Бацька-Нёман павiнен мець свой выток!
Дзмiтрый ВIНАГРАДАЎ
Пiсьмо ў «Звязду» Даўным-даўно, не адну тысячу гадоў таму, з-пад вялiзнага каменя, з-пад якога бiла крынiца, нарадзiўся асiлак, якога назвалi Нёманам.А побач жыла дзяўчына Лоша. Была яна хоць i прыгожая, але гультайка. Цэлымi днямi ляжала ў цяньку i любавалася сабою. Нiкому ад яе не было нiякай карысцi i радасцi. Часта паглядвала яна ў бок Нёмана i дражнiла яго Неманцом. Сэрцу не загадаеш, i закахаўся у Лошу асiлак. Вядома адно — было вяселле, на якiм каго толькi не было: i сiвавусы Дняпро, i гарэзлiвая Бярэзiна, i маўклiвая Прыпяць, i Шчара, i Уздзянка. Усiх не пералiчыш. Пасля вяселля пачалiся буднi. I зноў Нёман не ведаў спакою. Часта клiкаў ён сваю каханую на прастор. Але яна была абыякавая да ягоных спраў, не хацела дзялiць са сваiм суджаным нягоды i радасцi. Такое жыццё было Нёману не па душы. Аднойчы ноччу кiнуўся волат куды вочы глядзяць. Калi Лоша ранiцою прачнулася, Нёмана i след прастыў. Пабегла даганяць, ды толькi бегла ў другi бок. Толькi там, дзе цяпер стаiць Пясочнае, сустрэлася яна з Нёманам. Кiнулася яна да яго ў абдымкi i з тых пор бягуць яны сумесна. Гэта як жа трэба было нашым продкам любiць сваю малую Радзiму, сваю раку, каб з такою замiлаванасцю i непасрэднасцю амаль абагаўляць яе, каб стварыць такое прыгожае паданне i данесцi яго праз вякi да нас, сваiх нашчадкаў. I сапраўды, не кахаць гэту вялiкую раку немагчыма. Шмат пiсьменнiкаў, паэтаў, музыкантаў прызнавалiся ў сваiм каханнi да самай знакамiтай ракi Беларусi. Колькi таленавiтых людзей узрасцiла калянёманская зямля... У кожнага з iх была свая жыццёвая дарога, у якой быў пачатак i быў свой канец. А колькi яшчэ талентаў узрасце. Так i ў кожнай ракi ёсць свой пачатак, гэта значыць выток, i свой канец. Так павiнна быць. Бо з нiчога нiшто не выцякае. Але так бывае не заўсёды. Калi не лiчыць маленькiх ручаёў i рачулак, то, мабыць, Нёман адзiная рака, якая вытоку... не мае. Так, так, не мае вытоку. I павiнны ў гэтым мы, нашчадкi. З-за бязглуздага асушэння балот знiкла чыстая крынiчка, што давала першыя сiлы маленькай ручаiне пад назвай Неманец, якая праз некалькi дзесяткаў кiламетраў цякла даволi шырокай рэчкай пад назвай Нёман. Паводле слоў сведкаў, узарвалi камень, з-пад якога бiла крынiца, а кавалкi яго вывезлi на будаўнiцтва дарогi Мiнск—Слуцк. Ды каб сабраць усе камянi, якімі ўсеяны палi Уздзеншчыны, дык хапiла б выбрукаваць дарогу iмi i да Адэсы. I можна было б той камень не чапаць. А на месцы былых рэчышчаў— сухiя мелiярацыйныя канавы. Цяпер там, адкуль браў свой выток Нёман, невялiчкi, прывезены аднекуль, камень з мемарыяльнай дошкай, а наводдаль стаiць нязграбны стол з не вельмi добра паструганых дошак. Калi даводзiцца бываць на гэтым месцы, то ў галаву прыходзяць думкi аб тым, што Нёман, наш гонар, жыве ў цяжкiм становiшчы. Змялелы, засмечаны, ён дае прыклад жыццяўстойлiвасцi, нягледзячы нi на што. А вось выток