21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Шклоўскiя гурочкi

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

На рынках Магiлёўскай вобласцi з’явiлiся першыя шклоўскiя агуркi. Прадаюць iх цяпер у самiм Шклове па 2,5—3 тысячы рублёў за кiлаграм. Прадаўцы сцвярджаюць (i пакупнiкi з iмi згодныя), што шклоўкiя агуркi — самыя смачныя.

Агуркi — сямейная справа

Нiхто не можа сказаць, калi ў Шклове пачалi масава вырошчваць агуркi. «Колькi Шклоў стаiць — столькi тут i агуркi», — смяецца Людмiла, якая прадае агуркi на рынку райцэнтра.

Над знакамiтымi шклоўскiмi агуркамi працуюць дынастыямi. Iх вырошчвалi i бацькi Людмiлы, i бабуля з дзядулем. А цяпер i яна падхапiла iнiцыятыву i з поўным правам звяртаецца да пакупнiкоў: «Бярыце шклоўскiя агуркi — свае, смачныя».

Сакрэтам смачнасцi шклоўскiх агуркоў Людмiла лiчыць працалюбства мясцовых жыхароў. Вырошчванне агуркоў на продаж — нялёгкая праца.

З восенi трэба нарыхтаваць зямлю. Яна бярэцца з уласнага агарода, калi добра ўгноена, або купляецца ў краме. Раскладваецца ў невялiкiя мяшочкi i пакiдаецца на зiму ў падполлi, каб да вясны яна захавалася незамерзлай.

Яшчэ да вясны далёка, а трэба займацца расадай. У мяшочках прарошчваецца насенне — агурковыя семкi. Недзе ў лютым расаду высаджваюць у цяплiцу, якая павiнна няспынна ацяпляцца. «Буржуйкi» топяць брыкетам i дровамi, каб удзень i ўначы трымалася пастаянная тэмпература паветра — не менш за 20 градусаў цяпла. Аднойчы пазяхнуў — i агуркоў няма.

А потым пачынаецца бясконцая праца ў цяплiцы. Увесь час трэба ўгнойваць зямлю, прыладжваць вусы, змагацца з пустазеллем i хваробамi.

— Мы вырошчваем агуркi цяжка, але з любоўю, — гаворыць Людмiла. — I, канешне, клiмат тут у нас спрыяльны для агуркоў. Мы пераймалi наша майстэрства ў старых. Цяпер працуем усёй сям’ёй, ды i ў нас, шклоўскiх, гэта проста звычка.

— Я дапамагаў з маленства сваiм бацькам з агуркамi, — гаворыць чалавек сталага веку Эдуард Уладзiмiравiч. — Раней рабiлi толькi жалезныя дугi над градкамi, якiя ў выпадку халадоў накрывалi. А цяпер — новыя тэхналогii.

— Я памятаю, з чаго ўсё пачыналася, — узгадвае жыхарка Шклова Таццяна. — Я была малая, хацелася бегаць ды гуляць, а мацi прымушала дапамагаць на агурках. Асноўны клопат — замаразкi, тады мы рабiлi для кожнай раслiны накрыўкi з iльняной паклi. А калi адзiн шкловец пабудаваў шалаш, пакрыты плёнкай, i падаў прыклад астатнiм, то людзi жартам яго лаялi, бо працы ў звязку з яго вынаходнiцтвам стала яшчэ больш.

Працуй — i заробiш

Людмiла з бацькам прыйшлi на рынак з мехам агуркоў. У iм — 20—25 кiлаграмаў. Хоць i прыйшлi позна — пакуль з цяплiцы выбралi свежыя, разлiчваюць усё прадаць. Народ актыўна цiкавiцца i набывае. Нiводны шклоўскi прадавец не накладзе вам «агурок у агурок» — каб было дакладна кiлаграм. Кiлаграм плюс агурок — такая актуальная метода заахвочвання пакупнiкоў.

