Шаўковыя мроi
Ларыса ЦIМОШЫК
Гэта так прыгожа: тонкi шаўковы шалiк з неверагодным спалучэннем колераў. Як не прымерыць яго на сябе? Ён жа любой сукенцы можа дадаць святочнасцi, любы строй зробiць выхадным. Цi лёгкая хустка, распiсаная адмысловым малюнкам, каб больш нi ў каго такой не было, а толькi пад твой характар, пад твой стыль яна падыходзiла. Павязаў такую — i хадзi, уяўляй сябе творам мастацтва. Ды каб iншыя не маглi вачэй адвесцi. Здаецца, задавальненне з разраду раскошы. Але раскошы, ад якой не адмовiлася б нiякая жанчына, абы толькi былi грошы.
Батык — ручны роспiс па тканiне — адно з самых старажытных мастацтваў. Настолькi старажытнае, што нельга сказаць дакладна, у якой краiне яно з’явiлася раней. Самы старадаўнi ўзор знойдзены ў Егiпце i датуецца V векам нашай эры. Усё-такi радзiмай батыку прынята лiчыць востраў Ява ў Iнданэзii. Дарэчы, там i да нашых дзён вельмi папулярная вопратка з тканiны, якая распiсана ўручную. Але ж батык быў вядомы ў старажытным Шуруме, Перу, Шры-Ланцы, Iнданэзii, Афрыканскiх краiнах, Японii. Гiсторыя звязвае гэтае мастацтва i з Кiтаем — менавiта адтуль пачаўся яго шлях па ўсiм свеце. Памятаеце пра ролю Вялiкага шаўковага шляху? Калi ў Еўропе з’явiлiся ўсходнiя тканiны, то, натуральна, у еўрапейцаў таксама ўзнiкла захапленне iх роспiсам. На пачатку ХХ стагоддзя мастацтва батыку перажыло другое нараджэнне. У Беларусi цiкавасць да батыку з’явiлася напрыканцы мiнулага стагоддзя. Ужо каля трыццацi гадоў нашы мастакi даволi актыўна працуюць у гэтай тэхнiцы. I беларусы ацанiлi прыгожае мастацтва. Тым больш што батык можа выкарыстоўвацца не толькi для стварэння карцiн цi пано, якiя выдатна ўпрыгожаць жыллё — такiя мастацкiя творы надаюць iнтэр’еру вытанчанасць. Але батык выдатна глядзiцца i тады, калi яго носяць на сабе людзi — у выглядзе тонкiх вячэрніх сукенак, кашуль, хустак. Не кажучы пра тое, што батык можа стаць дарагiм i эксклюзiўным падарункам. У тэхнiцы батыку працуюць многiя беларускiя мастакi, ужо некалькi гадоў у Мiнску iснуе мiжнародны «Батык-клуб», членамi якога з’яўляюцца вядомыя майстры i маладыя мастакi. Асаблiва маляваць на тканiне любяць жанчыны-мастачкi, хоць у батык-клубе ёсць i адзiн мужчына. Усё-такi нялёгкая гэта справа: стварэнне карцiн у гэтай тэхнiцы з’яўляецца даволi складаным працэсам. Батык увабраў асаблiвасцi i прыёмы многiх вiдаў мастацтва: акварэлi, пастэлi, графiкi, вiтражу, мазаiкi. Але i ў самой тэхнiцы батыку ёсць некалькi вiдаў: «гарачы», «халодны», «вузялковы». Можна для нанясення малюнка выкарыстоўваць так званы «сухi пэндзаль» — гэтая тэхнiка патрабуе вялiкага майстэрства. З дапамогай «свабоднага роспiсу» мастак можа ажыццявiць свае самыя фантастычныя фантазii, не абмяжоўваючыся тэхнiчнымi рамкамi. I ўсё роўна пралiчыць вынiк на сто працэнтаў немагчыма. Можна прадумаць малюнак, раскласцi яго па колерах, але часам толькi пасля замацавання фарбы можна ўбачыць канчатковы вынiк — каляровая гама можа змянiцца на тон цi два. Таму вырабы ў тэхнiцы батык непаўторныя ў сваiм родзе. Тут вам i эксклюзiў, i ручная работа... Ад майстэрства аўтара яшчэ залежыць i даўжыня жыцця яго твораў. Вядома, што для батыку лепш падыходзяць тканiны з натуральных валокнаў. На штучных тканiнах фарбы дрэнна замацоўваюцца. «Гарачы» батык больш любiць баваўняныя валокны, «халодны» — натуральныя шаўковыя, але гэта не жорсткае правiла. А вось тып фарбавальнiка павiнен быць падабраны якраз па ўсiх правiлах — у адпаведнасцi з тыпам тканiны. Гэта важна для таго, каб клiент, якi набыў, напрыклад, прадмет гардэробу, аднойчы не ўзяў у рукi брудную анучку, у якую ператварылася дарагая прыгожая рэч пасля першага мыцця. Калi тэхналагiчны працэс пры нанясеннi малюнка на тканiну цалкам вытрымлiваецца, то фарба замацоўваецца надзейна. Напрыклад, вырабы ў тэхнiцы папулярнага «халоднага батыку» можна мыць любым мыйным сродкам, нават хлорным адбельвальнiкам. Iх можна мыць у аўтаматычнай машынцы пры тэмпературы 40—60 градусаў, можна прасаваць, насiць на яркiм пякучым сонцы па некалькi гадоў. Магчыма, з-за таго, што ўсё так няпроста, батык каштуе нятанна. Як ацанiць, напрыклад, колькi працы аўтар уклаў у стварэнне мужчынскага гальштука? Даводзiлася бачыць такiя вырабы, да ўсяго яшчэ з вельмi дробным малюнкам. Выкласцi за такi ад 100 да 400 долараў ЗША могуць толькi або знаўцы, або вялiкiя моднiкi. Сёння батык становiцца ўпрыгожваннем элiтных iнтэр’ераў. Вельмi элiтных: метр распiсанай уручную фiранкi ў сярэднiм каштуе да 40 долараў ЗША. Цэны на нейкiя рэчы ўвогуле немагчыма пралiчыць. Напрыклад, цудоўную шырму з батыку ў японскiм стылi мне давялося бачыць аднойчы ў майстэрнi выдатнай мастачкi Таццяны Хвайнiцкай, якая любiць ствараць батык. Як i цудоўны таршэр у яе дома — гэта не для продажу, а толькi для сябе было зроблена. Ацанiць, здаецца, i немагчыма... Канешне, цана ў многiм залежыць ад таго, наколькi вядомае iмя самога аўтара. Мiж iншым, гэта i своеасаблiвая гарантыя якасцi. Прафесiянал зацiкаўлены ў тым, каб яго творы доўга служылi i насiлiся. Менавiта такiя творы i ёсць потым лепшая рэклама iх аўтару. Набыць вырабы з батыку сёння нескладана. Самы просты спосаб — пайсцi ў «Мастацкi салон», дзе практычна заўсёды можна ўбачыць i пано, i нейкiя рэчы з вопраткi. Акрамя таго, час ад часу ў Беларусi праводзяцца выставы майстроў батыку, дзе амаль заўсёды можна сабе нешта выбраць. Напрыклад, у гэтыя днi можна паглядзець творы ў тэхнiцы батык, а таксама паразважаць наконт таго, дзе i як iх можна прымянiць, наведаўшы выставу Галiны Худнiцкай «Суседнiя сусветы», якая адкрылася ў Палацы мастацтваў. Мастачка, якая жыве ў Наваполацку i выкладае маляванне ў дзяцей, прадставiла больш за 40 сваiх работ. Прычым гэта не толькi карцiны i пано, але i творы, якiя могуць стаць вопраткай: хусткi, шалiкi, парэа... Якраз для летняга сезона. Галiна Худнiцкая аддае перавагу свабоднаму роспiсу, калi фарба расцякаецца па тканiне i сама ўтварае малюнак. Розныя эфекты дасягаюцца дзякуючы выкарыстанню тканiны рознай тэкстуры, розных пэндзляў, фарбавальнiкаў. Варыянтаў, як вы разумееце, можа быць мноства. Роспiс па тканiне Галiны Худнiцкай адрознiваецца прыгожымi пераходамi аднаго тона ў другi, якiя часам утвараюць абстрактны малюнак, а часам ствараюць цалкам завершаную карцiну. А калi людзi ўмеюць ацанiць прыгожае i вельмi хочуць мець такое ў сябе дома цi ў сваiм гардэробе, то варта прыходзiць на выставу з грашыма. Некаторыя пано Галiны Худнiцкай можна набыць за 70 тысяч беларускiх рублёў, некаторыя могуць каштаваць i 200, i 300. Кошты на хусткi таксама вагаюцца ў залежнасцi ад малюнка i ад памераў — ад 80 да 200 тысяч. Але пры гэтым падумайце, што вы набываеце незвычайную рэч. Аўтарка бачыць сваю ролю не ў тым, каб проста расфарбаваць прыгожа кавалак тканiны, i не толькi ў тым, каб у карцiнах стварыць пэўны вобраз. Яна гэта робiць з пачуццём пяшчоты, сама захапляючыся гэтай справай. Зрэшты, захапiцца батыкам лёгка. Вучыцца гэтаму мастацтву пачынаюць усё больш людзi розных узростаў i прафесiй. Ёсць такiя курсы, ёсць батык-клуб, дзе могуць атрымаць парады пачаткоўцы. Можна нават знайсцi кнiжачку, своеасаблiвае кiраўнiцтва да дзеяння, дзе падрабязна напiсана, што трэба для таго, каб самому навучыцца ствараць батык: якiя тканiны, якiя фарбы, растворы i пэндзлiкi. Паспрабуйце. Купiце адно, другое, трэцяе... Пасядзiце гадзiнамi над сваiм выпакутаваным творам. А тады падумаеце самi, чаго вартае такое майстэрства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта так прыгожа: тонкi шаўковы шалiк з неверагодным спалучэннем колераў. Як не прымерыць яго на сябе? Ён жа любой сукенцы можа дадаць святочнасцi, лю
|
|