Нёмана — гэта наш сорам. Нам было б патрэбна паглядзець на выток Волгi. Гэта вельмi павучальна. Па асфальтаванай дарозе аўтобус за аўтобусам з турыстамi пад’язджаюць да месца вытоку. Над iм стаiць шыкоўная альтанка. Ёсць месцы для аўтастаянак, кiёскi з сувенiрамi i мясцовымi стравамi, турысты фатаграфуюцца... А хто i дзе бачыў на якой-небудзь дарозе шыльду-паказальнiк аб тым, колькi да вытоку Нёмана засталося кiламетраў. Хто-небудзь, прачытаўшы гэтыя радкi, скажа, што не патрэбна варушыць былое. Прапаў для нашчадкаў выток i нiчога цяпер не зробiш. I тыя, хто так думае, памыляюцца. Такая магчымасць iснуе. Гэта можна зрабiць пры не вельмi вялiкiх грашовых сродках. Яшчэ ў цяжкiя 90-я гады былога стагоддзя наконт гэтага ўзнiкала пытанне, але чамусьцi яно заглохла. Навукоўцы лiчаць, што калi цяжка ўжо будзе аднавiць крынiчку, дык трэба яе iмiтаваць. А для гэтага дастаткова пракруцiць свiдравiну на глыбiню 15—20 метраў, каб вада зноў, нiбы крынiца, з’явiлася на паверхнi, дастаткова зрабiць прыёмны басейн невялiкай, да 1 метра, глыбiнi, ад якога патрэбна адвесцi два раўчукi. Яны i будуць iмiтаваць Неманец i Лошу. Нязначныя траты патрэбны будуць для таго, каб зрабiць сцежкi для тых турыстаў, што любяць вандраваць пешшу. А на адну альтанку ў Беларусi грошы знайсцi можна. Дарога, дарэчы, хоць i гравiйная, але ёсць амаль да самага вытоку. Вядома, адарваць ад бюджэту нейкую колькасць грошай вельмi цяжка, асаблiва калi невядома, цi акупяцца ўсе затраты. Да гэтага магу толькi дадаць, што такая магчымасць таксама ёсць. У гэтым месцы, усяго за 50 кiламетраў ад Мiнска, патрэбна стварыць некалькi цудоўных турыстычных маршрутаў. За 5 км ад вытоку калiсьцi праходзiў знакамiты «шлях з варагаў у грэкi», i ў тым жа месцы знаходзiлася сядзiба вядомага пiсьменнiка i выдаўца Фадзея Булгарына, не вельмi далёка вёска Нiзок — радзiма Кандрата Крапiвы i Паўлюка Труса. Крыху далей па-над Нёманам у лесе iснуе ўрочышча Святагор’е, дзе быў адзiн з паганскiх сакральных цэнтраў. А чаго вартая сядзiба вядомага ва ўсiм свеце навукоўца Я. Наркевiча-Ёдкi? Таксама мае сэнс пазнаёмiцца з вёскай Магiльна, дзе ў 1235 годзе адбылася адна з найвялiкшых бiтваў памiж войскамi князя Рынгальда i каалiцыяй паўднёварускiх князёў у хаўрусе з татарамi. У гэтай жа вёсцы iснавала адна з мацнейшых дрэваземляных крэпасцяў. Як бачна, турыстам ёсць што паказаць. Але патрэбна для гэтага зрабiць першыя крокi, адзiн з якiх — ён самы галоўны — аднаўленне вытоку Нёмана. Калiсьцi ў высокiх кабiнетах зрабiлi памылку, даўшы дазвол на знiшчэнне вытоку Нёмана. Але прайшоў час, i ў тых кабiнетах iншыя людзi — смелыя, рашучыя, з iншым светапоглядам, якiм па сiлах вырашаць любыя пытаннi. I справа аднаўлення вытоку для iх не самая цяжкая.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даўным-даўно, не адну тысячу гадоў таму, з-пад вялiзнага каменя, з-пад якога бiла крынiца, нарадзiўся асiлак, якога назвалi Нёманам
|
|