Але не кожны агурковы вытворца сам выходзiць на рынак. Сваю прадукцыю можна прадаць оптам перакупшчыку або здаць у прыёмны пункт. Звычайна са Шклова агуркi возяць на продаж у Магiлёў i Оршу. Раней вазiлi i ў Смаленск, бо беларуска-расiйская мяжа недалёка. Аднак цяпер для праезду на расiйскую тэрыторыю патрэбна аўтастрахоўка, якая каштуе нятанна, i шклоўцы засяродзiлiся на ўнутраным рынку.

Людмiла, як i большасць шклоўскiх агуркаводаў, мае сталую працу. Агуркамi займаецца ў вольны ад яе час, а цяпер, калi пайшоў ураджай, адпрасiлася ў водпуск, каб прадаць вынiк працы сям’i.

«Хто любiць працаваць, той можа на агурках зарабiць!» — сцвярджае жанчына. I ў былыя часы, i цяпер за агурковыя кампанii шклоўскiя людзi набываюць аўтамабiлi i нерухомасць, забяспечваюць дзяцей. Людмiла са свайго прыбытку хоча, як яна кажа, «апрануць» дзяцей i адкласцi грошы на iх вучобу.

Ёсць людзi, для якiх агуркi — справа iх жыцця: яны кiдаюць працу i з ранняй вясны i да позняй восенi займаюцца агуркамi. Прыбытак ладны, i нiхто з агуркаводаў не бядуе.

Нават калi шклоўцы не вырошчваюць агуркi на продаж, кожны тутэйшы, якi мае кавалак зямлi, садзiць для сябе i сям’i невялiкую цяплiцу. I 80-гадовая бабуля для свайго стрыечнага ўнука абавязкова пасадзiць агуркi! Гэта традыцыя Шклоўшчыны, i яна працягваецца.

Шклоўцы любяць агуркi

Росквiт агурковага гандлю прыпадзе на канец чэрвеня — першыя днi лiпеня. Тады будзе на рынках i выбар гатункаў, i кошт прыдатны. Апошнiя свежыя агуркi прыпадаюць недзе на канец верасня.

Шклоўскiя вытворцы цяпер аддаюць перавагу галандскiм гатункам, якiя самаапыляюцца i маюць добрую ўраджайнасць. Папулярныя галандскiя гатункi «Герман» i «Пасалiма». Спецылiсты гавораць, што iх лягчэй даглядаць.

Раней былi iншыя гатункi, аднак i патрабаваннi да агуркоў таксама былi iншыя. Цяпер людзi цэняць дробныя агурочкi, а раней — наадварот, хацелi вялiзных. I прадавалi iх не кiлаграмамi, як зараз, а копамi: адна капа — 60 агуркоў.

Увогуле магiлёўскiм пакупнiкам больш падабаецца расiйскi гатунак «Родничок» — вельмi смачныя агуркi i, можна сказаць, «сцяг» заўзятых шклоўскiх агуркаводаў. Але гэты гатунак апыляюць пчолы, а шклоўцы скардзяцца на iх нястачу, бо, як iм падаецца, клiмат на Шклоўшчыне стаў халаднейшым. «Родничок» з’яўляецца на рынках пазней, напрыканцы лiпеня, але такiх агуркоў мала i каштуюць яны даражэй за iншыя.

Шклоўцы любяць свае агуркi. Хто свежыя, хто кансерваваныя. Эдуард Уладзiмiравiч, якi скардзiцца на нястачу зубоў, ужывае толькi мяккiя маласольныя агуркi: у трохлiтровы слоiк закладаюцца агуркi, прыправы i зёлак пабольш, салёны кiпень — i праз тыдзень можна есцi.

Людмiла аддае перавагу салатам з агуркоў з перчыкам i кропам.

— Вазьмiце свежы агурок, разрэжце папалам, пасыпце зверху соллю, кропам i часнаком, i будзе вам такi смачны «маласольчык», — раiць iншая гандлярка з рынку.

Шклоўскiя агуркi — натуральны прадукт, сцвярджаюць вытворцы. Яны гавораць, што аддаюць перавагу арганiцы i возяць на зямлю машынамi гной, а салетру выкарыстоўваюць вельмi абмежавана, каб не было ў знакамiтых агурках, баранi Божа, анiякiх нiтратаў. Рэпутацыя шклоўскiх агуркоў павiнна быць на вышынi.

Цяплiца шклоўскага агуркавода

Кожны агурок «палiты» потам працаўнiкоў, так любяць гаварыць у Шклове. На 99 працэнтаў гэта жаночая праца. Корпаюцца ў спякотных цяплiцах менавiта жанчыны. Там яны праводзяць свой вольны час i водпуск. «Выходзiш а 11-й гадзiне ўвечары з цяплiцы, i свет не мiлы», — гаворыць Святлана.

Гэта жанчына не мае каранёў агуркавода. Яна прыехала ў Шклоў, шмат гадоў жыве тут, i агульная плыня вырошчвання агуркоў яе захапiла. Святлана была знаёма з гэтай працай тэарэтычна, i хутка ўвасобiла свае веды на практыцы. А грошы, як заўсёды, аказалiся дарэчы.

— Каб агуркi ўрадзiлi, трэба працаваць, — расказвае Святлана, у якой цяплiчны загар, не горшы за турэцкi цi крымскi. — Падымацца ранiцай яшчэ да 5 гадзiн i iсцi ў цяплiцу. Пасля 8 ранiцы там працаваць немагчыма — тэмпература паветра больш за 50 з плюсам. Потым iду на працу i вяртаюся да агуркоў недзе а 8-й гадзiне ўвечары i там, як здолееш. Але я не скарджуся: змена заняткаў — гэта ўжо добра. Трэба разгружаць галаву ад працы, i агуркi — выдатны спосаб гэта рабiць!

Сярэдняя цяплiца не самага заўзятага шклоўскага агуркавода — на тры соткi зямлi. Прыкладна 100—120 раслiн. Гаспадары цеплiц не любяць пускаць на сваю тэрыторыю гасцей. А калi i робяць такую ласку, то просяць хадзiць вельмi асцярожна. Тут жа растуць «жывыя грошы». З адной раслiны атрымлiваюць за сезон прыкладна 15 кiлаграмаў агуркоў, цi 30 тысяч рублёў.

Святлана лiчыць, што шклоў-скiя агуркi такiя смачныя, нават салодкiя, дзякуючы глебе. Паводле яе слоў, на тым месцы, дзе цяпер Шклоў, было старажытнае рэчышча Дняпра, i ў iлавых адкладах захавалiся разнастайныя мiнералы i мiкраэлементы. Вось гэта «таблiца Мендзелеева», упэўнена жанчына, i дае шклоўскiм агуркам iх знакамiты смак!

— Ну якi шкловец будзе рэзаць агурок? — смяецца Святлана. — Iдзеш са шлангам па разоры, схопiш агурок, пратрэш аб сябе — i кусай! I таксама нiхто не есць крывых агуркоў: таму што роўны можна прадаць, а крывы трэба тэрмiнова здымаць, каб не псаваў раслiну. А цяплiца ўвогуле павiнна быць ледзь не стэрыльным месцам: любы кавалак агурка або лiсце, кiнутае на зямлю, можа стаць крынiцай хваробы i загубiць увесь ураджай.

Шклоўскiя агуркаводы захоўваюць сакрэты майстэрства, аднак прапануюць частавацца вынiкам iх працы. I яшчэ ў Шклове спадзяюцца, што вялiкiя прамысловыя вытворчасцi цяплiчнай агароднiны ўсё ж такi не знiшчаць шклоўскiя агуркi i гэты тавар, як i раней, захавае сваю канкурэнтаздольнасць.

Сёлета ў Шклове 1 лiпеня пройдзе традыцыйнае свята горада, i ў Шклоўскiм райвыканкаме плануюць у яго межах правесцi i Свята агурка!

Шклоўскi раён.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На рынках Магiлёўскай вобласцi з’явiлiся першыя шклоўскiя агуркi. Прадаюць iх цяпер у самiм Шклове па 2,5—3 тысячы рублёў за кiлаграм. Прадаўцы сц
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика