам, паколькi ў Законе «Аб пенсiённым забеспячэннi» для iх устаноўлена самастойнае прававое рэгуляванне пенсiённага забеспячэння, якое таксама носiць iльготны характар па ўзросту i спецыяльнаму стажу (пункт «г» артыкула 47 Закона).

Раней дзеючае заканадаўства аб пенсiённым забеспячэннi работнiкаў грамадзянскай авiяцыi, у прыватнасцi пастанова Савета Мiнiстраў СССР ад 20 снежня 1958 г. № 1372 «Аб пенсiях за выслугу гадоў работнiкам лётна-пад’емнага складу грамадзянскай авiяцыi i паветраплавання», адносiла да лётна-пад’ёмнага складу i борт- аператараў, якiя забяспечвалiся пенсiяй за выслугу гадоў разам з лётным складам.

Бортправаднiкi пенсiённым заканадаўствам да лётнага складу не былi аднесены i забяспечвалiся пенсiяй па старасцi за работу з асаблiвымi ўмовамi працы па Спiсу № 1 вытворчасцей, цэхаў, прафесiй i пасад на падземных работах, на работах са шкоднымi ўмовамi працы i ў гарачых цэхах, работа ў якiх дае права на дзяржаўную пенсiю на льготных умовах i ў iльготных размерах, зацверджанаму пастановай Савета Мiнiстраў СССР ад 22 жнiўня 1956 г. № 1173 (далей Спiс — № 1). Пры гэтым вылiчэнне размераў такiх пенсiй ажыццяўлялася па агульных нормах, устаноўленых для пенсii па старасцi.

Законам СССР ад 15 мая 1990 г. «Аб пенсiённым забеспячэннi грамадзян у СССР», а затым Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» ўстаноўлена пенсiённае забеспячэнне бортправаднiкоў, як i работнiкаў лётнага складу, пенсiямi за выслугу гадоў. Аднак для бортправаднiкоў на заканадаўчым узроўнi былi прадугледжаны ўмовы назначэння пенсiй за выслугу гадоў, якiя адрознiваюцца ад умоў назначэння пенсiй iншым катэгорыям работнiкаў авiяцыi, у тым лiку работнiкам лётнага i лётна-выпрабавальнага складу, i раней iснуючага парадку iх пенсiённага забеспячэння па Спiсу № 1. Так, права на пенсiю за выслугу гадоў бортправаднiкам прадастаўляецца: жанчынам — па дасягненнi 45 гадоў i пры агульным стажы работы не менш 20 гадоў, з iх не менш 10 гадоў бортправаднiцай, мужчынам — па дасягненнi 55 гадоў i пры стажы работы не менш 25 гадоў, з iх не менш 15 гадоў бортправаднiком. Пры гэтым агульны стаж работы ў якасцi бортправаднiка вылiчваецца ў каляндарным парадку, а размер пенсii — на агульных падставах, устаноўленых для працоўных пенсiй. У той жа час за бортправаднiкамi, якiя выпрацавалi патрабуемы стаж работы да 1 студзеня 1992 г., захавана права на назначэнне пенсiй па ўзросту па Спiсу № 1 (артыкул 15 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi»).

Закон «Аб пенсiённым забеспячэннi», устанаўлiваючы агульнае палажэнне аб размеры пенсiй, для работнiкаў лётнага i лётна-выпрабавальнага складу робiць выключэнне, паколькi пунктам «а» артыкула 47 гэтага Закона Савету Мiнiстраў даручана вызначыць парадак назначэння i выплаты пенсiй работнiкам лётна-выпрабавальнага складу (артыкул 50). Так, пенсii работнiкам лётнага складу вылiчваюцца па ўстаноўленых нормах у працэнтах да адкарэкцiраванага ў сувязi з ростам сярэдняй заработнай платы рабочых i служачых у рэспублiцы фактычнага заработку, якi вызначаецца ў адпаведнасцi з артыкуламi 57, 58 i 70 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi». Пры гэтым заработак не звыш 130 працэнтаў сярэдняй заработнай платы рабочых i служачых у рэспублiцы, якая прымяняецца для карэкцiроўкi фактычнага заработку пенсiянера (артыкул 70 Закона) улiчваецца поўнасцю, а заработак у межах ад 130 да 400 працэнтаў сярэдняй заработнай платы рабочых i служачых у рэспублiцы, якая прымяняецца для карэкцiроўкi фактычнага заработку пенсiянера, улiчваецца ў размеры 10 працэнтаў. Атрыманая такiм чынам сума лiчыцца заработкам, з якога вылiчваецца пенсiя (пункт 2 пастановы № 758).

Гэта азначае, што пенсiя работнiкам лётнага складу вылiчваецца без прымянення артыкула 56 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi» аб абмежаваннi заработку. За кошт гэтага пенсii работнiкаў лётнага складу па свайму размеру вышэй, чым пенсii па ўзросту i некаторыя iншыя пенсii за выслугу гадоў, у тым лiку i бортправаднiкоў.

Заканадаўства не прадастаўляла раней i не прадастаўляе ў цяперашнi час бортправаднiкам права на вылiчэнне iм пенсii ў парадку, устаноўленым для работнiкаў лётнага i лётна-выпрабавальнага складу. Размер працоўных пенсiй бортправаднiкам, як i iншым катэгорыям работнiкаў, увязаны з працягласцю стажу работы i велiчынёй заработку, прынятага для вылiчэння пенсii, i вылiчваецца ў адпаведнасцi з артыкулам 56 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi».

Такiм чынам, Закон «Аб пенсiённым забеспячэннi» не прадастаўляе Савету Мiнiстраў права ўстанаўлiваць iншыя ў параўнаннi з гэтым Законам парадак i ўмовы пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў, таму пастанова № 758 не была прадназначана для рэгулявання пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў i пры назначэннi iм пенсiй не прымянялася.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што абзацам другiм артыкула 5 Закона «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» Савету Мiнiстраў было даручана ў тэрмiн да 1 снежня 1992 г. распрацаваць i зацвердзiць спiсы i пералiкi вытворчасцей, работ, прафесiй, пасад i паказчыкаў, якiя даюць права на атрыманне пенсiй за работу з асаблiвымi ўмовамi працы i пенсiй за выслугу гадоў, а таксама парадак i ўмовы назначэння пенсiй за выслугу гадоў у адпаведнасцi з артыкуламi 47 i 49 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi». Прыведзенае прадпiсанне, якое адсылае да артыкула 47 Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi», неабходна суадносiць толькi з нарматыўнымi палажэннямi пунктаў «а» i «в» указанага артыкула, якiя ўтрымлiваюць канкрэтныя прадпiсаннi ў адносiнах да правамоцтваў Савета Мiнiстраў. Таму палажэннi абзаца другога артыкула 5 Закона «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» пашыранаму тлумачэнню не падлягаюць. Тым больш, што акцэнт ва ўказаным артыкуле зроблены не на канкрэтызацыю адпаведных даручэнняў Савету Мiнiстраў, а на тэрмiн iх выканання. У сувязi з гэтым Савет Мiнiстраў i не павiнен быў вырашаць пытанне аб парадку i ўмовах назначэння пенсiй бортправаднiкам.

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што выкладзеная ў звароце Палаты прадстаўнiкоў пазiцыя аб неабходнасцi пошуку справядлiвых падыходаў да вырашэння пытанняў пенсiённага забеспячэння работнiкаў авiяцыi, якiя адносяцца да кабiннага экiпажа паветранага судна, заслугоўвае ўвагi, аднак гэта магчыма шляхам удасканальвання пенсiённага заканадаўства. Праведзены Канстытуцыйным Судом аналiз заканадаўства аб пенсiённым забеспячэннi работнiкаў авiяцыi сведчыць аб тым, што ўстанаўленне больш iльготных умоў пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў магчыма толькi шляхам унясення змянення ў Закон «Аб пенсiённым забеспячэннi». Канстытуцыйны Суд мяркуе, што характар працы i адказнасць лётнага экiпажа мае сваю спецыфiку i адрознiваецца ад характару працы i адказнасцi кабiннага экiпажа, прычым гэты факт з’яўляецца дастаткова вiдавочным. Што ж датычыцца супастаўлення ўмоў працы i адказнасцi бортаператараў i бортправаднiкоў, якiя, як адзначана ў iнфармацыi Дзяржкамавiяцыi, пераносяць, як i iншыя члены экiпажа, аднолькавае ўздзеянне знешняга асяроддзя, то дадзенае пытанне ў сiлу яго не настолькi вiдавочнага характару павiнна вырашацца тымi органамi дзяржаўнай улады, да кампетэнцыi якiх адносiцца вызначэнне парадку i ўмоў пенсiённага забеспячэння.

Канстытуцыйны Суд у такой сiтуацыi можа толькi адзначыць, што няма перашкод для аднясення бортправаднiкоў, як i бортаператараў, да катэгорыi работнiкаў авiяцыi лётнага складу, у адносiнах да якiх устаноўлена льготнае вылiчэнне размеру пенсii, аднак вырашэнне гэтых пытанняў знаходзiцца ў кампетэнцыi заканадаўца.

У судовым пасяджэннi Канстытуцыйны Суд не разглядаў пытанне аб канстытуцыйнасцi Закона «Аб пенсiённым забеспячэннi», паколькi прадметам разгляду на гэтай справе з’яўлялася пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 «Аб умовах назначэння пенсiй асобным катэгорыям работнiкаў авiяцыi лётна-выпрабавальнага складу». Згодна з артыкулам 11 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь» Канстытуцыйны Суд надзелены правам выносiць рашэннi толькi ў адносiнах да актаў, якiя заснаваны на правераным акце або аднаўляюць яго асобныя палажэннi, калi яны i не ўпамiналiся ў прапанове, аднак у дадзеным выпадку правяраемы акт сам заснаваны на Законе «Аб пенсiённым забеспячэннi».

На падставе выкладзенага i кiруючыся часткамi першай, чацвёртай i сёмай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 34, 38, 40 i 43 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь», Канстытуцыйны Суд

ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць пастанову Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 снежня 1992 г. № 758 «Аб умовах назначэння пенсiй асобным катэгорыям работнiкаў авiяцыi лётна-выпрабавальнага складу» (з далейшымi змяненнямi i дапаўненнямi) у частцы пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў грамадзянскай авiяцыi, адпавядаючымi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь i законам Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi» i «Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб пенсiённым забеспячэннi».

Адзначыць, што пры неабходнасцi кампетэнтныя дзяржаўныя органы маюць права змянiць падыходы да пенсiённага забеспячэння бортправаднiкоў, адпаведным чынам скарэкцiраваўшы пенсiённае заканадаўства.

2. Звярнуць увагу нарматворчых органаў на тое, што наперакор патрабаванням Канстытуцыi (артыкул 59), Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь» у заканадаўстве ёсць супярэчнасцi, фармулёўкi, вызначэннi, якiя неадназначна разумеюцца, што асаблiва недапушчальна, калi гэта датычыцца правоў, свабод i абавязкаў грамадзян, так як параджае скаргi i заявы грамадзян i не садзейнiчае ўстанаўленню канстытуцыйнага парадку.

3. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у газетах «Звязда» i «Народная газета», а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь i «Веснiку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь».

4. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.

Старшынствуючы —

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь Р.А. ВАСIЛЕВIЧ

29 сакавiка 2006 г., г. Мiнск

№ З-194/2006.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па справе «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi, iншым законам Рэспублiкi Беларусь, мiжнародным дагаворам
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика